Падзеі і факты
18-24 жніўня 2005
НЭАІМПЭРЫЯЛІЗМ
“Сталін і Мао слушают нас…” На Далёкім Усходзе ўсхадзіліся шматлікія орды. 18 жніўня пачаліся сумесныя расейска-кітайскія ваенныя манэўры. Генэралы дэманструюць “мір і дружбу”, актыўна братаюцца. Ваенныя гульні яны назвалі “Мірнай місіяй – 2005”.
Расейскія СМІ прызналіся, што адпрацоўваюцца “сумесныя дзеяньні па барацьбе з тэрарыстамі”. А вось усе замежныя СМІ пераклалі з кітайскай больш дакладна і паведамілі, што манэўры прысьвечаны адпрацоўцы тактыкі барацьбы супраць народных паўстаньняў нацыянальных меншасьцяў – вось такая “мірная місія”. Уйгуры, манголы і цібэтцы ў кітайскай імпэрыі, татары, чачэнцы, інгушы, якуты ў расейскай імпэрыі цяпер павінны ведаць, што ў выпадку чаго імі будуць займацца дзьве хаўрусныя арміі. Толькі ў Крамлі трэба было б уважлівей пачытаць гісторыю ды зразумець, што прыйшоўшы аднойчы, кітайскі хаўрусьнік можа ўжо дахаты й не вярнуцца. Прыгадаем, як пасьля інвазіі саветаў у Чэхаславаччыну ў 1968 г. савецкія людзі актыўна расказвалі наступны анэкдот: “Я просыпаюсь утром, выглядываю в окошко, а под деревом стоит дружественный китайский танк”.
АКУПАНТЫ ЎЗМАЦНЯЮЦЬ КАНТРОЛЬ НАД БЕЛАРУСКІМ ВОЙСКАМ
На пачатку жніўня міністр абароны РБ Мальцаў езьдзіў з візытам у Маскву. Ён ня проста рабіў справаздачу свайму крамлёўскаму начальству. Ён прывёз папачку з новымі прызначэньнямі. А 18 жніўня стала вядома, што шклоўскі прэзыдэнт зрабіў новых начальнікаў у беларускай арміі. Гэта – выключна расейскія акупанты, ніводнага беларуса! Товарішчі Межуев, Шавров, Земсков, Хохлов, Скобелев, Казаков будуць цяпер камандаваць войскамі заходняга апэратыўнага напрамку, галоўнай ваеннай інспэкцыяй, ракетнымі войскамі і артылерыяй, “сувораўскай” вучэльняй і ваеннай акадэміяй, сувязьзю генштаба. Акупанты бяруць пад кантроль ня ўзятыя яшчэ ключавыя пазіцыі ў нашых узброеных сілах. Працягваецца разбурэньне беларускага войска.
ІХНЫЯ «СУПОЛЬНЫЯ ДЗЕЯНЬНІ»
Халуі-хрыстапрадаўцы зьвярнуліся 18 жніўня да Лукашэнкі з просьбай выдзеліць ім памяшканьне пад правядзеньне “кангрэсу дэмсілаў”. Там яны мяркуюць завершыць камэдыю з абраньнем “адзінага кандыдата” на прэзыдэнта. Яны ўжо не называюцца правальнай назвай “пяцёрка+”. Груповачка Вінцучка, Лебедько з АГП, Калякін-камунякін і іжэ з імі вернападдана пішуць свайму начальніку: “Будзем удзячныя, калі Вы акажаце падтрымку ў атрыманьні адпаведнай залы… Спадзяемся, што нашы супольныя дзеяньні ў гэтым накірунку будуць спрыяць дэмакратызацыі жыцьця ў нашай краіне…” Пасьля такога прызнаньня ў “супольных намаганьнях” у іншай краіне такую “апазыцыю” адразу б абсьвісталі і канчаткова запісалі б як структуру рэжыму. А ў нас ім ня сорамна, бо пра іх і так ня ведае большасьць нашага насельніцтва. Грантаўская тусовачка з некалькіх дзесяткаў асобаў, прысьцёбнутая да рэжыму, працягвае сваю імітатарскую дзейнасьць.
