Падзеі і факты

25 верасня — 1 кастрычніка

                          Зянон ПАЗЬНЯК

Выступ

3 верасьня 2006 г.

Нью-Брансьвік, NJ, 27-я сустрэча беларусаў Паўночнай Амэрыкі.

НЕЗАЛЕЖНАСЬЦЬ І НАЦЫЯНАЛЬНАЯ АСЬВЕТА

  Паважаныя спадарыні і спадары!

  Вітаю вас на гэтай 27-й сустрэчы беларусаў Паўночнай Амэрыкі ад імя фронтаўцаў і беларускіх адраджэнцаў, якія ў вельмі цяжкіх умовах на Бацькаўшчыне працягваюць змаганьне за Вольную Беларусь!

  Вітаю ўсіх прысутных тут ветэранаў Адраджэньня – прадстаўнікоў ваеннай хвалі эміграцыі, а таксама тых беларусаў, якія вымушаныя былі часова пакінуць Бацькаўшчыну з-за перасьледу і антыбеларускай палітыкі.

  Вітаю нашых сяброў і прыхільнікаў, нашых беларускіх студэнтаў і гасьцей.

  Нядаўна патрыёты на Бацькаўшчыне адзначалі 15-ю гадавіну аднаўленьня незалежнасьці Беларусі. Гэты дзень, 25-га Жніўня 1991 года, гэтак жа, як і 25 Сакавіка 1918-га, стаўся найвялікшай датай у гісторыі Беларусі ХХ-га стагоддзя. У жыцьці нацыі дасягненьне дзяржаўнай незалежнасьці ёсьць найвялікшай станоўчай падзеяй, якая вызначае лёс цэлых пакаленьняў. Такія зьявы ніколі не забываюцца. Наадварот, яны сакралізуюцца, робяцца сымваламі палітычных дасягненьняў і знакам пэўных ідэй.

  Для нас, удзельнікаў гэтых падзеяў, 25 Жніўня сталася нашай бітвай пад Воршай. Скарыстаўшы правал камуністычнага путчу ў Маскве, жах і разгубленасьць савецкай намэнклятуры, нам удалося малымі сіламі выйграць вялікае змаганьне і перамагчы.

  Пазьней мы аналізавалі, што калі б спазьніліся хоць бы на адзін дзень, вяртаньне назалежнасьці сталася б праблематычным. Ужо праз тыдзень, калі мінуў першы страх, антыбеларускія камуністычныя сілы, што складалі тады бальшыню ў парляманце, пачалі гаварыць аб скасаваньні вынікаў 25 Жніўня. Але было позна. Цягнік незалежнасьці ўжо рушыў, набіраючы ўсё больш і больш прыхільнікаў. Сілы на рэстаўрацыю старога камуністы ўжо не маглі сабраць.

  Мушу адзначыць, што ўнікальная, з пункту гледжаньня лёгікі, перамога ў парляманце была ня толькі вынікам добрага ўзаемадзеяньня структураў Народнага Фронту і сьведчаньнем прадуманай дэпутацкай тактыкі. Незалежнасьць была падрыхтаваная ўсім ходам ідэёвай і палітычнай барацьбы Беларускага Народнага Фронту, які ў тыя часы яднаў усе адраджэнскія і антыкамуністычныя сілы ў Беларусі.

  Ідэалёгія незалежнасьці была намі ўжо сістэмна распрацаваная да таго часу. Галоўным жа вынікам яе было прыняцьце Дэклярацыі аб сувэрэнітэце Беларусі яшчэ за год перад Незалежнасьцю.

  Да гэтага часу намі быў падрыхтаваны ўжо шэраг незалежніцкіх законапраектаў, канцэпцыя эканамічных рэформаў, стратэгія рэсурснага забесьпячэньня (маецца на ўвазе Балта-Чарнаморскі калектар), прынцыпы пабудовы нацыянальнага Беларускага войска, нацыянальнай школы і сістэмы адукацыі, банкаўскай справы, увядзеньня нацыянальнай валюты, сістэма памежнай службы і г.д. Заставалася толькі ажыцьцявіць галоўнае і самае цяжкае – здабыць незалежнасьць.

  На імгненьне магчымасьць такая зьявілася пасьля правалу камуністычнага путчу ў СССР. Гэтая магчымасьць была скарыстаная. На прыканцы стагоддзя шчасьце зноў усьміхнулася Беларусі.

  Але паўстае пытаньне: чаму праз тры гады ўладу забралі прамаскоўскія сілы і незалежнасьць Беларусі і беларуская культура апынуліся пад пагрозай пэрманэнтнага зьнішчэньня?

