Падзеі і факты

Русіфікацыя ня мусіць быць палітыкай Эўразьвязу

Русіфікацыя ня мусіць быць палітыкай Эўразьвязу. Тое, што пасьля пратэсту беларусаў супраць вяшчаньня на Беларусь “Нямецкай Хвалі” па-расейску Эўракамісія аб’явіла новы тэндар пра вяшчаньне на Беларусь зноў на расейскай мове, сьведчыць аб поўным неразуменьні ёй сытуацыі ў Беларусі і ў цэлым ва Ўсходняй Эўропе. Гэта паказвае таксама на нежаданьне сытуацыю разумець.

Гэта дрэнна. Бо сьведчыць, што Эўразьвяз перастае быць пэрспэктыўным палітычным лідэрам ў Эўропе і дзеля інтарэсаў бізнэсу вялікіх мэдыякампаніяў адмаўляецца ад падтрымкі асноўных каштоўнасьцяў свабоды, ныцыі і дэмакратыі на ўсходзе Эўропы.

Гэта сьведчыць таксама, што палітыкі Эўразьвязу ўвогуле ня ведаюць і ня хочуць бачыць што адбываецца ў Беларусі, дзе стаўленьнік Масквы Лукашэнка забараніў сваімі “ўказамі” ўжываць словы “беларускі”, “народны”, “нацыянальны” ў назвах арганізацыяў і друку, дзе па загаду Лукашэнкі былі спаленыя школьныя падручнікі на беларускай мове, дзе прамаскоўскі рэжым зачыніў ужо амаль 80 адсоткаў беларускіх школаў, ліквідаваў выкладаньне ва ўнівэрсітэтах па-беларуску і перасьледуе моладзь, якая змагаецца за беларускую мову і свабоду.

Беларуская мова ў Беларусі – гэта галоўная каштоўнасьць народа, незалежнасьці, дэмакратыі і свабоды. За беларускую мову змагаліся цэлыя пакаленьні беларусаў, расейцы расстралялі за мову сотні беларускіх пісьменьнікаў і тысячы беларускіх людзей.

Цяпер ў пуцінскай Расеі афіцыйны расейскі друк піша наступнае: “Белорусский язык – язык международного общения падонков” («Ежедневные новости».– Владивосток.—2005 г., 26 августа). І ніхто там гэтага не камэнтуе, не крытыкуе, не просіць прабачэньня за дзікунства. Гэта ёсьць пуцінская палітыка. Эўразьвяз падтрымлівае гэта?

Палітыкі Эўразьвязу, не разумеючы дэмакратычную Беларусь, не разумеюць таксама таго, што яны робяць стаўку ў Беларусі на былых савецкіх цемрашалаў, якія дэкляруюць цяпер дэмакратычную фразэалёгію, на рускіх генэралаў – душыцеляў свабоды ў Беларусі й Летуве, на адпады ад групы Лукашэнкі, якія сталі гаварыць пра дэмакратыю за заходнія грошы і не зрабілі літаральна нічога дзеля гэтай дэмакратыі, волі і свабоды Беларусі.

Усё гэта беларусы маглі цярпець, але русіфікацыі з Захаду цярпець ніхто ня будзе. Палітыкі Эўразьвязу робяць вялікую памылку. Калі справа гэтак пойдзе далей у ігнараваньні беларускай мовы, то дэмакратычная Беларусь будзе вымушана прыняць кардынальныя рашэньні наогул аб мэтазгоднасьці інфармацыйнай дапамогі з Захаду.

Мы – Народны Фронт, палітычная арганізацыя, якая ў 90-х гадах без нічыёй дапамогі вярнула незалежнасьць і магчымасьці дэмакратыі ў Беларусі. Мы заяўляем пра наступствы з поўным веданьнем справы.
Руская мова ў Беларусі – гэта мова дыктатарскага рэжыму Лукашэнкі, гэта сродак русіфікацыі і ўціску на Беларусі. Нам патрэбнае беларускае вяшчаньне.

