Падзеі і факты

НЕЗАЛЕЖНАСЬЦЬ ЯК ПРАЦЭС АДРАДЖЭНЬНЯ

Пад тэрмінам “незалежнасьць” мы разумеем стварэньне (альбо аднаўленьне) незалежнай дзяржавы. У абодвух выпадках гэта працэс, які вынікае з культурнай, эканамічнай і ўвогуле – з нацыянальнай і жыцьцёвай неабходнасьці.

Жыцьцёвая патрэба аднаўленьня свабоды і незалежнасьці Вялікага Княства Літоўскага не зьнікала на працягу амаль усяго ХІХ стагоддзя. Яна выявілася ў напалеонаўскай вайне і ў шматлікіх антымаскоўскіх паўстаньнях на Беларусі.
Да сярэдзіны ХІХ стагоддзя ў выніку поўнай зьмены пакаленьняў і разьвіцьця мастацкіх (рамантызм) і палітычных ідэяў, кансалідацыя дзеля незалежнасьці і свабоды стала грунтавацца на этнічнай (народнай) прыкмеце, якая напачатку мела дзьве назвы: “ліцьвіны” і “беларусы”. Этнічна і ў дачыненьні да мовы, культурыі, гісторыі – гэта адно і тое ж. Некаторыя літаратурныя рамантыкі, аднак (В. Дунін-Марцінкевіч, напрыклад), дашукваліся тут геаграфічнага падыходу (вылучалі розныя мясьціны як “ліцьвінскія” ці “беларускія”) альбо ўжывалі два тэрміны ў дачыненьні да адзінага адначасна.
Да канца ХІХ ст. тэрміны “беларусы”, “Беларусь” сталі дамінуючымі. Падсумаваў гэты кансалідуючы працэс паэт-інсургент Францішак Багушэвіч сваім знакамітым выслоўем, якое гучэла як маніфэст: “Шануйце ж мову нашу, беларускую, каб ня ўмёрлі!”
Да пачатку ХХ стагоддзя незалежніцкае беларускае адраджэньне сфармавалася як ідэйна-палітычная сістэма поглядаў. На гэтай плятформе ўзьніклі культурна-асьветныя і палітычныя арганізацыі, утварылася палітычная партыя (Беларуская Сацыялістычная Грамада). Назвы “Літва”, “ліцьвіны”, “ліцьвінскі” адышлі ў гісторыю, сталі культурна-гістарычным грунтам, на якім сфармавалася Беларускае нацыянальнае адраджэньне і потым вярнулася зь нябыту пад назвай Беларусь вялікая ліцьвінская дзяржава.
Зьмена назвы адбылася ў выніку пэўных унутраных прычынаў разьвіцьця. Аднак, вялікую ролю тут адыгралі зьнешнія чыньнікі і становішча акупацыі (забранай краіны). У прыватнасьці, безумоўны ўплыў на стан ліцьвінскіх розумаў мела руская імпэрская этнаграфія, фальклярыстыка і краязнаўства, (асабліва калі дасьледчыкі былі ліцьвінскага паходжаньня), дзе шмат у чым даволі грунтоўна, пазнаваўча і адэкватна разглядалася становішча ў забранай Літве, але паўсюдна ўжывалася імпэрская тэрміналёгія “заходняя Русь”, “заходне-рускі”, “Беларусь”, “беларускі” і г.д. Альтэрнатыўная антыімпэрская навука, літаратура і ідэалёгія, якія разьвіваліся падспудна ў той час у Літве, не змаглі цалкам разьмінуцца з гэтай тэрміналёгіяй. Тэрміны “Беларусь”, “беларускі” ўсё больш уваходзілі ў навуковы, дыскусійны і грамадзка-палітычны кантэкст.
Зразумела, што базаваньне толькі на тэрміне “Літва”, стварыла б на той час і ў той тэрміналягічнай сітуацыі пагрозу страціць усходнія тэрыторыі, на якія, абапіраючыся на тэрміналёгію сваіх дасьледваньняў, дэмагагічна прад’явіла б правы імпэрская Расея. (Пазьней поўную блытаніцу ў гэтае пытаньне ўнесла Жмудзь, якая забрала сабе назву “Літва” і нацыянальная ідэнтыфікацыя сталаразьвівацца там па гэтай назыўной прыкмеце.)
Зьмена назвы краіны была абумоўлена аб’ектыўнай сітуацыяй, што склалася на той час. Гэта быў, здавалася, больш аптымальны шлях да незалежнасьці, але, як і трэба было чакаць, ён стаў дастаткова павольным, патрабаваў даўжэйшага распазнаньня, больш складанай аргумэнтацыі. Патрэбны быў сінтэз цяперашняга і мінулага, выяўленьне гістарызму і гармоніі народнага існаваньня. Цалкам забясьпечыць гэта магла толькі незалежная нацыянальная дзяржава і адроджаная нацыя.
