Ідэя Фронту вісела ў паветры

(Напісана па просьбе Сяргея Навумчыка для ягонай кнігі, прысьвечанай падзеям 1988-1995гг., якая неўзабаве выйдзе ў Варшаве)

  Пасьля адкрыцьця Курапатаў вясной 1988 г. былі зробленыя мной першыя археалагічныя раскопкі пахаваньняў. Потым, у пачатку чэрвеня, быў надрукаваны артыкул “Курапаты – дарога сьмерці”. Затым, у ліпені, адбыліся больш шырокія археалагічныя дасьледваньні, якія я праводзіў з групай археолагаў ужо ў кантэксьце ўзбуджанай крымінальнай справы па факту пахаваньняў. Пасьля гэтага ў жніўні пачынаецца праца над стварэньнем мэмарыяльнай арганізацыі “Камітэт – 58”. Разам са мной працавала група асобаў. Гэта найперш Міхась Дубянецкі, Мікола Купава, Алесь Лукашук, Алег Белавусаў і інш.

  У час працы над стварэньнем Камітэту – 58 нарадзілася ідэя ўтварыць Беларускі Народны Фронт па прыкладу прыбалтыйскіх, якія акурат у гэты час там былі створаныя. Ідэя была сьцісла дыскрэтнай (камуністычны рэжым на Беларусі трываў татальны і антыбеларускі). Размова вялася мной толькі зь Міхасём Дубянецкім. Мы не ўяўлялі яшчэ як у той спэцыфічнай, да дна рэакцыйнай і антынацыянальнай сітуацыі, якая існавала на Беларусі, можна было прыступіць да справы, калі КГБ і парткамы кантралявалі кожны ўздых, а ўзровень грамадзтва быў цалкам дэнацыяналізаваны.

  Мы меркавалі, што каб даць штуршок – аб’явіць пра Фронт і пачаць рэалізоўваць ідэю стварэньня – павінна была зьявіцца нейкая аўтарытэтная асоба, якая хоць бы фармальна прылучылася да гэтай справы. Патрэбна было “імя”, настойваў Міхась Дубянецкі. Натуральна, што мы адразу зышліся на асобе Васіля Уладзімеравіча Быкава.

  Размова з Быкавым адбылася неўзабаве ў верасьні. Мы спаткаліся непадалёк ад Дому літаратара ля мураванай брамы-уваходу ў Дзіцячы парк (тады парк імя Горкага, хаця пры чым тут Горкі) і хадзілі па скверыку ля пустых лавачак, размаўляючы. Быкаў вельмі прыхільна паставіўся да нашай ідэі, але лагодна адмаўляўся ад адказнай ролі, спасылаючыся на здароўе, свой характар, узрост, казаў што ён не ўпэўнены, што зможа тут нешта зрабіць. Мы казалі, што рабіць будуць іншыя (мы найперш), але каб зьвярнуць увагу на справу павінен быць на чале яе вядомы чалавек. Дубянецкі быў перакананы ў гэтым і я зь ім пагаджаўся, хоць і адчуваў, што зь “вядомымі” ўБеларусі нічога не атрымаецца. Лепш бы зь “невядомымі” ды энэргічнымі і безагляднымі. Цікава, што Быкаў нібы падтрымаў мае думкі. Ён сказаў, што лепш бы маладзейшых, ды актыўных, навошта тая вядомасьць – справа ж новая. Словам, Быкаў адмовіўся і мы з Дубянецкім, седзячы на лавачцы, перабіралі па пальцах магчымыя кандыдатуры. І аказалася, што справа дрэнь: вядомых шмат ды ўсе “савецкія”.

  -- А што калі Гілевіча? – кажу я,-- патрыёт, за мову змагаецца. Дубянецкі замаўчаў і стаў разглядаць кусты кізільніка, якім тады былі засаджаныя ўсе скверыкі Беларусі. Нарэшце пайшлі да Гілевіча.

  -- Гіблая справа, -- кажа Дубянецкі.

  -- Калі ня згодзіцца? -- пытаю.

  -- Калі згодзіцца,-- адказвае Міхась Хведаравіч.

  -- Галоўнае пачаць, -- кажу я, -- а там пойдзем шырокім фронтам.

Гэтак размаўляючы, зайшлі ў кабінэт да Ніла Гілевіча. Ніл Сымонавіч зацікавіўся і крыху ўсхваляваўся. Пачаў задаваць пытаньні. А як, а што, а ці ведае ЦК (Ух!), а можа трэба пагаварыць з Краўчанкам*(*cакратар Менскага Гаркама КПБ па ідэалёгіі), бо справа добрая і г.д. Цікавая была размова – мізансцэна. Нарэшце Ніл Сымонавіч цьвёрда адмовіўся і мы пайшлі.

  Да самага 19 кастрычніка ніякай гаворкі пра кіраўніка больш не было. Аднак ідэя вісела ў паветры і да мяне прыходзілі шмат хто (і незнаёмыя) асабліва перад устаноўчым сходам “Камітэту – 58” і прапаноўвалі аб’явіць пра стварэньне Фпонту. Я зразумеў, што КГБ цікавіцца намерамі і на ўсе прапановы адказваў адмоўна, прыкідваўся зацыкленым на “камітэце”. У дзень сходу (19 кастрычніка 1988 г.) я склаў сьпіс будучага аргкамітэту Фронту з 23 асобаў і перад самым сходам паведаміў Быкаву і Дубянецкаму, што пры зручным моманце аб’явім пра Аргкамітэт БНФ і паставім на галасаваньне. Сітуацыя правамоцная, дэлегаты з усёй Беларусі, аб’явім, выберам, створым, прагаласуем, а там справа пойдзе, на руках панясем. Весьці сход павінен быў Міхась Дубянецкі.

