Прамаскоўскі рэжым (2)

АЛЬБО ЯК АДБЫВАЕЦЦА РАЗБУРЭНЬНЕ БЕЛАРУСІ

(працяг)

НЕПРАДРАШЭНСТВА
Дастаткова нават пабежнага погляду на Расею, каб убачыць, што, ня гледзячы на супярэчнасьці і суперніцтва розных палітычных сілаў, праўрадавых ды апазыцыйных, у Расеі няма і ніколі не было рускіх антыімпэрскіх рухаў і нават асобаў, якія б падтрымлівалі, скажам, незалежнасьць Беларусі.
Менавіта па гэтай прычыне ў час расейска-імпэрскіх расколаў, закалатаў і смуты, нацыянальна-дэмакратычныя арганізацыі народаў не маглі ўступаць у саюз з рускімі апазыцыянэрамі ў змаганьні з расейскім рэжымам.
Расейская апазыцыя (любога кшталту), зыходзячы з сваёй імпэрскай мэнтальнасьці, выпрацавала адпаведна і імпэрскі падыход агульнага змаганьня з афіцыйным расейскім рэжымам. У 1950-х гг., з пачаткам халоднай вайны, гэты падыход называлі ў эміграцыі “непрадрашэнствам”. Сутнасьць яго ў наступным. Расейцы прапаноўвалі аб’яднаць намаганьні ўсіх народаў былой Расеі, каб зваліць бальшавіцкі рэжым у СССР.Гаварылася: галоўнае – разам ськінуць бальшавікоў, а там ужо будзем разьбірацца, каму колькі якой свабоды трэба.

Беларусы, украінцы, грузіны, эстонцы і г.д. згодныя былі змагацца разам з расейцамі, але пры ўмове вызначэньня гарантыяў вяртаньня незалежнасьці іхных краінаў. Гарантыі павінны быць абумоўлены заранёў.
“Не надо предрешать, -- махалі рукамі расейскія дэмакраты -- змагары з бальшавізмам, -- это расстроит единство.” І г.д.

За непрадрашэнцамі пайшлі толькі агентура і недалёкія людзі, якія слаба разьбіраліся ў палітыцы. Народы ўтварылі свай блёк у змаганьні з бальшавіцкай імпэрыяй. Непрадрашэнства ж стала кляймом палітычнай тупасьці і здрады.

Ня трэба нават спэцыяльна разумецца ў палітычных справах, каб уцяміць, што, зваліўшы бальшавізм без папярэдніх гарантыяў і ўмоваў, усе патрапяць у першапачатковы стан дабальшавіцкай расейскай імпэрыі, і кожнаму прышлося б зноў даказваць перад Расеяй сваё права на незалежнасьць (можа і зброяй), прытым трэба ўлічваць, што вагавыя катэгорыі Расеі і краінаў народаў розьняцца. Ды й які гэта змагар пагадзіўся б змагацца за аднаўленьне над сабой расейскай улады, а потым – зь ёю “разьбірацца”.
Тым ня менш, ня зьнікла расейская мэтодыка і не пераводзяцца дурні ў Вялікім Княстве.

У Беларусі паняцьці непрадрашэнства ёсьць цяпер, бадай што, найбольш распаўсюджаныя агентурныя тэзісы, напрыклад: “Мы за белорусский язык, но не надо выпячивать, сначала необходимо возродить экономику.” Альбо такая лапідарная сэнтэнцыя: “Спачатку трэба зрабіць дэмакратычную краіну, а потым ужо заняцца беларускай матчынай мовай” (генэрал В. Фралоў).

Непрадрашэнства сёньня – гэта асноўнае тактычнае разуменьне так званай “вікаўскай апазыцыі”. Прыходзілася чуць нават у Нью-Ёрку аднаго такога дзеяча, які з сур’ёзным выглядам хваліўся, як добра, маўляў, што яны зьядналіся з камуністамі і агэпоўцамі і дружна ідуць на выбары “пяцёркай плюс”. Разам, значыцца, звалім Лукашэнку, а там ужо будзем разьбірацца, хто куды і што каму належыць.
Вось гэта думальнікі! Тады ўжо позна будзе разьбірацца, бо за “думальнікаў” разьбярэцца Масква (разам, дарэчы, з агэпоўцамі і камуністамі).

Аб’яднаньне супраць рэжыму ў Беларусі ня можа быць на аснове непрадрашэнства, бо канфлікт з рэжымам Лукашэнкі – гэта ёсьць канфлікт з Расеяй, дзе пытаньне гарантыяў незалежнасьці ёсьць галоўным. “Непрадрашаючы”, можна толькі зьмяніць адну акупацыйную ўладу на другую акупацыйную ўладу, як правіла, на яшчэ горшую.

ПЕРАД ВЫБАРАМІ
Перад выбарамі абвастрыліся ўсе прыкметы акупацыйнай палітыкі. Зноўку Масква ўзялася за падрыхтоўку прыняцьця так званага “канстытуцыйнага акту”, пры дапамозе якога мяркуюць ліквідаваць нашу дзяржаву і незалежнасьць. Рэжым не цырымоніцца таксама ў чорнай прапагандзе. Масква не сароміцца хлусьні. Цэлыя каманды гэбоўскіх “спэцоў” накіраваныя ў Інтэрнэт, працуюць на Інтэрнэт-старонках і на форумах з 8.оо да 18.оо (з перапынкам на абед). Абмяркоўваюць тэмы, кшталту: “Пазьняк – предатель родины”. Адпрацоўваюць аргумэнтацыю і артыкуляцыю зьняваг.