* * *
У 1915-1918 гадах Беларусь была акупаваная нямецкім і расейскім войскамі. Праз Беларусь праходзіла лінія фронту. Абставіны былі надзвычай не карыснымі для беларусаў, становішча трагічнае. Аднак, якраз трагізм становішча прысьпешыў падзеі. У сьнежні 1917 года ў акупаваным бальшавікамі Менску сабраўся Ўсебеларускі Кангрэс, які стварыў Прадстаўнічыя і Кіруючыя ворганы Кангрэсу.
3-га сакавіка 1918 года у Берасьці паміж немцамі і расейскімі бальшавікамі быў заключаны мір, згодна якога тэрыторыю Беларусі разрывалі на часткі паміж ваюючымі і неваюючымі краінамі. Прытым беларускую дэлегацыю ад Выканаўчага Камітэту Рады Ўсебеларускага Кангрэсу на перамовы не дапусьцілі.
Велізарная пагроза Бацькаўшчыне змусіла беларусаў да прыняцьця лёсавызначальных дэклярацыяў. 21-га лютага 1918 года ў час падрыхтоўкі ваюючымі бакамі сэпаратнага міру Выканаўчы Камітэт Рады Ўсебеларускага Кангрэсу прыняў Першую Ўстаўную Грамату, у якой аб’явіў сябе “часовай уладай на Беларусі для кіраваньня краем і скліканьня, як можна хутчэй, Усебеларускага Устаноўчага Сойму”. “Часовую народную ўладу”, -- як паведамлена ў Грамаце, -- “будзе зьдзяйсьняць створаны намі Народны Сакратарыят Беларусі.”
9 сакавіка, праз тыдзень пасьля заключэньня акупацыйнага “Берасьцейскага міру”, Выканаўчы Камітэт Рады Ўсебеларускага Кангрэсу Другой Устаўной Граматай абвясьціў пра стварэньне Беларускай Народнай Рэспублікі. Тут сказана пра “рэспубліканскі лад” Беларусі і паведамлена, што “Беларусь у рубяжох разсяленьня і лічэбнай перавагі беларускага народу абвяшчаецца Народнай Рэспублікай”.
Нарэшце, 25 сакавіка 1918 года Радай БНР быў прыняты надзвычай важны гістарычны дакумант у новай гісторыі Беларусі – Трэцяя Ўстаўная Грамата, паводле якой “Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчаецца незалежнаю вольнаю дзяржаваю”. Адначасна паведамлена, што на моцы гэтай Граматы, “трацяць сілу ўсе старыя дзяржаўныя сувязі, якія далі магчымасьць чужому ўраду падпісаць і за Беларусь трактат у Берасьці, што забівае насьмерць беларускі народ, дзелячы зямлю яго на часткі”.
У Грамаце вызначаецца, што “Беларуская Народная Рэспубліка павінна абняць усе землі, дзе жыве і мае лічэбную перавагу Беларускі народ, а ласьне: Магілёўшчыну, беларускія часьці Меншчыны, Гарадзеншчыны (з Гародняй, Беластокам і інш.), Віленшчыны, Віцебшчыны, Смаленшчыны і сумежных часьцяў суседніх губэрняў, заселеных беларусамі”.
Такім чынам межы БНР, як і бальшыні нацыянальных дзяржаваў, вызначаліся па этнічнай прыкмеце. У склад новай вольнай Беларусі ўвайшлі такім чынам, практычна, усе асноўныя землі Вялікага Княства Літоўскага, бяз Жмудзі і некаторых тэрыторыяў па ўскраінах, дзе колькасьць беларусаў была нязначнай. БНР на той час мела абшар амаль у два разы большы за тэрыторыю цяперашняй Беларусі. На гэтым абшары тады, у пачатку ХХ стагоддзя, жыло больш за 15 мільёнаў насельніцтва. Дзяржава, створаная па этнічнай прыкмеце, як правіла, характарызуецца стабільнасьцю сваёй палітыкі, надзейнасьцю зьнешняга і ўнутранага існаваньня. Краіны, якія спрабавалі будаваць сваю новую дзяржаўнасьць па гістарычнай прыкмеце з выкарыстаньнем маёмаснай і іншай аргумэнтацыі (пасьлявэрсальская Польшча, напрыклад), такой надзейнай стабільнасьці ня мелі.