  Калі глянуць у корань, то прычына хаваецца ня толькі ў зьнешніх фактарах (пагроза Расеі), але, галоўным чынам, -- ва ўнутраных, у самым беларускім грамадзтве, якое ў значнай сваёй частцы было тады яшчэ не падрыхтаванае для актыўнага ўспрыняцьця новых нацыянальных задачаў і да салідарнага змаганьня за свае нацыянальныя інтарэсы.

  Пасьля выхаду з СССР і ліквідацыі КПСС грамадзкі ўздым зьнізіўся, людзі супакоіліся, вырашыўшы, што перамены ўжо адбыліся, і сталі чакаць вынікаў незалежнасьці.

  Такія грамадзкія настроі, рэзкае зьніжэньне грамадзкай актыўнасьці пасьля нацыянальнай рэвалюцыі не паспрыялі дэмакратычным пераменам. Камуністычная намэнклятура захавала за сабой усю ўладу і неўзабаве трапіла пад жорсткі ўплыў Масквы. Значная частка беларускага грамадзтва заняла тады тыповую для беларуса пазыцыю назіраньня.

  Незалежнасьць Беларусі была вернута сіламі нешматлікага яшчэ тады нацыянальнага авангарду пры падтрымцы актыўных людзей. Потым, калі трэба было вырашыць пытаньне ўлады і здабыць гэтую ўладу, авангарду не хапіла якраз шырокай грамадзкай апоры. Старая намэнклятура, якая да таго ж зьвярнулася па дапамогу ў Маскву, фактычна, рабіла, што хацела.

  Гэта, а таксама пагаршэньне сацыяльных умоваў жыцьця і дзейнасьць КГБ, прывялі неўзабаве да ўлады ў Беларусі Лукашэнку і прамаскоўскія групы.

  Якія высновы з гэтага ўсяго вынікаюць?

  Новае Беларускае Адраджэньне, якое пачалося за часы СССР, фактычна, ня мела пэрыяду шырокага нацыянальнага асьветніцтва. Не хапіла ўжо часу. Падзеі пачалі разьвівацца вельмі хутка. І калі спатрэбілася нацыянальная падтрымка ад усяго грамадзтва, то яе якраз і не хапіла. Савецкім беларусам, у большасьці апрацаваным антыбеларускай сістэмай, трэба было тады яшчэ тлумачыць элемэнтарныя рэчы, напрыклад: навошта людзям свабода і нацыянальныя грошы, навошта мытня і межы і чаму неабходна шанаваць сваю беларускую мову.

  На сёньняшні дзень сітуацыя ненашмат зьмянілася (асабліва ўлічваючы антыбеларускую прапаганду і прамаскоўскую палітыку рэжыму). Мы, беларусы, павінны сабе выразна ўсьвядоміць, што без нацыянальнай беларускай асьветы грамадзтва немагчымыя дэмакратычныя дасягненьні ў беларускай палітыцы. Гэта відавочная праўда. Неасьвечанае і дэнацыяналізаванае насельніцтва робіцца аб’ектам маніпуляцыяў і здольнае лёгка падлягаць прапагандысцкім уплывам і выступаць нават супраць сваіх нацыянальных інтарэсаў. Што, дарэчы, мы і назіраем у цяперашняй Беларусі.

  Мы ўсе цяпер, у той час, калі ідзе шалёная русіфікацыя, павінны зьвярнуць вялікую ўвагу на нацыянальна-асьветніцкі бок справы. Гэта грунт, які ўмацуе нашую незалежнасьць і ўратуе культуру.

  Вядома, найбольшае спадзяваньне будзе на людзей адукаваных, здольных пісаць і перадаваць інфармацыю. Але ўдзельнічаць у гэтай агульнанацыянальнай справе мусіў бы кожны беларус сваёю прыхільнасьцю, пазыцыяй і сродкамі, здольнасьцю адклікацца на поклічы і патрэбы беларускай асьветніцкай справы.

  Нашая дзейнасьць і нашая беларуская актыўнасьць не павінны заміраць, а наадварот – пашырацца ва ўсім сьвеце.

  Мушу адзначыць вельмі істотны момант. За апошнія 20 гадоў сьвет моцна перамяніўся. Вялікія хутскасьці, паветранны транспарт, міжнародныя эканамічныя дачыненьні і электронная сувязь (Інтэрнэт) фармальна зблізілі людзей, узрасла міграцыя і кантакты, фармуюцца новыя плянэтарныя дачыненьні.

  У гэтых умовах функцыя дзяржаўнай мяжы як галоўнага чыньніка суверэнітэту пачынае зьніжацца, а функцыя нацыянальнай культуры, як новага чыньніка суверэнітэту, -- павялічвацца. Адпаведна і ўзрастае роля нацыянальнай культуры (перш за ўсё, мовы) як дзейснага гаранта сувэрэнітэту краіны.

