Біяграфія Зянона Пазьняка

Зянон Станіслававіч Пазьняк

Старшыня Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ. Вядзе актыўную палітычную дзейнасьць, скіраваную на дасягненьне незалежнасьці Беларусі ад неакаляніяльнага ўціску з боку расейскай імпэрыі. Пасьлядоўны прыхільнік ідэі беларускага нацыянальнага Адраджэньня, сфармуляванай ў пачатку ХХ стагоддзя дзеячамі беларускага нацыянальна-вызвольнага руху. Вядзе актыўную дзейнасьць па ўкараненьні ідэі нацыянальнага Адраджэньня ў сучасным беларускім грамадзтве і па стварэньні моцнай вольнай дэмакратычнай Беларускай дзяржавы. Прытрымліваецца маральных прынцыпаў у палітыцы. Стаіць на пазыцыях прыярытэту хрысьціянскіх каштоўнасьцяў, прыярытэту свабоды нацыі, свабоды сумленьня, павазе правоў асобы і індывідуальнага выбару веры. У эканоміцы прытрымліваецца рынкавай мадэлі са свабодай самаарганізацыі суб’ектаў гаспадараньня, угрунтаванай на прыярытэце прыватнай уласнасьці.

Нарадзіўся 24 красавіка 1944 года ў мястэчку Суботнікі Іўейскага раёна Гарадзенскай вобласьці. Тут жа скончыў сярэднюю школу. У 1967 годзе скончыў Беларускую Мастацкую Акадэмію (тады – Беларускі Дзяржаўны Тэатральна-мастацкі Інстытут), мастацтвазнаўчае аддзяленьне. У 1972 годзе скончыў асьпірантуру пры Інстытуце Этнаграфіі, Мастацтвазнаўства і Фальклёру Акадэміі Навук Беларусі. У 1981 годзе абараніў дысертацыю ў Ленінградзе па гісторыі беларускага тэатру.

Займаўся мастацтвазнаўствам. Пасьля чарговых палітычна-адміністрацыйных рэпрэсіяў (1974 г.) і пазбаўленьня працы ў інстытуце Мастацтвазнаўства займаўся археалёгіяй (з 1976 г.). Працаваў старшым навуковым супрацоўнікам у адзеле археалёгіі Інстытута гісторыі Акадэміі Навук. Вывучаў пэрыяд позьняга сярэднявечча ў Беларусі. (Раскопкі Менска, Лоска і іншых беларускіх гарадоў і мястэчак.) Шмат зрабіў для захаваньня гістарычнай спадчыны і помнікаў архітэктуры старога Менску. Адстаяў ад разбурэньня гістарычныя кварталы Менску: Траецкае прадмесьце, Верхні горад, Ракаўскае прадмесьце.

У 1988 годзе адкрыў для беларускай і сусьветнай грамадзкасьці і археалягічна дасьледваў масавыя пахаваньні людзей у Курапатах, расстраляных ворганамі НКВД. Зянон Пазьняк – адзін з актыўных заснавальнікаў і Старшыня Мартыралёгу Беларусі (1988 г.) і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” (1988 г.).

З траўня 1990 года па студзень 1996 г – дэпутат Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня, кіраўнік дэпутатцкай Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце. Найбольш важныя справы, зьдзейсьненыя пад яго кіраўніцтвам у гэты час: адкрыцьцё праўды беларусам пра маштабы Чарнобыльскай катастрофы (1989-1990 гг.), вяртаньне незалежнасьці Беларусі (1991 г.), нацыянальнага Бел-Чырвона-Белага Сьцягу, гэрбу Пагоня і суверэнітэту краіны, распрацоўка сацыяльна-эканамічнага заканадаўства, якое стварыла аснову незалежнасьці краіны, вярнула беларусаў з “гарачых кропак” савецкай імпэрыі на радзіму.

У 1992 годзе пад кіраўніцтвам Зянона Пазьняка апазыцыяй БНФ у Вярхоўным Савеце створана Канцэпцыя эканамічнага разьвіцьця дэмакратычнай незалежнай Беларусі (апублікавана у “Народнай газэце” 16.04.1992 г.).