Прынцып аднаўленьня незалежнай дзяржаўнасьці Беларусі ў 1918 годзе адбываўся, як бачым, па разумнай схеме: скліканьне агульнанацыянальнага Сходу, стварэньне на гэтым Сходзе агульнанацыянальных выбраных прадстаўнічых і выканаўчых ворганаў, аб’яўленьне пра ўладу гэтых ворганаў на беларускай тэрыторыі, потым аб’яўленьне аб стварэньні дзяржавы (Беларускай Народнай Рэспублікі) і, нарэшце, аб’яўленьне аб незалежнасьці гэтай дзяржавы. Пасьля праходжаньня гэтых палітычна арганізацыйных і дэклярацыйных этапаў неабходна было распачаць самае галоўнае – напаўненьне зьместам, -- будаўніцтва рэальнай беларускай незалежнай дзяржавы і ўсталяваньне рэальнай беларускай улады. Гэтага якраз не ўдалося зрабіць з прычыны выключных абставінаў, у якіх была створаная БНР.
Ішла вайна. Тэрыторыя Беларусі, падзеленая лініяй фронту, знаходзілася ў розных акупацыйных зонах, дзе ўладу ажыцьцяўляла чужая ваеншчына, варожая да беларускага руху і беларускай незалежнасьці. У выніку беларусам прыходзілася дзейнічаць шмат дзе падпольна і пасьпяваць за падзеямі, скакаць, як кажуць, у апошні вагон. Той факт, што Берасьцейскі мірны трактат быў падпісаны без удзелу беларусаў і ня ўлічваў беларускія інтарэсы, вельмі адмоўна паўплываў на падзеі ў Беларусі.
Немцы дэманстратыўна прытрымліваліся пунктаў і зьместу Берасьцейскага трактату і не прызнавалі БНР, не давалі весьці дзяржаўнае будаўніцтва, ствараць войска, неабходныя структуры і дачыненьні. Бэрлін афіцыйна нічога не хацеў чуць, выконваў літару мірнага пагадненьня з бальшавіцкай Расеяй.
Адсутнасьць грунтоўнага палітычнага вопыту ў дзеячоў БНР, акрамя таго, не гарантавала ад памылак. Калі немцы ў пачатку красавіка 1918 г. забаранілі дзейнасьць Рады БНР і разагналі Народны Сакратарыят, дзеячы Рады пайшлі на збліжэньне з так званым Менскім беларускім прадстаўніцтвам, найперш з Раманам Скірмунтам і Паўлам Алексюком, якія трымаліся пранямецкай пазыцыі, мяркуючы, што гэтым здабудуць прыхільнасьць Бэрліну і ўмацуюць незалежнасьць ад Расеі. Справа скончылася вернападданай тэлеграмай кайзэру Вільгельму і расколам у сувязі з гэтым Рады БНР.
Ня маючы дасьведчаньня, шмат якія правінцыйныя дзеячы не маглі тады зразумець, што проста так афіцыйны Бэрлін ня пойдзе на злом умоваў Берасьцейскага трактату (гэта ж элемэнтарна). Тым больш, што перад гэтым быў адказ канцлера Нямеччыны аб тым, што Нямеччына ня мае права бяз згоды ленінскага рускага ўраду прызнаць БНР. А бальшавікі-ленінцы БНР не прызналі.
Усё гэта вельмі нагадвае пазьнейшых (цяперашніх) дзеячыкаў, якія, нібыта дбаючы пра барацьбу з прамаскоўскім рэжымам Лукашэнкі, пастаянна езьдзілі ў Маскву, каб здабыць там падтрымку нібыта для беларускай нацыянальна-дэмакратычнай справы (падтрымку, якой там, дарэчы, для гэтай справы ў прынцыпе ня можа быць).
І тут трэба аддаць належнае актыўнасьці беларускай дыпляматыі БНР і дзейнасьці ўжо створаных дзяржаўных структураў. Былі наладжаныя добрыя дачыненьні зь нямецкай ваеннай адміністрацыяй у Менску, з кіраўніцтвам нямецкай 10-й Арміі, якая дыслакавалася ў Беларусі і, дарэчы, выпускала газэту “Die Zeitung die 10-e Armee”, дзе зьмяшчалася шмат матэрыялаў пра Беларусь.
