Падзеі і факты

10-16 красавіка

Беларусь змагаецца

 Нягледзячы на рэпрэсіі, на жорсткую расправу, на антыканстытуцыйны чарговы захоп улады, ёсьць падставы для радасьці і аптымізму. Гэта найперш тое, што ў грамадзтве пачалося абуджэньне і пазбаўленьне ад страху. Мы ўбачылі, што вырасла новае добрае пакаленьне моладзі, якая гатовая змагацца за вольную Беларусь пад сьвятым беларускім Бел-Чырвона-Белым сьцягам. Мы бачылі, што іх падтрымалі бацькі і дзяды.

 Мы пераканаліся таксама, што доўга яшчэ нашае грамадзтва будзе ікаць камунізмам, нявольніцтвам і каляніялізмам. Акупацыя і камунізм дарма не мінаюць. Расплочвацца за вынішчэньні, уціск і паніжэньне будуць цэлыя пакаленьні. Але тым больш высакародныя адраджэнскія ідэалы нашага змаганьня.

 Высновы, якія пацьвердзілі сакавіцкія падзеі, нікога ў нас, відаць, не зьдзівілі. Але гаварыць пра іх трэба пастаянна і, галоўнае, даводзіць да сьведамасьці людзей, якія прывыклі кіравацца толькі сваім вопытам, не затрудняючы сябе думаньнем.

 Падзеі выразна паказалі, што прарасейскірэжым на Беларусі – гэта ёсьць мадыфікацыя звычайнага фашызму, з той асаблівасьцю, што ён ёсьць палітычна прамаскоўскі і антыбеларускі ў нацыянальнай ідэалёгіі.

 Сакавік выявіў наглядна, што акрамя Лукашэнкі (які амаль два тыдні адсутнічаў пасьля “выбараў”) уладай на Беларусі кіруе і распараджаецца прамаскоўская хунта з цэнтрам у Маскве.

 Выбарчая кампанія выявіла дзеяньне на Беларусі палітычных тэхналёгіяў, распрацаваных у Маскве ў асяроддзі крамлёўска-лубянскай бюракратыі, набліжанай да Пуціна (група Глеба Паўлоўскага). Канцэпцыя стварэньня двух прамаскоўскіх квазіапазыцыйных лідэраў (з вызначэньнем планак актыўнасьці) дакладна супадае з маскоўскімі распрацоўкамі і праводзілася амаль адкрыта з адкрытымі вызначэньнямі і пастаноўкай задачаў. Тут Маскве нельга адмовіць у акупацыйным прафэсіяналізме. Прадбачачы беларускі ўздым, яны заранёў падрыхтавалі падстаўныя фігуры і стараліся пераняць кантроль над працэсамі.

 Але не ўсё ў іх атрымалася і, я мяркую, не атрымаецца. Беларуская сіла будзе ўзрастаць. Небясьпека, аднак, у маскоўскай каардынацыі з Захадам. Нельга забываць ні Ганса Віка, ні супрацоўніцтва Масквы з АБСЭ, калі быў патоплены на Беларусі змагарны ўздым 1996 года і сапсавана,разбэшчана падачкамі цэлае пакаленьне актыўнай моладзі. Цяпер у беларусаў ёсьць магчымасьць падсумаваць горкі вопыт і зрабіць высновы.

 На мой погляд, Казулін і Мілінкевіч свае задачы ўжо выканалі. Баюся, што Казуліна Масква ўжо кінула як адпрацаваны матэрыял і яго чакае лёс Марыніча ды Чыгіра (а магчыма й Карпенкі). Зь Мілінкевічам яшчэ крыху пагуляюць. Гэта чалавек гумовы і больш прыдатны на ролю.

 Шчыра кажучы сумна глядзець на ўсіх гэтых людзей, якія нічаму ня вучацца ў сваіх амбіцыях пагуляць з Расеяй і рабскіх думачках ашукаць Маскву. У выніку арышты, камэры, інфаркты, інсульты, магіла і… ніхто нічога не разумее, бо сьляпым не дадзена. Некалі на Беларусь пагуляць з Расеяй, пасупрацоўнічаць нібыта ў будаўніцтве камунізму вярнулася цэлае пакаленьне рэвалюцыянэраў ад Браніслава Тарашкевіча да Сяргея Бусла. Вядома чым гэта скончылася. І толькі адзінкі, паміраючы ў ГУЛАГу, білі сябе ў лоб: “дурні мы дурні, паверылі Маскве, так нам і трэба”. Высноваў з гэтага, як паказвае гісторыя, не зрабіў ніхто. Цяпер настаў час гумовых псэўдаапазыцыянэраў. Але тая ж дарожка.