Тым часам на беларускім тэлебачаньні (9 жніўня) паказваюць архіўныя кадры – мой даўні выступ у парляманце і голас дыктара за кадрам: “Пазьняк нядаўна паслаў сваіх эмісараў на Каўказ да Басаева, каб сабраць тэрарыстаў для зьвяржэньня законнай улады ў Менску”. (Няўжо на Беларусі такое яшчэ хто-небудзь слухае?)

У гэты ж дзень 9 жніўня на радыё “Свабода” выступае іншы штатны суб’ект з Масквы П. Шарамет. Гэты – агучыў старую гэбоўскую міфалягему, якую некалі, у 90-х, даручылі агучваць, відаць, А. Фядуту. Той спачатку папісваў, але потым пераключыўся на іншыя распрацоўкі. А міфалягема такая: “Пазьняк і Лукашэнка – ворагі беларускага народа”, “Пазьняк і Лукашэнка – гэта адно і тое ж”. Канструкцыя накіраваная, здаецца, на абалваньваньне маладых.

Адначасна на гэтую ж тэму і з гэтай ідэяй выступае ў “Народнай Волі” трэці пастаянны “пісацель” Ю. Хадыка. Гэты нават спасылаецца на Фядуту, маўляў, Лукашэнка і Пазьняк “блізьняцы-брацьці”, плюс “нарцыс”. З гэтай нагоды чакаецца яшчэ выступ С. Букчына, які спэцыялізуецца па абзываньні мяне “фюрэрам” (паўтор яшчэ капээсэсаўскіх распрацовак). “Публіцысты” (каманда чатырох) заўсёды пішуць і мовяць супраць мяне разам, “владеют слогом”, цытуюць Пушкіна, Плутарха, Жабацінскага.

Набліжаецца выбарчая кампанія, і зноўку вылазяць дзеці хлусьні.

ІНФАРМАЦЫЙНЫЯ ПУСТЫШКІ
Расейская агентура і ейныя паліттэхнолягі ў Беларусі выкарыстоўваюць цэлы арсенал абдурваньня грамадзтва, пускаюць розныя інфармацыйныя вірусы, ствараюць міфалягемы, прыдумваюць розныя неіснуючыя гісторыі, разыгрываюць спэктаклі.

Стандартна, калі адбываюцца нейкія заплянаваныя рэжымам падзеі, то, каб запабегчы супраціўленьню і зрыву, прыдумваюць “інфармацыйныя пустышкі” ці падзеі “адцягненьня ўвагі”. Клясычнай інфармацыйнай пустышкай было, напрыклад, зьяўленьне Т. Віньнікавай з “зоны маўчаньня”. У друку пачынаюць на ўсе лады лямантаваць, абмяркоўваць, дуспутаваць, задаваць пытаньні і г.д., хоць ніякай рэальнай інфармацыі ў заявах і ў інтэрв’ю Віньнікавай не было, адна пустата. Але гэты псэўдаінфармацыйны ажыятаж адцягваў увагу грамадзтва ад іншай падзеі, якую рэжым хаваў і абрабляў пад мішурой пустазвонства інфармацыйнай пустышкі. Увага грамадзтва ў гэты час пераключалася на пустую інфармацыю.

Першы раз служба, якая вывезла Віньнікаву з-пад арышту за мяжу, выпусьціла яе 8-га сьнежня 1999 года у той дзень, калі Ельцын з Лукашэнкам падпісалі антыканстытуцыйны акт аб стварэньні так званай беларуска-расейскай “дзяржавы” (“саюзу”). Былі пікеты і нешматлікія дэманстрацыі супраціву ў Менску. Але ўвесь гэты антынацыянальны факт, увесь гэты вар’яцкі антыбеларускі ўчынак адышоў тады на трэці плян, патануў у журналісцкім пустазвонстве вакол інфармацыйнай пустышкі Віньнікавай, пасьля чаго Віньнікаву зноў надоўга схавалі. І так зрабілі, здаецца, тры ці чатыры разы, пакуль увесь тавар ня выйшаў у расход.
7-га ліпеня гэтага года нейкі амапавец у Менску ўдарыў кулаком у твар жанчыну Сьвятлану Завадзкую. Выпадак агідны і дзікі. Цэлы месяц ў пэўных колах у Маскве, Менску, Празе і Брусэлі і г.д. не сьціхалі гаворкі, абурэньні, заявы, рэзалюцыі з гэтай прычыны, казалі пра парушэньне парвоў чалавека, зьверскасьць дыктатуры, апэлявалі да Масквы і г.д. Дарэчы, калі ў Расеі забіваюць беларусаў ці спрабуюць забіць у Менску кіраўніка Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ Юры Беленькага (2000 г.), ці кідаюць у засьценкі хворага і гераічнага Ўладзімера Плешчанку, ніхто ў Эўропе не лямантуе. Яны гэтага ня бачаць. А тут такі лямант? Зрэшты, мы ведаем, што такое ў Эўропе падвойны стандарт. Гэта галоўная рыса лібэральнай палітыкі – ілгаць альбо замоўчвацьпра ўсё, што не адпавядае іхным паняцьцям.