Дачыненьні зь мясцовай ваеннай адміністрацыяй і камандаваньнем нямецкай акупацыйнай зоны дазволілі (магчыма, нават з маўклівай згоды Бэрліна) наладзіць пэўныя аспэкты дзяржаўнай палітыкі і беларускай справы. Немцы далі магчымасьць распачаць культурна-асьветніцкую дзейнасьць БНР. Па ўсёй Беларусі былі адчыненыя і пачалі дзейнічаць сотні беларускіх школаў, сталі выдавацца беларускія пашпарты, рыхтуецца адчыненьне ўнівэрсітэту, узьнікаюць розныя мастацкія калектывы, арганізуюцца выставы, беларускія культурна-асьветніцкія суполкі і гурткі, пачаліся спробы стварыць структуры мясцовага самакіраваньня. Нарэшце, што немалаважна, Урад БНР прыдбаў у свае рукі кіраўніцтва гандлем і прамысловасьцю. Вядома, без дзяржаўнай фінансавай і банкаўскай сістэмаў гэта мала што вырашала, хоць і давала нейкія магчымасьці фармаваць бюджэт.
Пры ўсім гэтым даволі ўмоўным і слабым стане дзяржаўнай улады БНР, беларускія дзеячы стараліся скарыстаць любую магчымасьць, каб сцьвердзіць сваю легітымнасьць, умацаваць пазыцыю суверэнітэту і абараніць беларускія інтарэсы. Яны разгарнулі даволі мэтанакіраваную працу на дыпляматычнай ніве ў замежнай палітыцы і дасягнулі пэўных вынікаў. Неўзабаве сем краінаў прызналі незалежнасьць БНР (Фінляндыя, Эстонія, Латвія, Летува, Украіна, Турцыя, Чэхаславаччына). Зьявіліся замежныя беларускія місіі і дыпляматычныя прадстаўніцтвы.
Цяпер, гледзячы з адлегласьці ў 90 гадоў на ўтварэньне, змаганьне і адчайную дзейнасьць уладных структураў Беларускай Народнай Рэспублікі, мы бачым шмат карыснага і павучальнага для цяперашняй беларускай нацыянальна-дэмакратычнай палітыкі. Нават там, дзе ў БНР былі недапрацоўкі ці памылковыя дзеяньні.
Але найбольш значным для нас ёсьць якраз пазытыўны вопыт БНР і гістарычныя вынікі абвяшчэньня яе незалежнасьці.
З пункту гледжаньня наяўнай атрыбутыкі незалежнай дзяржавы, адносна БНР узьнікае шмат скептычнасьці і крытыкі з боку апанэнтаў. Сапраўды, БНР не валодала важнымі атрыбутамі суверэнітэту і дэ-факто не была суверэннай дзяржавай. У БНР не было войска і паліцыі, не было сваіх нацыянальных грошай і фінансавай сістэмы, не было сістэмных структураў мясцовага самакіраваньня, міжнародныя сувязі на ўзроўні амбасадаў былі абмежаваныя і ў пачатковым выглядзе, тэрыторыя знаходзілася пад расейска-нямецкай акупацыяй, дзе дамінавала ўлада і рашэньні акупацыйнага войска.
Аднак, для абгрунтаваньня справядлівасьці і права нашай незалежнасьці, істотнай ёсьць не атрыбутыка суверэннасьці (гэта пытаньне дзяржаўнага будаўніцтва), а тое, што Рада БНР і абвешчаная ёй незалежнасьць БНР валодалі ўсімі чыньнікамі легітымнасьці і выяўлялі суверэнную волю Беларускага народа, якую ён выказаў праз сваіх выбраных прадстаўнікоў на Ўсебеларускім Кангрэсе ў сьнежні 1917 года, дзе і былі сфармаваныя будучыя ворганы ўлады.
Беларуская ўлада была сфармаваная ў час чужой вайны на акупаванай чужымі войскамі беларускай тэрыторыі. Пра які суверэнітэт тут магла ісьці гаворка! Тым ня менш, нават у гэтых умовах дзеячы БНР стараліся будаваць дзяржаўныя дачыненьні, ратаваць, аберагаць і абараняць свой народ.
Самым вялікім і гістарычным дасягненьнем кароткай гісторыі БНР было тое, што ўпершыню за больш чым сто дваццаць гадоў царскай няволі легальна, моцна, справядліва і законна быў зноў узьняты сьцяг беларускай волі, дзяржаўнасьці і незалежнага існаваньня.
Гэта была вырашальная гістарычная дэклярацыя, падтрыманая народным даручэньнем, якая мела дынаміку і пэрспэктыву рэальнага дзяржаўнага і незалежнага разьвіцьця.