  Пасьля стварэньня “Камітэту – 58”, які па маёй прапанове назвалі “Мартыралог Беларусі” (праўда, з цяжкасьцю, бо шмат хто не разумеў сэнсу слова “мартыралог”), я прапанаваў утварыць Аргкамітэт БНФ “Адраджэньне” і зачытаў сьпіс асобаў, які тут жа на Сходзе дапаўненьнямі зь месцаў павялічылі да 35 чалавек і прагаласавалі за яго.

  Так быў створаны Аргкамітэт Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”. Больш падрабязна пра Устаноўчы Сход Мартыралогу і пра гэтую падзею я пісаў у артыкуле “Курапаты. 10 гадоў пасьля”. Надрукаваны ў “Беларускіх Ведамасьцях” (скарочаны варыянт у “Нашай Ніве”) за 1998 г.

  Потым аказалася, што як я ні стараўся адразу надзейна вызначыць склад Аргкамітэту (прапановы зь месца на Сходзе таксама былі ўзгодненыя), агентура ўсяроўна пралезла і адразу пачала круціцца каля Быкава. Былі моманты, што ўсё вісела на валаску і Аргкамітэт проста трэсла. Цяпер з гумарам для сябе адзначаю, што нас уратавала тады толькі іхняя дурнота. (Подлыя справы, як правіла, робяць дурныя людзі.) Перад Устаноўчым Зьездам БНФ нам (адраджэнцам) удалося некаторых такіх “перабудоўшчыкаў” вытурыць, некаторых заблякаваць і праца пайшла хуткімі тэмпамі (пад гістэрычны лямант камуністаў). Але наш цягнік ужо набіраў хаду і сьмела імчаў наперад да волі і незалежнасьці Беларусі.

                          Зянон Пазьняк

29 траўня 2006 г.

Варшава

P.S. Адносна таго, што В. Быкаў напісаў ва ўспамінах, што ня ведаў пра стварэньне БНФ. Быкаву і Дубянецкаму я сказаў пра намер аб’явіць аб стварэньні Аргкамітэту БНФ непасрэдна перад пачаткам Устаноўчага Сходу Мартыралогу. Маючы гэта на ўвазе, я пісаў пазьней, што пра ўтварэньне Фронту ведалі дзьве асобы (Быкаў і Дубянецкі). Плянаў маіх яны сапраўды ня ведалі. Я іх паставіў як бы перад фактам у падтрымцы якога зь іхняга боку я не сумняваўся, бо ведаў пазыцыю абодвух. У дадзеным выпадку сцьвярджэньні “ведаў” – “ня ведаў” ёсьць розначытаньнем.

                          З.П.

6 чэрвеня 2006

Раздрукаваць?Раздрукаваць?

24 ліпеня 2008

Падзеі і факты

5-11 мая 2008

САКАВІК – 2008

11-га красавіка, адбылася дрэнная падзея, якая па значэньні для народа роўная публічнаму парваньню Сьцяга зграяй Ціцянкова і зьняцьцю Пагоні з Дому Ўраду. Рэжым дэмантаваў помнік Багдановічу ў Менску пад выглядам пераносу ў іншае месца. ›››

НАРОДНЫ МЭМАРЫЯЛ КУРАПАТЫ

Крок за крокам, дзень за днём, ня гледзячы на цяжкасьці і разбурэньні, сакралізуюцца Курапаты, вырастаюць крыжы побач з соснамі, разьлягаецца хвойная ціша… Там, дзе пра памяць забітых сьведчыць мноства людзей, -- там зьяўляецца і жыве шчыры народны дух. Гэта якраз адбываецца ў Курапатах. ›››

НЕЗАЛЕЖНАСЬЦЬ ЯК ПРАЦЭС АДРАДЖЭНЬНЯ

Пад тэрмінам “незалежнасьць” мы разумеем стварэньне (альбо аднаўленьне) незалежнай дзяржавы. У абодвух выпадках гэта працэс, які вынікае з культурнай, эканамічнай і ўвогуле – з нацыянальнай і жыцьцёвай неабходнасьці. ›››

УЛАДА ЦЕМРЫ

У гэтым лісьце я пазначу некалькі тэмаў, істотных для нашай пазыцыі і палітычнае барацьбы.
Мы бачым, што антыбеларуская палітыка і перасьлед усяго беларускага ўзмацняюцца. Краінай ужо амаль 14 гадоў кіруе чужая агрэсіўная цемра. Мы бачым таксама паэтапны плян вынішчэньня асноваў культурнага існаваньня Беларускай нацыі. Гэты плян выконваецца мэтанакіравана і пасьлядоўна. Парадак, сэнс і зьмест яго выкананьня вышэйшы за інтэлектуальныя магчымасьці чалавека, у руках якога апынулася ўся ўлада ў Беларусі. Тым часам якраз ён зьяўляецца пасьлядоўным і адэкватным яго выканаўцам. Антыбеларуская фобія знайшла адпаведную парадыгму палітыкі, распрацаваную ў лубянскай Маскве. ›››

21-27 студзеня 2008

Ліст аб агульнай беларускай справе

  Цяпер назіраецца ўзмацненьне рэпрэсіяў антыбеларускага рэжыму супраць беларусаў. Але адначасна мацнее і нашае супраціўленьне. Каб вынікова змагацца, мы, усе грамадзяне і патрыёты Беларусі, мусім дакладна ведаць дзьве рэальнасьці: першая – хто наш непрыяцель, чаго ён хоча і што робіць; другая рэальнасьць – чаму мы змагаемся, супраць каго, чаго хочам дасягнуць змаганьнем.

  Выніковасьць нашай беларускай барацьбы будзе залежыць ад разуменьня гэтых рэальнасьцяў. ›››