Потым, аднак, усё сьціхла. Нікога не судзілі, нават толкам не даведаліся, хто ўдарыў С. Завадзкую. Інфармацыя зышла на нуль. У чым жа справа? А справа выглядае так. У Маскве расейскія спэцслужбы ў асобе сустаршыні Савета па зьнешняй і абарончай палітыцы РФ (СВОП) С. Караганава і былой “дэмакраткі” Э. Памфілавай (кіраўніца Савету пры прэзыдэнце РФ па справах разьвіцьця інстытутаў грамадзянскай супольнасьці) утварылі “расейска-беларускую камісію па абароне правоў чалавека”. Шыльдачку стварылі для Эўропы. Маўляў, глядзеце, мы, маскоўцы, займаемся беларускай праблемай. Раскрутку зрабілі па-гэбоўску проста і, на іхны розум, “эфэктна”. У Менску ўсе былі ў зборы; камэры, журналісты, ішла здымка з выгаднага ракурсу, правільна выбраны кадр; вось падходзіць амапавец проста ў кадр і ні з таго ні з сяго, ня моцна, але адчувальна і гнюсна б’е жанчыну, якая стаяла ў пікеце, у твар.

Тэлебачаньне ўсяго сьвету паказала гэты кадр (а Масква, дык з раніцы да вечара, і назаўтра). С. Завадзкая тут жа (падказалі, хто трэба) зьвяртаецца ў Маскву ў новасьпечаную “камісію” да імпэрыяліста Караганава і былой дэмакраткі Памфілавай. Тыя – у цэнтры ўвагі, даюць інтэрв’ю, “рашаюць” праблему на віду перад Захадам, надзьмуваюць шчокі, робяць заявы “о русских в белорусских тюрьмах” (пра рускіх крымінальнікаў, значыць) і г.д. І ўсё – дзеля рэклямы фальшывай палітыкі, дзе караганавы “мнят себя стратегами”. Брыдка было на ўсё гэта глядзець.

Беларусам трэба разумець, што нават калі маскоўцы пачнуць адзін з аднаго жыўцом скуру зьдзіраць, то Захад усяроўна будзе прасіць Маскву, каб яна, маўляў, паўплывала на рэжым Лукашэнкі наконт “дэфіцыту дэмакратыі” ў Беларусі. Якая ўжо там дэмакратыя ў Расеі, якая за некалькі гадоў рускага тэрору на Каўказе забіла 50 тысячаў чачэнскіх дзяцей, мы ведаем.

Гэтым летам сабраліся кіраўнікі Польшчы, Латвіі, Украіны і Летувы абмеркаваць, як дапамагчы незалежнасьці Беларусі. Усе ж зацікаўленыя мець суседам самастойную і дэмакратычную Беларусь, а не вялікага агрэсара пад дзьвярыма. (Дарэчы, зборкі і нарады кіраўнікоў нашых краінаў-суседзяў робяцца ўжо звыклымі).
Першага верасьня тут жа перад журналістамі выступае такі Малазадэ (спэцдакладчык, “спэцыяліст” па Беларусі), які агучвае ў Радзе Эўропы чужыя думкі, не разумеючы, відаць, іх сэнсу, і заяўляе: “У Радзе Эўропы ёсьць спэцыяльны зварот да Расеі – выкарыстаць уплыў на Беларусь для таго, каб паспрабаваць памяняць сітуацыю з правамі чалавека”.

Назаўтра перад расейскімі думцамі “Единой России” выступае прадстаўнік палаты абшчынаў зь Вялікабрытаніі Робэрт Уолтэр і кажа: “Расея можа дапамагчы Эўропе ў “наладжваньні сітуацыі ў Беларусі”. Зьдзіўленыя расейцы пытаюць, ці не абмовіўся ён? “Не, -- кажа Уолтэр, -- Беларусь ваш бліжэйшы сусед і сябра. Гэтак, як у Расеі, яе не разумеюць ні ў Францыі, ні ў Нарвэгіі. Таму дэмакратычныя пераўтварэньні ў Беларусі мы маглі б падзяліць паміж аб’яднанай Эўропай і Расеяй. Гэта нашыя агульныя эўрапейскія праблемы.” (Известия Ру. www.izvestia.ru/politc/article2595917)

Ведаем мы ўжо такіх “дзялільшчыкаў” ў нашай беларускай гісторыі. Але цікавае іншае: калі надта трэба, то яны й Расею назывуць Эўропай. Гучыць гэты сьпіч ангельца, як у дрэннай драматургіі. Адчуваеце фальш? У чым жа справа?

Уся іхняя лухта з “правамі чалавека”, якімі мусіць нібыта займацца Расея (толькі Расеі гэтым і займацца), гаворыцца зусім дзеля іншага. (І гэта ўжо адзначылі нават заходнія аналітыкі.) Эўропа Заходняя баіцца аб’яднаньня і сэпарацыі Эўропы Ўсходняй у Эўразьвязе, і найперш – узаемадзеяньня паміж Польшчай, Беларусяй, Украінай, Летувой і Латвіяй (былая Рэч Паспалітая ці наша ідэя Балтыйска-Чарнаморскай супольнасьці). Таму, дарэчы, Эўразьвяз і ня хоча прымаць Украіны. Лепш Турцыю (там, трэба разумець, Эўропы болей).

Такім чынам, хоць бы там Пуцін наладзіў яшчэ дзесяць Бесланаў з расстрэламі, уолтары ўсяроўна паедуць у Маскву цягнуць Расею ў “вырашэньне” беларускіх праблемаў, каб “падзяліць”, як кажа Ўолтэр, інтарэсы і ня даць скансалідавацца Ўсходняй Эўропе. Вось чаму Эўракамісія, памятаючы таксама пра расейскія нафту і газ, стаіць насьмерць, каб не дапусьціць да ўдзелу ў тэндары на радыёвяшчаньне для Беларусі ўсходне-эўрапейскія краіны, якія маюць усе тэхнічныя ўмовы для беларускага вяшчаньня (асабліва Польшча і Летува) і толькі патрабуюць рашэньня. І вось чаму Эўразьвяз так упарта хоча заштурхнуць расейскую мову ў беларускі эфір, каб дагадзіць Маскве.

