Падзеі і факты

“Нішто ня спыніць Беларусі”

(выступ на мэмарыяльным мітынгу ў Курапатах)

Дарагія землякі, дарагія беларусы!

Сёньня, як заўсёды, мы тут, у трагічным і знакавым месцы, дзе прышлыя чужаніцы расстрэльвалі наш народ. Курапаты – гэта народныя магіла, сымвал нашага народнага вынішчэньня. Але ў 1988 годзе, калі былі адкрытыя Курапаты, гэты знак адчыніўся нанова, стаўся сымвалам народнага ўваскрашэньня. Менавіта з адкрыцьця праўды пра Курапаты пачалося новае Беларускае Адраджэньне. Якраз адсюль і з гэтага часу пачаўся Беларускі Народны Фронт. Беларусь уваскрэсла, паўстала з магілы, куды яе ўжо амаль загнаў маскоўска-бальшавіцкі вораг чалавецтва. Курапаты – зямля сьмерці – сталі прадметным месцам беларускага ўваскрашэньня.

Найперш гэтую зьяву адлюстроўвае Курапацкі Крыж Пакуты – сымвал аднаўленьня і вечнага жыцьця, сымвал, які народ стварыў сам. А сымвал, як вы ведаеце, незьнішчальны. Могуць часова разбурыць яго форму, але немагчыма зьнішчыць значэньне і зьмест.

У Дзень Дзядоў, памятаючы мінулае, ёсьць сэнс гаварыць пра будучыню, якая залежыць ад тых, што жывуць. Бо ведаем: толькі той народ, які шануе продкаў, мае прышласьць. Нашая прышласьць будзе належыць нашаму народнаму адраджэньню. Няма іншага шляху ў будучыню, як адрадзіць нашу нацыянальную культуру, нашу нацыянальную дзяржаву, нашу вялікую беларускую мову, нашу магутнасьць, веліч і моц. Няма іншай альтэрнатывы, як духоўна адрадзіцца і з годнасьцю жыць. Усе іншыя прапановы, думачкі і дарожкі – ідуць ад лукавага. Не хадзіце дарогай лукавага, бо ў канцы той дарогі – народная сьмерць!

Калі Беларусь збавіцца ад чужароднага рэжыму, прыарытэтам у беларускай палітыцы павінна стаць нацыянальная асьвета і адукацыя маладога пакаленьня беларусаў. На гэта трэба будзе зьвярнуць галоўную ўвагу. Нічога вялікага і нават нічога нармальнага ня будзе дасягнута ні ў эканоміцы, ні ў палітыцы, пакуль не зьявіцца, пакуль ня вырасьце, не адукуецца новы, вольны беларускі чалавек, пакуль ня стане свабоднай наша культура і мова, бо ідэя і дух над усім.

Цяперашняму пакаленьню беларусаў, што апынуліся пад прамаскоўскім рэжымам, трэба выразна ўсьвядоміць, што, пачынаючы з XVII стагоддзя ўсходняя імпэрыя пастанавіла зьнішчыць нашу дзяржаву – Вялікае Княства Літоўскае – і вынішчыць наш народ. І гэтая палітыка зьнішчэньня працягваецца па сёньняшні дзень.

Вось мы сёньня тут у адным з тых месцаў, дзе забівалі цьвет нашай нацыі – інтэлігенцыю, творчых людзей, моладзь, вучоных. Вось тут масава расстрэльвалі сялян, простых людзей, беларусаў толькі за тое, што яны былі беларусамі.

Курапаты ёсьць сьведчаньне расейскага генацыду і неабвержная ўліка масавага забойства людзей. Вось чаму нашчадкі ворагаў чалавецтва так стараюцца апаганіць масавыя магілы ў Курапатах, імкнуцца зрабіць тут дарогу, ламаюць крыжы, паскудзяць і гадзяць на сьвятым месцы. Задумаемся, хто гэта робіць, хто кіруе і чаму гэта робіцца пастаянна і мэтадычна? Гляньце – нават цемра ведае, што кожнае таптаньне магілы продкаў ёсьць стрэл у будучыню жывых. То што павінны рабіць жывыя, мы, асьвечаныя і адукаваныя? Рытарычнае пытаньне.