Мы лічым (і маем ужо практычны вопыт), што найлепш каб вяшчаньне на Беларусь на беларускай мове дапамаглі нам арганізаваць нашыя суседзі: Польшча, Украіна, Латвія, Летува. Мы маем зь імі разуменьне і добрыя кантакты. Тым больш што Польшча і Летува маюць ужо практыку і тэхнічныя магчымасьці.
Мы спадзяемся, што Эўракамісія перагледзіць недасканалыя ўмовы тэндару і будзе арыентавацца на падтрымку вольнай Беларусі, якая змагаецца з прамаскоўскім акупацыйным дыктатарскім рэжымам Лукашэнкі і з яго антыдэмакратычнай русіфікатарскай палітыкай.

Сойм Беларускага Народнага Фронту «Адраджэньне» і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ

11 верасьня 2005 г. Менск.

11 верасьня 2005

Раздрукаваць?Раздрукаваць?

24 ліпеня 2008

Падзеі і факты

5-11 мая 2008

САКАВІК – 2008

11-га красавіка, адбылася дрэнная падзея, якая па значэньні для народа роўная публічнаму парваньню Сьцяга зграяй Ціцянкова і зьняцьцю Пагоні з Дому Ўраду. Рэжым дэмантаваў помнік Багдановічу ў Менску пад выглядам пераносу ў іншае месца. ›››

НАРОДНЫ МЭМАРЫЯЛ КУРАПАТЫ

Крок за крокам, дзень за днём, ня гледзячы на цяжкасьці і разбурэньні, сакралізуюцца Курапаты, вырастаюць крыжы побач з соснамі, разьлягаецца хвойная ціша… Там, дзе пра памяць забітых сьведчыць мноства людзей, -- там зьяўляецца і жыве шчыры народны дух. Гэта якраз адбываецца ў Курапатах. ›››

НЕЗАЛЕЖНАСЬЦЬ ЯК ПРАЦЭС АДРАДЖЭНЬНЯ

Пад тэрмінам “незалежнасьць” мы разумеем стварэньне (альбо аднаўленьне) незалежнай дзяржавы. У абодвух выпадках гэта працэс, які вынікае з культурнай, эканамічнай і ўвогуле – з нацыянальнай і жыцьцёвай неабходнасьці. ›››

УЛАДА ЦЕМРЫ

У гэтым лісьце я пазначу некалькі тэмаў, істотных для нашай пазыцыі і палітычнае барацьбы.
Мы бачым, што антыбеларуская палітыка і перасьлед усяго беларускага ўзмацняюцца. Краінай ужо амаль 14 гадоў кіруе чужая агрэсіўная цемра. Мы бачым таксама паэтапны плян вынішчэньня асноваў культурнага існаваньня Беларускай нацыі. Гэты плян выконваецца мэтанакіравана і пасьлядоўна. Парадак, сэнс і зьмест яго выкананьня вышэйшы за інтэлектуальныя магчымасьці чалавека, у руках якога апынулася ўся ўлада ў Беларусі. Тым часам якраз ён зьяўляецца пасьлядоўным і адэкватным яго выканаўцам. Антыбеларуская фобія знайшла адпаведную парадыгму палітыкі, распрацаваную ў лубянскай Маскве. ›››

21-27 студзеня 2008

Ліст аб агульнай беларускай справе

  Цяпер назіраецца ўзмацненьне рэпрэсіяў антыбеларускага рэжыму супраць беларусаў. Але адначасна мацнее і нашае супраціўленьне. Каб вынікова змагацца, мы, усе грамадзяне і патрыёты Беларусі, мусім дакладна ведаць дзьве рэальнасьці: першая – хто наш непрыяцель, чаго ён хоча і што робіць; другая рэальнасьць – чаму мы змагаемся, супраць каго, чаго хочам дасягнуць змаганьнем.

  Выніковасьць нашай беларускай барацьбы будзе залежыць ад разуменьня гэтых рэальнасьцяў. ›››