ТЭРАКТЫ
Акрамя “пустышак”, расейскія службы ўжываюць бесчалавечыя сродкі адцягненьня інфармацыйнай увагі – тэракты. На тэрактах пуцінскіх “байцоў нябачнага фронту” злавілі ня раз, напрыклад, узрывы дамоў разам зь людзьмі ў Маскве і Валгадонску і потым -- спроба ўзрыву ў Казані (каб распаліць вайну ў Чачэніі), забойства Зелімхана Яндарбіева (калі гэбоўскіх тэрарыстаў злавілі і судзілі) і іншыя выпадкі. Расейскі КГБ з прыходам Пуціна аднавіў міжнародную тэрарыстычную дзейнасьць. Калі ўлічваць статыстыку фактаў тэрарызму, то лёгка вылучыць тыя, якія супадалі з пэўнымі палітычнымі падзеямі і адцягвалі ўвагу на сябе, спрыялі такім чынам разьвіцьцю зададзеных палітычных працэсаў дакладна гэтак жа, як і “пустышкі”. Розьніца толькі ў маштабах. Цана такой палітыкі – кроў. Аналіз наводзіць на думку аб каардынацыі тэрору з палітычнымі падзеямі ў Расеі і Беларусі.

Аб кіраваньні сусьветным тэрарызмам з Расеі пераканаўча (з дакумантамі ў руках) даводзяць былыя функцыянеры расейскай разьведкі, што пасяліліся на Захадзе, а таксама рускія аналітыкі і дэсідэнты (А. Літвіненка, У. Букоўскі і інш.)

Вялікія тэракты папярэднічалі і істотна паўплывалі на сітуацыю з выбарамі ў Беларусі ў 2001 і ў 2004 гадах. Выбары 2006 года па значымасьці для пуцінскага і лукашысцкага рэжымаў пераўзыходзяць нават 2001 і 2004 гады. Змрочная статыстыка наводзіць на невясёлыя меркаваньні і трывожны прагноз. Але такая рэчаіснасьць.

Ці ведаюць на Захадзе пра тэрарыстычную ролю Расеі? На мой погляд -- так. Каму трэба – ведаюць. Але кіруюцца, відаць, лёгікай “палітычнай мэтазгоднасьці”. І адпаведна – маўчаць.

АДЗІНСТВА НАЦЫІ

Дэмакратычная нацыя – жывы грамадзкі арганізм, дзе спосаб існаваньня вызначаецца большасьцю, з роўнымі гарантыямі для ўсіх. Дэмакратычны парадак тым ня менш нярэдка парушаецца (найгорш калі дыктатура ці аўтарытарызм) і бальшыня (ці частка) трапляе ў бяспраўнае становішча ці траціць гарантыі сваіх правоў. Але бывае стан, калі, ня гледзячы на супярэчнасьці, нацыя мусіць мець усеагульнае адзінства для захаваньня сябе, сваіх інтарэсаў і сваіх каштоўнасьцяў. Чым большая шкала гэтага адзінства і чым большая мабілізацыя, тым больш духоўна і пасіянарна мацнейшае ёсьць нацыянальнае грамадзтва і лепшая здольнасьць яго да выжываньня ў неспрыяльных абставінах. Якія б ні былі разьбежнасьці ідэалягічнага і палітычнага кшталту, здаровае нацыянальнае грамадзтва заўсёды здольнае дасягнуць адзінства ў адпаведных абставінах.

На зьнішчэньне гэтай здольнасьці найбольш і накіраваная разбуральная дзейнасьць зьнешняй разьведкі Расеі ў Беларусі. У цяперашніх выступах некаторых палітрусіфікатараў з лукашэнкаўскай “палаткі” (В. Абрамава) мяне зьдзівіла іхняя азлобленая памяць пра непрыкметны эпізод у палітыцы БНФ – стварэньне Антыкрызіснага Камітэту. Пра гэты факт ужо мала хто памятае, але пэўным асобам ён памятаецца і ненавісны.

Антыкрызісны Камітэт быў створаны па ініцыятыве Беларускага Народнага Фронту і беларускіх патрыятычных арганізацыяў у 1992 годзе і ўяўляў сабой дамову паміж усімі апазыцыйнымі сіламі Беларусі, урадам і Вярхоўным Саветам аб адзінстве супольных дзеяньняў беларускай улады і апазыцыі на выпадак рэальнай пагрозы суверэнітэту і незалежнасьці Рэспублікі Беларусь і неабходнасьці яе абароны.

Ня гледзячы на яўнае нежаданьне кантактаваць з Апазыцыяй БНФ, урад Кебіча ўсё ж пайшоў на гэтае пагадненьне. Паседжаньне і заключэньне пагадненьня адбылося ў малой залі Дома літаратара. Антыкрызісны Камітэт не засьведчыў нейкай рэальнай дзейнасьці, але сам факт такога паразуменьня паказваў на існаваньне здаровага грунту нацыі, якая здольная да кансалідацыі.

Гэта аказваецца моцна занепакоіла русіфікатараў і рускую разьведку. Пагроза незалежнасьці Беларусі была толькі з боку Расеі, і расейцы ўбачылі, што беларусы здольныя сьведама арганізавацца супраць іхняй агрэсіі, што мэтад “падзяляй і ўладар” тут ужо можа не спрацаваць.