У сакавіку 1996 года, унікаючы арышту і фізічнага зьнішчэньня за палітычныя погляды і публічныя выступленьні супраць незаконных дзеяньняў рэжыму Лукашэнкі, пакінуў Беларусь разам з Сяргеем Навумчыкам. Праз месяц нечакана для ўладаў вярнуўся ў Менск на Чарнобыльскі Шлях і дзякуючы дапамозе беларускіх патрыётаў пазьбег арышту пасьля акружэньня і штурму АМАПам сядзібы БНФ. Быў на Ўкраіне, потым у Чэхіі, Польшы, Вялікабрытаніі, затым быў запрошаны ў ЗША на шэраг палітычных сустрэчаў. Там атрымаў пацьверджаньне пра распрацоўку ў палітычных колах рэжыму на Беларусі пляна фізічнага зьнішчэньня. У сувязі з пагрозай жыцьцю ўрад ЗША прадставіў Зянону Пазьняку палітычны прытулак.

Зянон Пазьняк усе гады на эміграцыі інтэнсіўна займаецца выключна палітыкай, прадстаўляе, абараняе і рухае вызвольную справу беларускага Адраджэньня. Сустракаецца з палітыкамі, грамадзкасьцю, журналістамі розных краінаў, бароніць правы беларусаў і незалежную Беларусь. Акрамя таго,з 1996 году на грамадзкіх пачатках ён рэдагуе і выдае ў Варшаве сумесна з жэнкай Галінай Пазьняк бюлетэнь “Беларускія Ведамасьці”.

Зянон Пазьняк захаваў беларускае грамадзянства і пастаянна працуе ў беларускай палітыцы. Зьяўляецца Старшынём партыі і руху БНФ. Непасрэдна праводзіць паседжаньні кіруючых структураў БНФ і Партыі БНФ. Ён напісаў сотні навуковых, палітычных і культуралягічных артыкулаў, выдаў каля дзесятка кніг і брашур. Ужо ў гэтым стагоддзі выйшлі ў сьвет чатыры кнігі: кніга фота-вершаў “Глёрыя Патрыя”(2000 г.), складнік палітычна-асьветніцкіх артыкулаў “Новае Стагоддзе” (2002 г.) і культурна-асьветніцкае выданьне “Гутаркі з Антонам Шукелойцем”(2004 г), паэма ў трох частках “Вялікае Княства"(2005 г.).

Сям’я З.Пазьняка, жонка Галіна, і дачка Надзея з-за пагрозы палітычнага перасьледу выехалі за мяжу, жывуць у Варшаве.Маці Ганна Яўхімаўна – пэнсіянерка, жыве ў Менску. Бацька Станіслаў быў мабілізаваны ў Чырвоную армію летам 1944 года і загінуў на фронце (на тэрыторыі Польшы) ў сьнежні 1944 года.

Раздрукаваць?Раздрукаваць?

10 сакавіка 2010

Падзеі і факты

9-15 сакавіка 2009

      ЦЯЖКІ ЧАС

  Клясычнае нацыянальнае адраджэньне, дзе б яно ні было, зьвяртаецца да гісторыі, змагаецца за сцьвярджэньне нацыянальнай мовы, культуры і дзяржаўнай незалежнасьці. Гэтак сама разьвіваўся і беларускі нацыянальна-вызвольны рух. Але ёсьць выключная гістарычная асаблівасьць беларускага змаганьня, якую я назваў бы “беларускай (дакладней, літоўскай) трагедыяй”. Пачалася яна з таго, што ў XVIII ст. супраць вялікай літоўскай цывілізацыі (ВКЛ) і Польшчы аб’ядналася заходняя Эўропа (немцы) і ўсходняя тыранія (Масква). Наша вялікая дзяржава перастала існаваць. Аднак мэта маскоўскага забору была ня проста павелічэньне тэрыторыі, а вынішчэньне нас як народа, разбурэньне культуры, ліквідацыя літоўскай адукацыі, рэлігіі, вытворчасьці, землеўладаньня і сацыяльных вярхоў грамадзтва; наступны этап – русіфікацыя астатняга насельніцтва. Па іхняй задуме, нішто не павінна было нагадваць пра Вялікае Княства, і ніколі ўжо не павінна была паўстаць Літва. ›››

