Падзеі і факты

Немцам – байкот

Адкрыты ліст да грамадзянаў Беларусі

Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ разглядзеў пытаньне аб палітыцы Эўразьвязу ў дачыненьні да Беларусі і адзначае, што паўнамоцныя прадстаўнікі Эўразьвязу ў сваіх прапановах дапамогі беларусам кіруюцца не інтарэсамі справядлівасьці і дэмакратыі, а толькі патрэбамі Эўразьвязу і інтарэсамі паасобных краінаў, што ў яго ўваходзяць.

Сьведчаньнем гэтакай пазыцыі зьяўляецца ігнараваньне прадстаўнікамі і структурамі Эўразьвязу беларускай мовы – галоўнай каштоўнасьці і галоўнай умовы беларускай дэмакратыі.

Яны ня хочуць прызнаваць відавочнае, што нацыянальны ўціск прамаскоўскага лукашэнкаўскага рэжыму і душэньне беларускай мовыёсьць галоўнае і самае грубае парушэньне правоў чалавека і жыцьцёвага права Беларускай нацыі.

Гэтакая пазыцыя непрызнаваньня выяўлена ў рашэньні Эўракамісіі даручыць вяшчаньне на Беларусь тэлерадыёстанцыі “Нямецкая хваля” на … расейскай мове. Прапановы тых радыёстанцыяў, якія плянавалі вяшчаньне па-беларуску, былі Эўракамісіяй адкінутыя.

Вось такую “дапамогу” брусэльская бюракратыя плянуе для беларускіх змагароў, якіх акупацыйны рэжым Лукашэнкі (АМАП) зьбівае на вуліцах за гаворку па-беларуску, забараняе выступы беларускіх музычных гуртоў і сьпяваньне па-беларуску, зачыніў радыёстанцыі на беларускай мове, зачыніў беларускія школы, спаліў беларускія падручнікі для школаў, ліквідаваў беларускія выдавецтвы для дзяцей і юнацтва, зачыніў дзіцячыя беларускія часопісы і г. д. У гэтым найбольш выяўляецца антылюдзкая сутнасьць акупацыйнага прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і парушэньне правоў людзей.

“Я не разумею, – піша ў адным зь лістоў у адказ кіраўніца расейскай рэдакцыі “Нямецкай хвалі” Карнэлія Рабітц, – чаму ўсе засяродзіліся на пытаньні мовы вяшчаньня”.

Калі фраў Рабітц не разумее справы, то ёй ня трэба гэтай справай займацца. Такі вывад вынікае з гэтакага прызнаньня. “Для нас тут ў камандзе перш за ўсё важным ёсьць зьмест праграмы,” – прадаўжае фраў Рабітц у савецкім духу. І далей: “У рэдакцыю “Нямецкай хвалі” прыходзяць вельмі шмат крытычных лістоў, якія тычацца пытаньня мовы, але ніхто не дыскутуе наконт зьместу будучых праграмаў,” – зьдзіўляецца фраў. (Радыё “Свабода”, 7 жніўня 2005 г.).

Відаць, што фраў сапраўды нічога не разумее і ня ведае, што беларуская мова для нацыі, якую зьнішчаюць, якраз і ёсьць зьместам дэмакратыі, а не блытаныя думкі, якія, нічога не разумеючы, хоча выказаць зь нямецкай антэны на мове расейскіх нішчыцеляў фраў Рабітц.

Нам ня трэба такіх “дабрадзеяў” і такіх памочнікаў. Той, хто шчыра хацеў бы апамагчы беларусам зьмяніць антыдэмакратычны рэжым і абараніцца ад маскоўскай імпэрскай палітыкі, той мусіў бы дарасьці да разуменьня трагедыі беларускай нацыі ў яе змаганьні з імпэрскай Расеяй за сваю незалежнасьць, дзяржаву, культуру і існаваньне.

“Нямае значэньня на якой мове вяшчаць , галоўнае зьмест,” – спрабуюць павучаць нас ужо нямецкія “мудрацы” (памятаеце акупанцка-савецкае: “какая разница?” ). Дык калі “нямае значэньня”, то давайце па-беларуску! Аж не, аказваецца ёсьць “разница”.

Тое, што “Нямецкая хваля” пры падтрымцы Бруселя пераймае эстафету русіфікацыі Беларусі і захаваньня ў нас савецкіх адносінаў да беларускай мовы і культуры – гэта ўжо нас не зьдзіўляе. Мы ведаем у чым зьмест маскоўска-бэрлінскай палітыкі ў дачыненьні да Беларусі. Ім перашкаджае нашая незалежнасьць. Мы памятаем ненавісныя выказваньні нямецкага разьведчыка Ганса Віка супраць Беларускай мовы, калі ён быў у ролі кіраўніка місіі АБСЭ ў Менску, і ведаем пра ягонае супрацоўніцтва з КГБ супраць БНФ і Беларускага нацыянальна-дэмакратычнага руху (Вік сам прызнаўся). Такому “дабрадзею” нельга верыць ні на секунду.
Мы добра разумеем, што 30-ціхвілінная нямецка-расейская перадача на Беларусь на кароткіх хвалях нічога для беларусаў не вырашае. Але тут палітычная камбінацыя – запусьціць траянскага каня ў наш эфір, потым сфабрыкаваць зьвесткі (пры дапамозе якога-небудзь халуйскага апытаньня, тут яны спэцы) і прадоўжыць русіфікацыю далей. Ды яшчэ (калі ўдасца) і радыё “Свабода” зрусіфікаваць. Мы ведаем пра гэтыя маскоўска-нямецкія задумкі.