Тым часам акупацыйны рэжым Лукашэнкі, які стварылі цяпер на Беларусі крамлёўска-лубянскія нішчыцелі, выключае кансалідацыю ўлады і нацыянальнай апазыцыі пры любой пагрозе, нават, калі б Расея (ці НАТО) пагражалі вайной. Прычына ў тым жа – рэжым антыбеларускі, і для ягонай улады не існуюць кансалідуючыя нацыянальныя каштоўнасьці, ён іх топча гэтак жа, як нацыянальныя інтарэсы і нацыянальны аўтарытэт. Акупацыйны рэжым і нацыянальна-дэмакратычная апазыцыя ёсьць антыподы, ворагі, тут няма крытычных пунктаў яднаньня. Нават ягоная так званая “дэмапазыцыя”, створаная пры ўдзеле агентуры, як аказалася, ня мае зь ім бясспрэчных кропак нацыянальнай кансалідацыі. Гэта, дарэчы, праілюстравала дыскусія аб русіфікатарскім вяшчаньні на Беларусь “Нямецкай хвалі”. Агентура адкрыта выказала незадавальненьне сваёй “дэмапазыцыяй” за тое, што яна ў большасьці падтрымала беларускую мову ў эфіры.

Для ажыцьцяўленьня сваіх задумаў па расколу беларускай нацыі Масква знайшла актыўны тыпаж з псіхапатычнай мэнтальнасьцю; для яго ўсюды ворагі, ён любіць толькі крытыкаваць, пагражаць, “разносіць”, выказваць недавер, падазраваць і вечна змагацца з падкопамі, змовамі, варожымі намерамі і г.д. Але галоўны ягоны вораг – беларуская мова, беларуская культура і беларуская нацыя. Уплываць на такую асобу – псіхалягічная вывучка, а ў КГБ хапае ўсялякіх “вывучак”. Лукашэнка разламаў беларускае грамадзтва так, што ў дачыненьні да ягонай асобы і да ягонай “палітыкі” яно ня склеіцца ні пры якіх абставінах. Гэта нават ня Кастро, не Хусэйн і нават ня Кім Чэн Ір, гэта чужак для беларускай культуры, якога дэнацыяналізаваныя і ачмураныя яшчэ савецкай ідэалёгіяй людзі памылкова ўспрынялі за свайго.

АДРАДЖЭНЬНЕ І СТАТУС-КВО
Ідэалёгіяй беларускага Нацыянальна-Вызвольнага Руху, як і ў бальшыні паняволеных народаў Эўропы, было і ёсьць Адраджэньне.

Гэта значыць, што энтузіясты нацыянальнай свабоды, змагаючыся за незалежнасьць і стварэньне (аднаўленьне) нацыянальнай дзяржавы, ставяць задачу аднавіць разбуранае, адбудаваць зьнішчанае, адрадзіць нацыянальную культуру і ўсё страчанае ў выніку ўціску і акупацыі. І далей на грунце культурнага адраджэньня нацыі, абапіраючыся на народную гісторыю, яны імкнуцца адбудаваць нацыянальную дзяржаву, дачыненьні і разьвіцьцё. Гэта натуральны працэс існаваньня ўсяго жывога.
Ворагі нацыянальнай свабоды, акупацыйна-імпэрскія рэжымы і г.д. супрацьпастаўляюць адраджэньню нацыі грамадзкае “статус-кво”, гэта значыць, тое разбуранае, дэфармаванае становішча, якое яны стварылі ў выніку акупацыйнай палітыкі. Яны называюць яго па-рознаму: “грамадзтва”, “стабільнасьць”, “рэальнасьць”, “народ”, “здаровы сэнс” і таму падобнымі эўфэмізмамі.

Напрыклад, на Беларусі за ХХ-е стагоддзе расейцы (разам зь немцамі) забілі шэсьць мільёнаў беларусаў (палову нацыі, калі лічыць на пачатак ХХ-га стагоддзя). Расейскія акупанты-камуністы зьнішчылі беларускую школу, забаранілі беларускую мову і друк, сфальсіфікавалі гісторыю, расстралялі беларускіх пісьменьнікаў, разбурылі сьвятыні, задушылі сялянства і выхавалі цэлае племя манкуртаў ды рэнегатаў. Вынікі гэтага разбурэньня нішчыцелі спрабуюць выдаць за норму, за нармальнасьць, гэта, па іх лёгіцы, статус-кво, рэальнае становішча. Яны хочуць замацаваць стабільнасьць разбуральных вынікаў, ня трэба, маўляў, нічога зьмяняць, нічога адраджаць, аднаўляць, бо гэта, маўляў фашызм, нацыяналізм. Пры гэтым яны выступаюць нібыта ў інтарэсах зьнявечанага імі народа. “Ня трэба беларускай мовы”, -- крычаць нішчыцелі адраджэнцам, -- усе гавораць па-руску, усе разумеюць”. Душыцелі шукаюць падтрымкі ў сваіх ахвяраў. “Давайце зыходзіць з рэальнасьці, -- дэмагагічна вяшчаюць разбуральнікі нацыі, -- будзем рэалістамі”, --нэрвуюцца сёньняшнія і ўчарашнія акупанты.

Аднак справядлівасьць і права, сусьветная практыка і закон разьвіцьця – на баку адраджэнцаў. Жывое павінна адрадзіцца, і калі жывы дух, то нават зьнішчанае паўстане зь мёртвых, забітае ўваскрэсьне.
Тым часам каб рэалізаваць культурна-нацыянальнае адраджэньне нацыі, неабходна зьдзейсьніць дзьве ўмовы: ажыцьцявіць нацыянальную асьвету народу і ўсталяваць нацыянальную ўладу. На Беларусі шмат разоў была вынішчаная нацыянальная эліта і, як вынік, ня быў ажыцьцёўлены да канца прынцып нацыянальнай асьветы ў межах аднаго пакаленьня. Адсюлі і праблемы беларускай ўлады. І нішчыцелі, у адрозьненьне ад многіх беларусаў, гэта добра разумеюць.

