Падзеі і факты
ЦВК ПАЧЫНАЕ ПАЛІТЫЧНУЮ БАРАДЗЬБУ
22 сьнежня вечарам кіраўніку маёй Ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў сп.Папкову патэлефанаваў з ЦВК спадар Лазавік і бадзёра паведаміў, што мая група будзе зарэгістраваная, толькі трэба электронныя адрасы ўдзельнікаў групы.
Нараніцы 23 сьнежня ў кватэры старшыні ЦВК спадарыні Ярмошынай трывожна зазваніў тэлефон. Ноччу “адказныя па выбарах” прачыталі ў Сеціве маё паведамленьне пра “Народнае галасаваньне” і строга са спадарыняй Ярмошынай пагаварылі.
Спадарыня Ярмошына тут жа пачала казаць адваротнае, што “юрыдычна спадар Пазьняк ня мае права браць удзел у дадзеных прэзыдэнцкіх выбарах”. Прычына: “няма сэнсу даваць яму магчымасьць ўдзельнічаць у выбарах зараз, -- сказала спадарыня Ярмошына, -- яго ўжо наогул цяжка назваць дзеючай фігурай у беларускай палітыцы” (з 1996 года аб’яўлены калегамі Ярмошынай “политическим трупом” – З.П.). “Рашэньне, якое было прынятае ў яго дачыненьні ў 2001 годзе, насіла хутчэй палітычны характар”, -- паведаміла старшыня ЦВК.
І трэба ж было такому здарыцца. Засядаў Канстытуцыйны Суд, вызначыў юрыдычны зьмест і “прававую пазыцыю” па артыкуле 80 Канстытуцыі і на запыт ЦВК прыняў рашэньне, што: “Цэнтральная Камісія Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзеньню рэспубліканскіх рэфэрэндумаў мае прававыя падставы для рэгістрацыі ўказанай ініцыятыўнай групы” (З. Пазьняка), а спадарыня Ярмошына, атрымаўшы рашэньне Суда, узяла і прыняла тады “палітычнае” рашэньне. Ну і ну!
Ёсьць для гэтага выпадку спэцыяльнае расейскае слова з трапнымі алітэрацыямі – “лукавит” спадарыня Ярмошына! Гэта цяпер ёй хочацца прыняць палітычнае рашэньне, хоць ЦВК ня мае права гэтым займацца, інакш нішчыцца сама прырода выбараў.
Разумеем: на ЦВК ціснуць, лёгкая паніка, думалі, што мы не падрыхтаваныя да выбарчай кампаніі, думалі зрабіць выгляд дабрапрыстойных выбараў, спадзяваліся на антураж мілінкевічаў, як некалі на ганчарыкаў,а тут, аказваецца, што па ўсіх зандажах актыўных выбаршчыкаў мілінкевічы ўжо цяпер прайграюць Пазьняку. Якая непрыемнасьць! А што будзе потым? Плюс народнае галасаваньне.
Ну, вядома ж, трэба “палітычнае” рашэньне. Ато прыедзе Пазьняк, да захоча з Лукашэнкам па тэлебачаньні пагаварыць тэт-а-тэт перад усімі, ды задасьць яму некаторыя пытаньні. І ведаеце якія гэта пытаньні? Вядома, спадары, ведаеце. Мы даўно знаёмыя.
Так што лепш для яго палітычнае рашэньне. Тым больш што куды дзенешся, усе юрыдычныя і грамадзянскія правы засталіся за мной, гэтак жа як і грамадзянства, і месца пастаяннага пражываньня – там дзе я прапісаны ў Менску, дзе працую старшынём партыі, зацьверджанай Мінюстам, а не там, дзе часова знаходжуся. Мой статус у ЗША – гэта азыль, часовае знаходжаньне. Я ня маю “зялёнай карты”, я не прыехаў сюды (у Штаты) жыць ці ўладкоўваць жыцьцё. Я выехаў змагацца, весьці палітычную барацьбу за волю і будучыню Беларусі. (На Беларусі пэрспэктыву палітычнага змаганьня мне зачынілі, рыхтавалі“ліквідацыю”). З усіх тысячаў цяперашніх беларускіх эмігрантаў я адзіны, хто прафэсійна займаецца палітыкай і не ўладкаваў у ЗША свой статус і быт. Мой быт і маё жыцьцё -- на Беларусі. Я там прысутнічаю ўсе гэтыя гады і “адказным па выбарах” гэта добра вядома.
Мушу сказаць у заключэньне гэтага фэльетона (сама рэчаіснасьць з ЦВК – фэльетон), што “палітычнае” рашэньне таксама не застане нас у расплох. Гэтым самым адразу будзе зьнята маска нармальнасьці і дабрапрыстойнасьці з цяперашніх выбараў. “Элегантнай перамогі” ужо не паўторыцца.
Зянон Пазьняк
25 сьнежня 2005 г.
25 сьнежня 2005