Падзеі і факты
Ліст да палітычных партыяў Рэспублікі Польшча
Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ зьвяртаецца да ўсіх парляманцкіх палітычных партыяў Польшчы з заклікам неадкладна пераглядзець сваю палітыку ў дыпляматычным канфлікце з прамаскоўскім рэжымам Лукашэнкі.
Задача Масквы ізаляваць Польшчу ад Беларусі, каб перашкодзіць польскім дэмакратычным уплывам у час лрэзыдэнцкіх выбараў на Беларусі ў 2006 г. і запабегчы паўтарэньню “украінскага сцэнару” 2004 г. Дзеля гэтага быў штучна створаны і раздзьмуханы канфлікт вакол Саюзу Палякаў Беларусі.
Мы ўражаныя эмацыйнымі паводзінамі і недальнабачнасьцю палітыкаў у гэтай даволі простай маскоўскай камбінацыі. Мы назіраем паразу польскай палітыкі на ўсходнім кірунку. Польшча страчвае магчымасьці ўплыву на сітуацыю ў Беларусі, а мы – беларускія змагары з рэжымам – страчваем магчымасьць польскай падтрымкі. Кантроль над сітуацыяй забірае Масква.
Ёсьць мэханізмы для паправы становішча і вяртаньня яго ў першапачатковы выгляд. Ініцыятыва і абгрунтаваныя дзеяньні залежаць ад Польшчы.
Кожны польскі палітык мусіць зразумець, што параза дэмакратычнай Беларусі ў 2006 годзе будзе адначасна і паразай Польшчы.
Мы спадзяемся на станоўчыя высновы і на паправу агульных дачыненьняў.
Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ
14 жніўня 2005