Расейскія бальшавікі якраз добра разумелі гэтую дынаміку і рэальны сэнс аб’яўленьня незалежнасьці БНР. Адразу пасьля акупацыі Менска, у сьнежні 1918 г., яны прыдумалі контрмеры, каб спаралізаваць далейшыя дзеяньні і магчымасьці БНР.
30 сьнежня ў Смаленску на партыйнай канфэрэнцыі Расейскай камуністычнай партыі бальшавікоў было прынятае рашэньне аб стварэньні (у піку БНР) Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь. 1 студзеня 1919 года быў абнародаваны маніфэст ураду ССРБ аб утварэньні гэтай рэспублікі.
З пункту гледжаньня гістарычнай пэрспэктывы факт стварэньня савецкай дзяржаўнай фікцыі меў неадназначныя вынікі. Буфэрная краіна сапраўды дала магчымасьць рускім бальшавікам спаралізаваць і спрафанаваць беларускую нацыянальную ідэю (асабліва ў 30-40-х гадах мэтадам рэпрэсіяў і генацыду насельніцтва). З другога боку, афіцыйнае існаваньне сваёй краіны (“рэспублікі”) давала людзям адчуваньне сваёй беларускай тоеснасьці, магчымасьці абмежаванай нацыянальна-культурнай працы і адукацыі, спрыяла прасьцейшым формам народнай салідарнасьці. Аднак палітычныя працэсы разбурэньня беларускага нацыянальнага духа, сьведамасьці і салідарнасьці ў БССР (па прычыне яе рэпрэсіўнай прыроды) значна апярэджвалі спантанныя зьявы беларускай кансалідацыі і народнага патрыятызму. Сістэма БССР – гэта быў шлях у нацыянальную магілу. Структуры квазібеларускай “дзяржаўнай” улады выконвалі якраз нацыянальна разбуральную функцыю. Але ў вызначаны час, калі пачаўся татальны крызіс камунізму і СССР, якраз наяўнасьць гэтых фармальных структураў (парляманту, ураду, мясцовай улады і г.д.) значна аблегчыла нацыянальна-дэмакратычным сілам Беларусі вяртаньне рэальнай дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі.
Такім чынам, утварэньне БССР на мапе Савецкага Саюза можна разглядаць як ускосны вынік стварэньня і аб’яўленьня незалежнасьці БНР. Існаваньне месьніцкай нацыянальна-рэпрэсіўнай БССР з атрыбутамі фармальнай сістэмы ўлады паспрыяла эфэктыўнаму дасягненьню рэальнай незалежнасьці Беларусі ў час нацыянальна-дэмакратычнай рэвалюцыі ў жніўні 1991 года.
Аднаўленьне беларускай дзяржаўнай незалежнасьці трэба разглядаць як паэтапны працэс, які пачаўся 25 Сакавіка 1918 года, расьцягнуўся на 73 гады, злучыў змаганьне і жыцьці некалькіх пакаленьняў, які каштаваў беларусам мільённых ахвяраў, вынішчэньня, акупацыяў і генацыду, разбурэньня культуры, здрады і паняверкі.
25 жніўня 1991 года скончыўся этап БССР, этап народнай надзеі і адначасна фікцыі, прафанацыі і ашуканства. Беларусь падтрымала сваю авангардную сілу – Беларускі Народны Фронт – і праз парлямант і ахвярную дзейнасьць там дэпутатаў Апазыцыі БНФ вярнула сабе рэальную незалежнасьць, стала рэальным суб’ектам міжнароднага права і міжнароднай палітыкі, валодае ўсімі атрыбутамі суверэнітэту і незалежнай дзяржавы. 25 Жніўня 1991 года для беларусаў, гэтак жа, як 25 Сакавіка 1918 года, ёсьць найвялікшыя датынацыянальнай гісторыі ХХ-га стагоддзя.
Аднак і змаганьне, і працэс – незакончаныя, нягледзячы на дасягненьне поўнай незалежнасьці Беларусі. Нацыянальная беларуская незалежнасьць прадугледжвае нацыянальную беларускую ўладу. Успомнім схему стварэньня БНР: улада – дзяржава – незалежнасьць. Схема БНФ абапіралася на існаваньне фармальнай дзяржаўнасьці БССР і выглядала так: дзяржава – незалежнасьць – улада.
Незалежнасьць была дасягнута Народным Фронтам у выніку пасьлядоўнай масавай барацьбы і своечасовага, рашучага, дакладнага і беспамылковага выкарыстаньня ў парляманце вострага зьбегу палітычных абставінаў у жніўні 1991 года.