ПАЛІТЫЧНЫ КІЧ НА ФОНЕ БЯДЫ
У той жа дзень краіна і сьвет даведаліся пра новых “герояў” народнай барацьбы. Расейскае ТВ паказала, а “незалежныя” газэты РБ і РФ паведамілі пра мультфільмы, дзе высьмейваецца Лукашэнка ды паказаны клоўн Казулін, які перамагае на выбарах-2006. КГБ пачало займацца маладымі стваральнікамі мульцікаў. Падобна, што студэнтаў падставілі, параіўшы зрабіць жарцік з сур’ёзнай справы. Але чаму Масква так імкнецца насьмяшыць вобразам свайго найвярнейшага хаўрусьніка ўвесь сьвет? Не ўпершыню народная трагедыя ў Беларусі прадстаўляецца маскоўскай прапагандай у вадэвільным стылі, антыбеларуская дыктатура трактуецца як вясёлы кур’ёз у цэнтры Эўропы, а наш народ выстаўляецца ў вобразе вялікай папуляцыі недаразьвітых і малапісьменных прастачкоў. Гэтак Масква прыкрывае сваю разбуральную агрэсію супраць Беларусі, прыкрывае сваю подласьць і жорсткасьць. Падобна, што акупанты й самы паверылі ў свае гумарыстычныя байкі пра нас. Калі яны сустрэнуцца з сапраўдным рэзкім адлупам на нашай зямлі, то будуць бегаць і лемантаваць: “Ах, как же так, и откуда всё взялось?…”
Мы як у ваду глядзелі, падаючы нядаўна паведамленьне пра “герояў-мульціплікатараў”. Справа атрымлівае сваю раскрутку. Свой унёсак зрабіла ў гэты шум менскае прадстаўніцтва АБСЭ, выдаўшы заяву для прэсы вуснамі свайго супрацоўніка ўгорца М. Харашці. Заява ў стылі: “Свободу Юрію Деточкіну!” Газэта “Нар. Воля” на першай старонцы нумара за 24 жніўня працытавала ўгорца: “Беларусь – адзіная краіна, дзе грамадзян караюць турэмным зьняволеньнем за паклёп у дачыненьні да прэзыдэнта”. Чытаючы гэты няскладны сказ, міжволі сумняваешся ў якасьці і адэкватнасьці перакладу (вядома, што мясцовыя журналісты выслухоўваюць перакладчыка, які перакладае замежніка з ангельшчыны на расейшчыну, а потым самы перакладаюць пераклад на беларушчыну – атрымліваецца пераклад пераклада). Атрымліваецца, што міжнародны прадстаўнік убачыў у дзеяньнях мульціплікатараў паклёп. Цікава, як ён паставіцца да профі ад мясцовай журналістыкі і іхніх перакладаў? Але мы добра памятаем, што АБСЭ не прымала ніякіх заяваў і наагул не падавала ніякай інфармацыі пасьля таго, як у 2000 г. спэцслужбы рэжыму зрабілі спробу забойства Юры Беленькага, намесьніка старшыні БНФ “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ (сп. Беленькі быў тады цяжка паранены і кінуты за краты, дзе ўлады на працягу сутак адмаўлялі яму ў мэдычнай дапамозе). Маўчала АБСЭ, калі ўвосень 2004 г. улады ў Віцебску арыштавалі і судзілі сябра Фронту і Партыі Уладзімера Плешчанку (яму таксама было адмоўлена ў мэдычнай дапамозе за кратамі, калі ён перажываў цяжкі сардэчны прыпадак). І гэтак далей. Вядома, што весялей і бясьпечней паўдзельнічаць у мультыплікацыйным вадэвілі. Дачакаемся можа й помніка пад пышнай назвай “У гонар апазыцыйнай мульціплікацыі” дзе-небудзь у Стразбурзе або Брусэлі.