26-31 студзеня 2009

ВЫХАД З КРЫЗІСУ

  Фінансава-эканамічны крызіс абняў палову сьвету, асабліва захапіў Эўропу і Амэрыку.

  У розных краінах ён адбываецца па-рознаму. Усюды церпяць бізнэс, вытворчасьць, гандаль і банкі. Але, трэба сказаць, простага чалавека ў Заходнім сьвеце крызіс закрануў найменш даткліва. Тым часам у нас, на Беларусі, ён стукнуў найбольш па простых людзях, па ўсім народзе. Чаму так адбылося, што робіцца і што рабіць у гэтым становішчы? ›››

5-11 студзеня 2009

ЛУКАШЭНКА ПАВІНЕН ЗЫЙСЬЦІ!

(Ліст сябрам Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ. 9 студзеня 2009 г.)


  Гэты мой кароткі ліст будзе ацэначным, бо спадзяюся, што апошнія падзеі на Беларусі і ў сьвеце Вам добра вядомыя і пазнавальныя, не вымагаюць доўгага аналізу, бо зьяўляюцца працягам таго, што існавала і было вядома раней. Наша пазыцыя тут вызначана. Падкрэсьлю, аднак, істотныя нашыя ацэнкі па трох тэмах, якія клапоцяць грамадзтва, -- гэта фінансава-эканамічны крызіс, дэвальвацыя і нішчэньне прадпрыймальніцтва. ›››

1-7 снежня 2008

Сьветлая, вольная Беларусь
хай стане нашым сьцягам!


  Споўнілася 20 гадоў Народнаму Фронту – арганізацыі, дакладней, руху, які адчыніў новую старонку ў гісторыі Беларусі. Самае галоўнае: была дасягнута рэальная незалежнасьць Беларусі, закладзены структурныя і праўныя асновы незалежнай беларускай дзяржавы, падрыхтаваны палітычны і ідэалягічны крах каляніяльнай камуністычнай сістэмы і сьветапогляду. Была адчыненая магчымасьць (да 1994 г.) культурна-нацыянальнага адраджэньня і разьвіцьця Беларускага народа. ›››

3-9 лістапада 2008

ДЗЯДЫ, ДЗЯДЫ,
БУДЗЬЦЕ З НАМІ!


(Выступ на Дзядах ў Курапатах)

  Дарагія землякі, дарагія фронтаўцы. Сёньня Сьвятыя Дзяды, і мы, як заўсёды, як вось ужо 20 гадоў, зноў тут, у Курапатах, разам з Дзядамі. Мы зноў, як і кожны год, прынесьлі сюды на плячах крыжы на безыменныя, брацкія магілы народа. Гэтак стварыўся і ствараецца далей Народны Мэмарыял Курапаты.

  Курапаты абверглі камуністычную хлусьню, быццам бы сталінскі тэрор і рэпрэсіі датычыліся ў асноўным толькі кампартыі і яе кіраўнікоў. Адкрыцьцём Курапатаў засьведчана, што быў плянавы генацыд Беларускага народа. Тут адкрытая ўлікі масавага забойства – прастрэленыя рэшткі людзей. Нас вынішчалі мэтадычна і па графіку. На Беларусі была створана цэлая сістэма масавых расстрэлаў, якая працавала, як машына. За часы савецкай акупацыі (улічваючы 20-я гады) камуністы забілі ў нас больш двух мільёнаў беларусаў. Прытым за пэрыяд нямецкай акупацыі каля паўмільёна беларусаў забілі так званыя “савецкія партызаны”, кіруемыя з Масквы і маскоўскім НКВД. ›››