Дасягненьне ўлады дэмакратычным шляхам вымагала тым часам адпаведнага ўзроўню і нацыянальнай кансалідацыі грамадзтва, патрабавала часу на асьвету, сацыяльную палітыку і інфармацыю. Але ўсе рычагі ўлады засталіся ў руках савецкай (і збольшага, антыбеларускай) камуністычнай намэнклятуры. За кароткі час, змагаючыся толькі авангардам грамадзтва з савецкім монстрам улады, пераламаць сітуацыю не ўдалося. Наступны прыход да ўлады ў незалежнай Беларусі прамаскоўскіх і антыбеларускіх сілаў, удзел у беларускай палітыцы агентуры і спэцслужбаў Расеі – усё гэта выглядала цалкам не выпадковым. Антыбеларускія сілы пры дапамозе савецкіх спэцслужбаў Масквы фармальна дэмакратычным шляхам ажыцьцявілі, фактычна, унутраную акупацыю ўлады ў нашай краіне. І перш за ўсё, узьвёўшы на вяршыню гэтайўлады, прамаскоўска арыентаваную асобу, адметную псіхалягічнай фобіяй да нацыянальнага адраджэньня Беларусі.
Працэс угрунтаваньня нацыянальна-дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі і рэалізацыі яе нацыянальнай ідэі ў сапраўднасьці яшчэ працягваецца, бо на сёньняшні дзень (у выніку дзейнасьці антыбеларускай улады і дачыненьняў Масквы) ў Беларусі ня толькі незалежнасьць, але і само існаваньне дзяржаўнасьці, нацыі і беларускай культуры апынулася пад пагрозай дэградацыі і зьнішчэньня.
У гэты крытычны і небясьпечны для будучыні Беларусі момант нашай рэчаіснасьці варта накіраваць свой позірк туды, на 90 гадоў устыч, у той цяжкі час, калі, здавалася, не было паратунку і цела Бацькаўшчыны рвалі на часткі варожыя сілы. І тым ня менш беларускія змагары ўпарта змагаліся за Беларусь у тых неверагодных умовах вайны, акупацыі, голаду і разрухі. Змагаліся і дасягалі. Здавалася, ім нічога не ўдалося рэалізаваць надоўга і незваротна, але яны сваімі дзеяньнямі спраектавалі, пазначылі ўвесь далейшы шлях беларускай барацьбы і беларускага Адраджэньня. Зорка, запаленая імі, -- гарыць.
Антыбеларускую палітыку цяперашняга прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і няспынны націск вялікадзяржаўнай Масквы трэба разглядаць як вельмі небясьпечныя зьявы, як пагрозу для незалежнасьці і нацыянальнай культуры Беларусі (культуры, падкрэсьлю, якая стала цяпер, у сучасным сьвеце, чыньнікам нацыянальнага суверэнітэту). Небясьпека агульнанацыянальная. Супрацьстаяць антыбеларускаму рэжыму і агульнай пагрозе нацыі можна (і павінна) шляхам беларускай салідарнасьці. Трэба абараняць нашыя агульныя беларускія каштоўнасьці, і тады салідарнасьць можа злучыць усіх, незалежна ад партыяў і арганізацыяў. Такімі безумоўнымі агульнымі каштоўнасьцямі нацыі ёсьць дзяржаўная незалежнасьць, беларуская мова, беларуская культура, нацыянальны Бел-Чырвона-Белы сьцяг і гэрб “Пагоня”.
Агульная небясьпека і агульныя каштоўнасьці павінны злучаць усіх беларусаў у абароне свайго, у змаганьні за долю і волю, гэтак, як некалі, 90 гадоў таму, злучалі нашых продкаў пад сьцягам БНР, гэтак, як у легендарным 1991-м, у змаганьні з камунізмам злучылі пад нацыянальным штандарам Беларускі Народны Фронт.
Злучэньне народнай сілы дзеля вырашэньня агульных дэмакратычных і вазвольных задачаў нацыі мусіць даць плён. Скончыцца ганебны рэжым і адчыняцца вялікія пэрспэктывы, аб якіх марылі і за якія пачалі змагацца нашыя далёкія і родныя нам змагары 90 гадоў таму.