 мпэрскую Расею можна перамагчы толькі ў адкрытым баі сіла на сілу. Таму ня толькі Грузія і Балтыя сталі вольнымі, але будзе такой і малая Чачэнія. Аднак ніколі волі ня ймуць халуі, ніколі воля не здабываецца хітрасьцю, прыстасавальніцтвам і выгадай, а толькі адкрытым змаганьнем.

 Цяпер усім фронтаўцам і ўсяму нашаму Вызвольнаму руху трэба зьвярнуць асаблівую ўвагу на распаўсюджваньне нацыянальнай асьветы. Нацыянальна разьвіты сьведамы чалавек сам арыентуецца ў абставінах, яму ня трэба за каждым разам тлумачыць што добра, а што дрэнна. Мы бачым, што палітыка прамаскоўскага рэжыму накіравана на вынішчэньне культуры і самаіснасьці беларускай нацыі. Гэтаму трэба супраціўляцца палітычна асэнсавана сродкамі культуры.

 Пуцінская групоўка ў Расеі плянуе затрымаць уладу ў сваіх руках шляхам стварэньня фармальнасьці – іншага суб’екта дзяржаўнага існаваньня. Гэта дало б магчымасьць Пуціну выбірацца далей на прэзыдэнта ўжо новай фармальнасьці. Беларусь выбралі ахвярай гэтай імпэрскай палітыкі. Фармальнасьць заключаецца ў далучэньні Беларусі да Расеі.

 Лубянка, відаць, будзе йсьці напралом. Інакш яны ня ўмеюць. (Мікраінсульт Лукашэнкі хутчэй за ўсё справа іхных рук). Не сумняваюся, што наступаюць трывожныя часы. Але Беларусь зьмяняецца. Ад хуткасьці гэтых пераменаў і ад нашай палітычна-асьветніцкай працы таксама будзе залежыць наша народная будучыня”.
                            Зянон Пазьняк
9 красавіка 2006 г.

10 красавіка 2006

Раздрукаваць?Раздрукаваць?

24 ліпеня 2008

Падзеі і факты

5-11 мая 2008

САКАВІК – 2008

11-га красавіка, адбылася дрэнная падзея, якая па значэньні для народа роўная публічнаму парваньню Сьцяга зграяй Ціцянкова і зьняцьцю Пагоні з Дому Ўраду. Рэжым дэмантаваў помнік Багдановічу ў Менску пад выглядам пераносу ў іншае месца. ›››

НАРОДНЫ МЭМАРЫЯЛ КУРАПАТЫ

Крок за крокам, дзень за днём, ня гледзячы на цяжкасьці і разбурэньні, сакралізуюцца Курапаты, вырастаюць крыжы побач з соснамі, разьлягаецца хвойная ціша… Там, дзе пра памяць забітых сьведчыць мноства людзей, -- там зьяўляецца і жыве шчыры народны дух. Гэта якраз адбываецца ў Курапатах. ›››

НЕЗАЛЕЖНАСЬЦЬ ЯК ПРАЦЭС АДРАДЖЭНЬНЯ

Пад тэрмінам “незалежнасьць” мы разумеем стварэньне (альбо аднаўленьне) незалежнай дзяржавы. У абодвух выпадках гэта працэс, які вынікае з культурнай, эканамічнай і ўвогуле – з нацыянальнай і жыцьцёвай неабходнасьці. ›››

УЛАДА ЦЕМРЫ

У гэтым лісьце я пазначу некалькі тэмаў, істотных для нашай пазыцыі і палітычнае барацьбы.
Мы бачым, што антыбеларуская палітыка і перасьлед усяго беларускага ўзмацняюцца. Краінай ужо амаль 14 гадоў кіруе чужая агрэсіўная цемра. Мы бачым таксама паэтапны плян вынішчэньня асноваў культурнага існаваньня Беларускай нацыі. Гэты плян выконваецца мэтанакіравана і пасьлядоўна. Парадак, сэнс і зьмест яго выкананьня вышэйшы за інтэлектуальныя магчымасьці чалавека, у руках якога апынулася ўся ўлада ў Беларусі. Тым часам якраз ён зьяўляецца пасьлядоўным і адэкватным яго выканаўцам. Антыбеларуская фобія знайшла адпаведную парадыгму палітыкі, распрацаваную ў лубянскай Маскве. ›››

21-27 студзеня 2008

Ліст аб агульнай беларускай справе

  Цяпер назіраецца ўзмацненьне рэпрэсіяў антыбеларускага рэжыму супраць беларусаў. Але адначасна мацнее і нашае супраціўленьне. Каб вынікова змагацца, мы, усе грамадзяне і патрыёты Беларусі, мусім дакладна ведаць дзьве рэальнасьці: першая – хто наш непрыяцель, чаго ён хоча і што робіць; другая рэальнасьць – чаму мы змагаемся, супраць каго, чаго хочам дасягнуць змаганьнем.

  Выніковасьць нашай беларускай барацьбы будзе залежыць ад разуменьня гэтых рэальнасьцяў. ›››