ВКЛ
Канцэпцыя Беларускага Нацыянальнага Адраджэньня грунтуецца на народнай гісторыі. Без каранёў нічога доўга не існуе. У беларусаў, бадай як мала ў каго іншага, ёсьць магутны гістарычны грунт – іхняя вялікая дзяржава, якую яны страцілі ў канцы ХVIII-га стагоддзя ў выніку міжнароднай змовы і наступнай затым расейскай акупацыі. Гэта – Вялікае Княства Літоўскае. На Вялікае Княства і абапіраецца БеларускаеАдраджэньне.

Галоўны накірунак рускай акупацыйнай палітыкі (царскай і камуністычнай) заключаўся ў ліквідацыі беларускай мовы, беларускай культуры і зьнішчэньні ўсялякіх атрыбутаў, ведаў і напамінкаў пра Вялікае Княства. Руская імпэрская палітыка, руская палітычная гісторыя і дзяржаўная навука стагоддзі працавалі над заціраньнем, перакручваньнем і фальсіфікацыяй памяці пра Вялікае Княства Літоўскае. Пры камуністах афіцыйная “навука” дайшла да поўнага абсурду ў фальсіфікацыі і зьнішчэньні памяці пра ВКЛ (“канцэпцыі Л. Абэцэдарскага і інш.).

Аднавіць справядлівасьць да канца не ўдалося ні ў 1991 годзе, ні ў 1994-м. Пры прыняцьці пасьлясавецкай Канстытуцыі найбольш працяглая і жорсткая барацьба вялася за прэамбулу Канстытуцыі, дзе якраз павінна было быць адлюстравана Вялікае Княства, яго дзяржаўнасьць і законы як грунт Рэспублікі Беларусь, якая ёсьць працягам ВКЛ.

Нішчыцелі цудоўна разумеюць, што аднаўленьне народнай памяці пра Вялікае Княства будзе азначаць адраджэньне гістарычнай сьведамасьці беларусаў і аднаўленьне нацыянальнай дзяржаўнасьці ВКЛ. Імпэрская палітнавука цераз сістэму забаронаў, абавязковай службы ў войску, выхаваньне і адукацыю пастаралася прывязаць гістарычную сьведамасьць беларусаў да гісторыі Расеі. Пры думках аб гісторыі ў галаве сярэдняга савецкага беларуса ўзьнікаюць вобразы рускіх цароў ды палкаводцаў, “кутузавых” ды “цароўгрозных”. Сам жа гэтакі беларус нібы вісіць у паветры.

З паветра ніякая сьведамасьць не ўзьнікае, а значыць нічога ня будзе адраджацца, аднаўляцца, стварацца і разьвівацца. Задача беларускай інтэлігенцыі, адукацыі, асьветы і нацыянальнай літаратуры – вярнуць гістарычную сьведамасьць народа ў родны дом – у Вялікае Княства Літоўскае.
Наступны абавязковы этап – палітычны: вярнуць афіцыйную назву дзяржавы. Калі гэтага не зрабіць – значыць будаваць незалежнасьць на пяску, запраграмаваць шчарбатае, трэснутае грамадзтва з кволай самаідэнтэфікацыяй, поўнае супярэчнасьцяў на роўным месцы, і абсурдных спрэчак па недыскусійных пытаньнях.

Гэта ўжо відаць цяпер (і было раней) у распаўсюджваньні маргінальных зьяваў: адны хочуць называцца “Літвой”, іншыя – “ліцьвінамі”, трэція – увесьці лацінку, чацьвёртыя супраць назвы “Беларусь”, пятыя – увогуле “крывічы” і г.д. Усё гэта – лякальнае адлюстраваньне незавершанасьці новага дзяржаўнага будаўніцтва, вынік нявырашанасьці таго, чаго не ўдалося вырашыць і зацьвердзіць у Канстытуцыі 1994 года. Канстытуцыя павінна засьведчыць гісторыю нацыі і дзяржавы ў наімнальных (назыўных) тэрмінах. Сама назва дзяржавы павінна адлюстроўваць гэты важнейшы гістарычны аспэкт суверэнітэту і самастойнага існаваньня. Так прынята. Гэта істотна.

Афіцыйная назва Англіі (ці Вялікабрытаніі) гучыць так: Злучанае Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірляндыі. Амэрыка афіцыйна называецца Злучаныя Штаты Амэрыкі. Ёсьць яшчэ Вялікае Герцагства Люксэмбург, Каралеўства Нарвэгія, Каралеўства Бэльгія, Каралеўствы Швэцыя, Данія, Ісламская Рэспубліка Іран, Чачэнская Рэспубліка Ічкерыя і г.д. (мы ўжо не нагадваем пра СССР, БССР і інш.)
Шмат дзе (і там дзе гэта неабходна) афіцыйны назоў дзяржавы адлюстроўвае яе гістарычную, сацыяльную, альбо структурную сутнасьць. Становішча зь беларускай дзяржаўнасьцю і нацыяй па волі лёсу склалася такое, што вымагаецца адлюстраваньне гістарычнасьці ня толькі ў прэамбуле Канстытуцыі (чаго не было зроблена), але і ў назве краіны. Наша дзяржава на сёньняшні дзень – гэта ёсьць, фактычна, Вялікае Княства Літоўскае Беларусь (кароткая назва – Беларусь). Гэта сутнасьць, якая павінна б была стаць афіцыйнай назвай.