  Сувэрэнітэт Беларусі ў плянэтарным і ў эўрапейскім сэнсе ў значнай ступені будзе залежыць ня толькі ад таго, што беларус назаве сябе беларусам, але і ад таго, што для яго, фігуральна кажучы, будзе бліжэй у ягоным культурным жыцьці і патрэбах, напрыклад, Янка Купала, Багдановіч, Быкаў, ці, скажам, Шылер, Шэксьпір ды Талстой.

  Нацыя, прадстаўнікі якой жывуць па-за нацыянальнай культурай і па-за нацыянальнай мовай (як галоўнага сродку культуры) – такая нацыя ў сучасным сьвеце страціць свой сувэрэнітэт.

  Зьвернем увагу ў сувязі з гэтым на вельмі небясьпечную палітыку антыбеларускага рэжыму ў Беларусі па разбурэньні беларускай культуры.

  І тым ня менш, ёсьць у нас порах у парахаўніцах!

  Цяпер беларусы жывуць на ўсіх кантынентах. Мы робімся сусьветнай нацыяй. У нас ёсьць магчымасьці асьветніцкай працы і кансалідацыі. Калі мы напоўніцу скарыстаем гэтыя магчымасьці, то забясьпечым будучыню нашай культуры. І тады ўжо нішто ня спыніць Беларусі! Беларусь была, ёсьць і будзе. Беларусь жыве і будзе жыць!

3.09.2006 г.,

Нью Брансьвік   Зянон ПАЗЬНЯК

27 верасьня 2006

Раздрукаваць?Раздрукаваць?

24 ліпеня 2008

Падзеі і факты

5-11 мая 2008

САКАВІК – 2008

11-га красавіка, адбылася дрэнная падзея, якая па значэньні для народа роўная публічнаму парваньню Сьцяга зграяй Ціцянкова і зьняцьцю Пагоні з Дому Ўраду. Рэжым дэмантаваў помнік Багдановічу ў Менску пад выглядам пераносу ў іншае месца. ›››

НАРОДНЫ МЭМАРЫЯЛ КУРАПАТЫ

Крок за крокам, дзень за днём, ня гледзячы на цяжкасьці і разбурэньні, сакралізуюцца Курапаты, вырастаюць крыжы побач з соснамі, разьлягаецца хвойная ціша… Там, дзе пра памяць забітых сьведчыць мноства людзей, -- там зьяўляецца і жыве шчыры народны дух. Гэта якраз адбываецца ў Курапатах. ›››

НЕЗАЛЕЖНАСЬЦЬ ЯК ПРАЦЭС АДРАДЖЭНЬНЯ

Пад тэрмінам “незалежнасьць” мы разумеем стварэньне (альбо аднаўленьне) незалежнай дзяржавы. У абодвух выпадках гэта працэс, які вынікае з культурнай, эканамічнай і ўвогуле – з нацыянальнай і жыцьцёвай неабходнасьці. ›››

УЛАДА ЦЕМРЫ

У гэтым лісьце я пазначу некалькі тэмаў, істотных для нашай пазыцыі і палітычнае барацьбы.
Мы бачым, што антыбеларуская палітыка і перасьлед усяго беларускага ўзмацняюцца. Краінай ужо амаль 14 гадоў кіруе чужая агрэсіўная цемра. Мы бачым таксама паэтапны плян вынішчэньня асноваў культурнага існаваньня Беларускай нацыі. Гэты плян выконваецца мэтанакіравана і пасьлядоўна. Парадак, сэнс і зьмест яго выкананьня вышэйшы за інтэлектуальныя магчымасьці чалавека, у руках якога апынулася ўся ўлада ў Беларусі. Тым часам якраз ён зьяўляецца пасьлядоўным і адэкватным яго выканаўцам. Антыбеларуская фобія знайшла адпаведную парадыгму палітыкі, распрацаваную ў лубянскай Маскве. ›››

21-27 студзеня 2008

Ліст аб агульнай беларускай справе

  Цяпер назіраецца ўзмацненьне рэпрэсіяў антыбеларускага рэжыму супраць беларусаў. Але адначасна мацнее і нашае супраціўленьне. Каб вынікова змагацца, мы, усе грамадзяне і патрыёты Беларусі, мусім дакладна ведаць дзьве рэальнасьці: першая – хто наш непрыяцель, чаго ён хоча і што робіць; другая рэальнасьць – чаму мы змагаемся, супраць каго, чаго хочам дасягнуць змаганьнем.

  Выніковасьць нашай беларускай барацьбы будзе залежыць ад разуменьня гэтых рэальнасьцяў. ›››