ВЯЛІКАБРЫТАНІЯ. ІМПАРТ РАСЕЙСКАЙ ЛАПШЫ
А можа і ў Лёндане. Там таксама сядзяць магутныя аналітыкі. СМІ ўсяго сьвету паведамілі нам 24 жніўня, што тамтэйшы Цэнтар міжнароднай палітыкі абнародваў даклад на тэму “План дзеяньняў для Расеі”. Ведаеце, хто распрацоўваў даклад? Як паведамілі СМІ: “пры ўдзеле расейскіх экспэртаў і палітыкаў, у тым ліку Грыгорыя Яўлінскага і Міхаіла Касьянава”. «Да-а-а…» Гэтыя на брытанскія гранты напішуць тэкстаў. Першы са згаданых – проста правальшчык сваёй самай правай партыі, якім крамлёўскі гэбізм пакарыстаўся, а потым выкінуў на сьметнік. Ну, а другі… яго інакш як маскоўскім Ваням Ціцянковым не назавеш. Касьянаў (у народзе «Міша Два працэнты», бо будучы прэмьерам РФ у 2000-04 гг., браў у сваю кішэню два адсоткі з любой фінансавай, гандлёвай і вытворчай трансакцыі) – адразу стаўся “апазыцыянэрам”, як толькі на яго завялі крымінальную справу. І вось што сярод іншага напісалі ў лёнданскім дакладзе гэтыя маскоўскія жулікі: “практычна ўсе прыкметы сучаснай дэмакратычнай дзяржавы зьніклі ў Расеі за кароткі пэрыяд часу…” Значыць, у касьянаўскі пэрыяд у Расеі квітнела дэмакратыя. Далей яшчэ цікавей. СМІ паведамілі, што Касьянаў крытыкаваў цяперашнюю расейскую сістэму вэртыкалі і карумпаванасьць чынавенства (яго цяпер трэба пераймяноўваць у Мішу Сьмерць Карупцыянэрам). Заходняя дурата – зьява невычэрпная. У такіх выпадках расейская шпана прызнаецца, што заходнікам можна “втюхивать любую туфту…”
КРЫВАВАЕ ЗЛАЧЫНСТВА КРАМЛЯ
Асэцінскім маці абрыдла афіцыйная мана. 24 жніўня дзесяць з іх адмовіліся пакінуць залю пасьля заканчэньня судовага паседжаньня ў Вярхоўным судзе Паўночнай Асэціі. Расейская тэлевізія зрабіла свой кароткі рэпартаж з залі суда. Паказалі былога закладніка – хлопчыка, які апазнаў у падсудным Кулаеве аднаго з тэрарыстаў. Але не паказалі выступ яшчэ адной дарослай закладніцы, якая паведаміла, што была сьведкай таго, як улады не адказвалі на запіскі, што пасылаліся ім з захопленай школы або не прымалі запісак (але пра гэта паведамілі іншыя СМІ). Гэта значыць, што ўлады не зьбіраліся весьці нікіх перамоваў з тэрарыстамі (крамлёўскі плян быў адназначны – забіць усіх: тэрарыстаў і закладнікаў). Дык вось, маці загінуўшых дзяцей Беслана пачалі акцыю пратэсту ў залі суда, патрабуючы прыцягненьня да адказнасьці мясцовых і маскоўскіх дзеячаў з так званага штабу па вызваленьні закладнікаў. Прагучала (упершыню публічна ў гэтым кантэксьце) таксама й імя тов. Пуціна, які быў старшынём гэтага штабу. Асэцінам стала ўрэшце зразумела, хто аддаў загад на масавае забойства іхніх дзяцей. Нам. генпракурора РФ (сустрэчы з якім патрабавалі жанчыны) адмовіўся сустракацца з імі ў залі суда. Падобна, што скора тов. Пуцін будзе смажыцца на асэцінскай патэльні.
Валеры Буйвал
25 жніўня 2005