Тады застаецца Беларусь і беларусы, але зьнікаюць усе “пустыя” (інакш не назавеш) і надуманыя палітычныя ды гістарычна-этнічныя пытаньні, скончыцца блуканьне ў трох соснах хіжага розуму і ўсё становіцца на месца.
Адразу скажу, што гэта настолькі сур’ёзна для Беларускай дзяржавы, што ніякі лямант, ніякае хіхіканьне нішчыцеляў (наконт Вялікага князя і т.п.) не павінна б было зьбіваць з тропу. Назва Беларускай дзяржавы мусіла б быць удакладнена на карысьць нацыі.

Для непасрэднага вырашэньня пытаньня з поўнай гістарычнай назвай дзяржавы нехапае фармальных прыкметаў статусу ВКЛ (хоць у прынцыпе справа не страчаная). Але дзеля гэтага патрэбны іншы ўзровень разуменьня і сьведамасьці нацыянальнага грамадзтва, чым той, які ёсьць цяпер.Тым ня менш да разумнай і адэкватнай прэамбулы ў Канстытуцыі краіны наша грамадзтва ўжо на шляху. Якраз пасьля ліквідацыі прамаскоўскага рэжыму і пры вяртаньні Канстытуцыі 1994 года гэтыя гістарычныя ўдакладненьні ў прэамбулу трэба ўнесьці.

Гістарызм дзяржаўнасьці і гістарызм назвы – гэта пытаньне, якое стаіць цяпер (пасьля сканчэньня савецкага парадку ў сьвеце) ня толькі ў нас. Балгары нават вярнулі ў палітыку балгарскага цара. Праўда, зрабілі памылку – аддалі ў яго рукі рэальную ўладу. Функцыя ангельскай каралевы, тым часам, -- сьведчаньне гістарызму Вялікабрытаніі. І гэта шмат значыць. Так што нічога няма немагчымага для разумнага нацыянальнага грамадзтва, якое рэальна ўсьведамляе свой агульны нацыянальны інтэрас.

ДАЧЫНЕНЬНІ
Ёсьць адносіны і палажэньні, пра якія гаворыцца даўжэйшы час і якія павінны мы ўсьведамляць, усе беларусы. Але не зьнікае неабходнасьць паўтарацца ізноў.

Незалежная дзяржава Беларусь вярнулася ў эўрапейскі кантэкст, сталася суб’ектам міжнароднай палітыкі. Правілы кантэксту існуюць незалежна ад нас, і таму, ня гледзячы на тое, ведаем мы пра іх, ці не, разумеем, ці не, нарэшце, хочам, ці ня хочам, мы мусім па гэтых правілах існаваць.

Галоўнае правіла, якое павінна быць выканана ва ўнутранай палітыцы – мусіць быць рэабілітавана і ўдзяржаўлена мова нацыі – беларуская мова. Без вырашэньня гэтай задачы нічога іншага ня будзе вырашана ў Беларускай дзяржаве, будзе страчаны нават суверэнітэт.

Генэральнае правіла, якое трэба беларусам ўсьвядоміць у зьнешняй палітыцы – гэта тое, што пакуль існуе Расея ў якасьці імпэрыі, Беларусь ніколі ня будзе спакойнай за сваю незалежнасьць, эканоміку і вольны вобраз жыцьця.

Дзеяньні тут могуць быць розныя: нічога не рабіць, наладжваць мірнае суіснаваньне на грунце саступак, уступіць у Эўразьвяз, стварыць Балта-Чарнаморскую Супольнасьць (БЧС), нарошчваць уласную сілу і г.д. Але лёгіка застаецца адна: каб не было небясьпекі, трэба ліквідаваць прычыну небясьпекі. Беларуская зьнешняя палітыка заўсёды мусіць мець на ўвазе гэты стратэгічны аспэкт нацыянальнага выжываньня. Прытым трэба ўлічыць, што імпэрыя не рэфармуецца, імпэрыя развальваецца. Адсутнасьць (ці страта) геапалітычнай звышзадачы прыводзіць у гэтых умовах да страты пэрспэктывы. ВКЛ Беларусь павінна будзе займацца геапалітыкай у інтарэсах уласнага нацыянальнага існаваньня. Інакш геапалітыка зоймецца Беларусяй, што і было перад гэтым на працягу двухсот гадоў.

Трэцяе генэральнае правіла: Беларусь мусіць абавязкова ліквідаваць аднабаковую энэргетычную залежнасьць ад паставак рэсурсаў з Расеі. Спосабы вырашэньня гэтай праблемы вядомыя.
Пасьляялцінская сітуацыя складваецца так, што разьвіцьцё падзеяў увесь час будзе падводзіць да кансалідацыі Ўсходняй Эўропы. Ужо цяпер, калі дамінуе яшчэ ідэя Эўразьвязу, трэба хутчэй усьвядоміць, што ідэя БЧС – гэта добрая ідэя, якая дапаможа стварыць раўнавагу сілаў у Эўропе і гарантаваць бясьпеку незалежнасьці нацыянальных дзяржаваў.

Да БЧС падштурхне таксама зьяўленьне паўночнага газаправоду паміж Расеяй і Нямеччынай па дне Балтыйскага мора (гзаправод плянуюць, безумоўна, і з палітычным разьлікам). Бо зразумела, якія магчымасьці маніпуляцыяў і ціску на Беларусь ды Польшчу ўзьнікнуць пасьля яго будаўніцтва. Стварэньне альтэрнатыўнай энэргетычнай лініі Поўнач-Поўдзень павінна стаць першачарговай задачай першага нацыянальнага ўраду Беларусі, які паўстане пасьля ліквідацыі акупацыйнага рэжыму.