15 сакавіка 2008 г. Зянон ПАЗЬНЯК   

10 траўня 2008

Раздрукаваць?Раздрукаваць?

24 ліпеня 2008

Падзеі і факты

5-11 мая 2008

САКАВІК – 2008

11-га красавіка, адбылася дрэнная падзея, якая па значэньні для народа роўная публічнаму парваньню Сьцяга зграяй Ціцянкова і зьняцьцю Пагоні з Дому Ўраду. Рэжым дэмантаваў помнік Багдановічу ў Менску пад выглядам пераносу ў іншае месца. ›››

НАРОДНЫ МЭМАРЫЯЛ КУРАПАТЫ

Крок за крокам, дзень за днём, ня гледзячы на цяжкасьці і разбурэньні, сакралізуюцца Курапаты, вырастаюць крыжы побач з соснамі, разьлягаецца хвойная ціша… Там, дзе пра памяць забітых сьведчыць мноства людзей, -- там зьяўляецца і жыве шчыры народны дух. Гэта якраз адбываецца ў Курапатах. ›››

НЕЗАЛЕЖНАСЬЦЬ ЯК ПРАЦЭС АДРАДЖЭНЬНЯ

Пад тэрмінам “незалежнасьць” мы разумеем стварэньне (альбо аднаўленьне) незалежнай дзяржавы. У абодвух выпадках гэта працэс, які вынікае з культурнай, эканамічнай і ўвогуле – з нацыянальнай і жыцьцёвай неабходнасьці. ›››

УЛАДА ЦЕМРЫ

У гэтым лісьце я пазначу некалькі тэмаў, істотных для нашай пазыцыі і палітычнае барацьбы.
Мы бачым, што антыбеларуская палітыка і перасьлед усяго беларускага ўзмацняюцца. Краінай ужо амаль 14 гадоў кіруе чужая агрэсіўная цемра. Мы бачым таксама паэтапны плян вынішчэньня асноваў культурнага існаваньня Беларускай нацыі. Гэты плян выконваецца мэтанакіравана і пасьлядоўна. Парадак, сэнс і зьмест яго выкананьня вышэйшы за інтэлектуальныя магчымасьці чалавека, у руках якога апынулася ўся ўлада ў Беларусі. Тым часам якраз ён зьяўляецца пасьлядоўным і адэкватным яго выканаўцам. Антыбеларуская фобія знайшла адпаведную парадыгму палітыкі, распрацаваную ў лубянскай Маскве. ›››

21-27 студзеня 2008

Ліст аб агульнай беларускай справе

  Цяпер назіраецца ўзмацненьне рэпрэсіяў антыбеларускага рэжыму супраць беларусаў. Але адначасна мацнее і нашае супраціўленьне. Каб вынікова змагацца, мы, усе грамадзяне і патрыёты Беларусі, мусім дакладна ведаць дзьве рэальнасьці: першая – хто наш непрыяцель, чаго ён хоча і што робіць; другая рэальнасьць – чаму мы змагаемся, супраць каго, чаго хочам дасягнуць змаганьнем.

  Выніковасьць нашай беларускай барацьбы будзе залежыць ад разуменьня гэтых рэальнасьцяў. ›››