Мы зьвяртаемся да ўсіх беларусаў. Прыгледзьцеся. Паглядзіце рэальна на ўсіх гэтых палітычных “дабрачынцаў” з Захаду і з Усходу. Яны ж спрэс фальшывяць, бо дбаюць найперш пра свае інтарэсы.

Мы ня мусім сядзець, склаўшы рукі. Нам трэба аб’яднаць нашыя народныя высілкі па абароне беларускай мовы, культуры і незалежнасьці, нягледзячы на розьніцу ва ўзросьце і ў палітычных перакананьнях. Нам трэба быць салідарнымі ў павазе да сваіх нацыянальных каштоўнасьцяў, каб ні немец, ні масковец ніколі не плявалі беларусам у твар.

Мы заклікаем беларусаў зьвяртацца ў Эўразьвяз і патрабаваць адмены рашэньня пра русіфікацыйнае вяшчаньне “Нямецкай хвалі” на Беларусь, а таксама аб невыдзяленьні грошай на гэтую антыбеларускую справу.

Мы прапануем грамадзянам Беларусі пачаць байкот нямецкіх тавараў, нямецкіх фірмаў,нямецкіх турыстаў і ўсіх нямецкіх ініцыятываў. Лёзунг: “НЕМЦАМ – БАЙКОТ!”

Гэта толькі пачатак. Калі Эўракамісія ня зьменіць свайго антыбеларускага рашэньня, мы пойдзем далей у нашай самаабароне і нашай салідарнасьці.

Рэчаіснасьць зноў пацьвярджае, што лёс беларускай будучыні можа быць толькі ў беларускіх руках.
Змагаймася ж і клапацемся пра нашу Беларусь.

Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ

14 жніўня 2005

Раздрукаваць?Раздрукаваць?

24 ліпеня 2008

Падзеі і факты

5-11 мая 2008

САКАВІК – 2008

11-га красавіка, адбылася дрэнная падзея, якая па значэньні для народа роўная публічнаму парваньню Сьцяга зграяй Ціцянкова і зьняцьцю Пагоні з Дому Ўраду. Рэжым дэмантаваў помнік Багдановічу ў Менску пад выглядам пераносу ў іншае месца. ›››

НАРОДНЫ МЭМАРЫЯЛ КУРАПАТЫ

Крок за крокам, дзень за днём, ня гледзячы на цяжкасьці і разбурэньні, сакралізуюцца Курапаты, вырастаюць крыжы побач з соснамі, разьлягаецца хвойная ціша… Там, дзе пра памяць забітых сьведчыць мноства людзей, -- там зьяўляецца і жыве шчыры народны дух. Гэта якраз адбываецца ў Курапатах. ›››

НЕЗАЛЕЖНАСЬЦЬ ЯК ПРАЦЭС АДРАДЖЭНЬНЯ

Пад тэрмінам “незалежнасьць” мы разумеем стварэньне (альбо аднаўленьне) незалежнай дзяржавы. У абодвух выпадках гэта працэс, які вынікае з культурнай, эканамічнай і ўвогуле – з нацыянальнай і жыцьцёвай неабходнасьці. ›››

УЛАДА ЦЕМРЫ

У гэтым лісьце я пазначу некалькі тэмаў, істотных для нашай пазыцыі і палітычнае барацьбы.
Мы бачым, што антыбеларуская палітыка і перасьлед усяго беларускага ўзмацняюцца. Краінай ужо амаль 14 гадоў кіруе чужая агрэсіўная цемра. Мы бачым таксама паэтапны плян вынішчэньня асноваў культурнага існаваньня Беларускай нацыі. Гэты плян выконваецца мэтанакіравана і пасьлядоўна. Парадак, сэнс і зьмест яго выкананьня вышэйшы за інтэлектуальныя магчымасьці чалавека, у руках якога апынулася ўся ўлада ў Беларусі. Тым часам якраз ён зьяўляецца пасьлядоўным і адэкватным яго выканаўцам. Антыбеларуская фобія знайшла адпаведную парадыгму палітыкі, распрацаваную ў лубянскай Маскве. ›››

21-27 студзеня 2008

Ліст аб агульнай беларускай справе

  Цяпер назіраецца ўзмацненьне рэпрэсіяў антыбеларускага рэжыму супраць беларусаў. Але адначасна мацнее і нашае супраціўленьне. Каб вынікова змагацца, мы, усе грамадзяне і патрыёты Беларусі, мусім дакладна ведаць дзьве рэальнасьці: першая – хто наш непрыяцель, чаго ён хоча і што робіць; другая рэальнасьць – чаму мы змагаемся, супраць каго, чаго хочам дасягнуць змаганьнем.

  Выніковасьць нашай беларускай барацьбы будзе залежыць ад разуменьня гэтых рэальнасьцяў. ›››