15 верасьня 2005 г., Нью-Ёрк
Зянон ПАЗЬНЯК

хххххххххххххххххххххххххххххххххххххххххххххххххххххххххххххххххххххх

З Ь М Е С Т
Прамаскоўскі рэжым.
Альбо як адбываецца разбурэньне Беларусі ……………….1

Ня так даўно ………………………………………………………….1
Захоп улады …………………………………………………………..3
Акупацыйная палітыка ……………………………………………..4
Абніжэньне адукацыйнага ўзроўню грамадзтва …………….5
Разбурэньне фундамэнтальнай навукі………………………….6
Параліч нацыянальнай бібліятэкі ………………………………..6
Стварэньне падстаўной апазыцыі ……………………………….7
Ізаляцыя ………………………………………………………………..9
Замена насельніцтва …………………………………………………9
Захад – Беларусь – Расея …………………………………………10
Непрадрашэнства …………………………………………………….11
Перад выбарамі ……………………………………………………….12
Інфармацыйныя пустышкі ………………………………………….12
Тэракты …………………………………………………………………14
Адзінства нацыі ……………………………………………………….15
Адраджэньне і статус-кво ………………………………………….16
ВКЛ ……………………………………………………………………….17
Дачыненьні ……………………………………………………………..18

____________________________
Зянон Станіслававіч Пазьняк

Палітычна-асьветніцкае выданьне

Умоўных друк. арк. – 1,9
Аддрукавана:кастрычнік2005 г.

БЕЛАРУСКАЕ ВЫДАВЕЦКАЕ ТАВАРЫСТВА Ў АМЭРЫЦЫ.НЬЮ-ЁРК

Xxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxx

ІНФАРМАЦЫЯ.
Брашура “ПРАМАСКОЎСКІ РЭЖЫМ АЛЬБО ЯК АДБЫВАЕЦЦА РАЗБУРЭНЬНЕ БЕЛАРУСІ” выдадзеная ў кастрычніку 2005 года ў Нью Ёрку невялікім накладам. Асобныя разьдзелы гэтай працы былі зьмешчаныя ў Сеціве на старонцы “Беларуская Салідарнасьць” і на афіцыйнай старонцы Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – Беларускі Народны Фронт.
Аўтар

7 лістапада 2005

Раздрукаваць?Раздрукаваць?

24 ліпеня 2008

Падзеі і факты

5-11 мая 2008

САКАВІК – 2008

11-га красавіка, адбылася дрэнная падзея, якая па значэньні для народа роўная публічнаму парваньню Сьцяга зграяй Ціцянкова і зьняцьцю Пагоні з Дому Ўраду. Рэжым дэмантаваў помнік Багдановічу ў Менску пад выглядам пераносу ў іншае месца. ›››

НАРОДНЫ МЭМАРЫЯЛ КУРАПАТЫ

Крок за крокам, дзень за днём, ня гледзячы на цяжкасьці і разбурэньні, сакралізуюцца Курапаты, вырастаюць крыжы побач з соснамі, разьлягаецца хвойная ціша… Там, дзе пра памяць забітых сьведчыць мноства людзей, -- там зьяўляецца і жыве шчыры народны дух. Гэта якраз адбываецца ў Курапатах. ›››

НЕЗАЛЕЖНАСЬЦЬ ЯК ПРАЦЭС АДРАДЖЭНЬНЯ

Пад тэрмінам “незалежнасьць” мы разумеем стварэньне (альбо аднаўленьне) незалежнай дзяржавы. У абодвух выпадках гэта працэс, які вынікае з культурнай, эканамічнай і ўвогуле – з нацыянальнай і жыцьцёвай неабходнасьці. ›››

УЛАДА ЦЕМРЫ

У гэтым лісьце я пазначу некалькі тэмаў, істотных для нашай пазыцыі і палітычнае барацьбы.
Мы бачым, што антыбеларуская палітыка і перасьлед усяго беларускага ўзмацняюцца. Краінай ужо амаль 14 гадоў кіруе чужая агрэсіўная цемра. Мы бачым таксама паэтапны плян вынішчэньня асноваў культурнага існаваньня Беларускай нацыі. Гэты плян выконваецца мэтанакіравана і пасьлядоўна. Парадак, сэнс і зьмест яго выкананьня вышэйшы за інтэлектуальныя магчымасьці чалавека, у руках якога апынулася ўся ўлада ў Беларусі. Тым часам якраз ён зьяўляецца пасьлядоўным і адэкватным яго выканаўцам. Антыбеларуская фобія знайшла адпаведную парадыгму палітыкі, распрацаваную ў лубянскай Маскве. ›››

21-27 студзеня 2008

Ліст аб агульнай беларускай справе

  Цяпер назіраецца ўзмацненьне рэпрэсіяў антыбеларускага рэжыму супраць беларусаў. Але адначасна мацнее і нашае супраціўленьне. Каб вынікова змагацца, мы, усе грамадзяне і патрыёты Беларусі, мусім дакладна ведаць дзьве рэальнасьці: першая – хто наш непрыяцель, чаго ён хоча і што робіць; другая рэальнасьць – чаму мы змагаемся, супраць каго, чаго хочам дасягнуць змаганьнем.

  Выніковасьць нашай беларускай барацьбы будзе залежыць ад разуменьня гэтых рэальнасьцяў. ›››