Мы ведаем, што трэба рабіць. Ня будзе бясконца ўладарыць дрэнь. Кроў нявінна забітых вышла з зямлі на паверхню. Ужо ніхто ня зьнішчыць Курапаты і вечна будзе жыць Беларусь. Толькі трэба йсьці да яе шырокім шляхам, разам з продкамі, сьмела і салідарна, разам з тымі, хто загінуў за яе волю і за яе імя, як нашы сяляне, што былі беларусамі. Велічная мэта адраджае магутны дух. Сёньня за Беларусь ахвярна змагаюцца тыя, што валодаюць гэтым народным духам. Такіх людзей робіцца ўсё больш, і прыйдзе час, калі ў сваю абарону і за сваю нацыянальную будучыню стане ўвесь Беларускі народ. Гэта будзе.

Нішто ня спыніць Беларусі. Толькі памятайма – наша сіла, магутнасьць і веліч у нашым мінулым. Каб асягнуць веліч будучыні, мы мусім узьняць нашу мінуласьць. Ніколі не павінна забывацца наша слава. Ніколі не павінны магілы продкаў зарастаць травой беспамяцтва. Народ – гэта метафізічны арганізм, што жыве ў вечнасьці. Мы – жывое пакаленьне – толькі яго авангард.

Уславім жа нашых дзядоў тут, сёньня, у Курапатах. Хай будзе цьвёрдым наш крок, хай сьветлай стане будучыня нашай Беларусі.

                                               Зянон Пазьняк

           Старшыня Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”

  і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ

28 кастрычніка 2007 г.

5 лістапада 2007

Раздрукаваць?Раздрукаваць?

13 траўня 2008

Падзеі і факты

5-11 мая 2008

САКАВІК – 2008

11-га красавіка, адбылася дрэнная падзея, якая па значэньні для народа роўная публічнаму парваньню Сьцяга зграяй Ціцянкова і зьняцьцю Пагоні з Дому Ўраду. Рэжым дэмантаваў помнік Багдановічу ў Менску пад выглядам пераносу ў іншае месца. ›››

НАРОДНЫ МЭМАРЫЯЛ КУРАПАТЫ

Крок за крокам, дзень за днём, ня гледзячы на цяжкасьці і разбурэньні, сакралізуюцца Курапаты, вырастаюць крыжы побач з соснамі, разьлягаецца хвойная ціша… Там, дзе пра памяць забітых сьведчыць мноства людзей, -- там зьяўляецца і жыве шчыры народны дух. Гэта якраз адбываецца ў Курапатах. ›››

НЕЗАЛЕЖНАСЬЦЬ ЯК ПРАЦЭС АДРАДЖЭНЬНЯ

Пад тэрмінам “незалежнасьць” мы разумеем стварэньне (альбо аднаўленьне) незалежнай дзяржавы. У абодвух выпадках гэта працэс, які вынікае з культурнай, эканамічнай і ўвогуле – з нацыянальнай і жыцьцёвай неабходнасьці. ›››

УЛАДА ЦЕМРЫ

У гэтым лісьце я пазначу некалькі тэмаў, істотных для нашай пазыцыі і палітычнае барацьбы.
Мы бачым, што антыбеларуская палітыка і перасьлед усяго беларускага ўзмацняюцца. Краінай ужо амаль 14 гадоў кіруе чужая агрэсіўная цемра. Мы бачым таксама паэтапны плян вынішчэньня асноваў культурнага існаваньня Беларускай нацыі. Гэты плян выконваецца мэтанакіравана і пасьлядоўна. Парадак, сэнс і зьмест яго выкананьня вышэйшы за інтэлектуальныя магчымасьці чалавека, у руках якога апынулася ўся ўлада ў Беларусі. Тым часам якраз ён зьяўляецца пасьлядоўным і адэкватным яго выканаўцам. Антыбеларуская фобія знайшла адпаведную парадыгму палітыкі, распрацаваную ў лубянскай Маскве. ›››

21-27 студзеня 2008

Ліст аб агульнай беларускай справе

  Цяпер назіраецца ўзмацненьне рэпрэсіяў антыбеларускага рэжыму супраць беларусаў. Але адначасна мацнее і нашае супраціўленьне. Каб вынікова змагацца, мы, усе грамадзяне і патрыёты Беларусі, мусім дакладна ведаць дзьве рэальнасьці: першая – хто наш непрыяцель, чаго ён хоча і што робіць; другая рэальнасьць – чаму мы змагаемся, супраць каго, чаго хочам дасягнуць змаганьнем.

  Выніковасьць нашай беларускай барацьбы будзе залежыць ад разуменьня гэтых рэальнасьцяў. ›››