Падзеі і факты

ЗАХОП. АБ НОВЫМ РАСЕЙСКІМ ПЛЯНЕАКУПАЦЫІ БЕЛАРУСІ

Высновы

  Цяпер глянем яшчэ раз на выбух у Менску. З гледзішча ўсёй сытуацыі, як ўжо адзначана, – гэта была сігнальная ракета да пачатку пэўных дзеяньняў (да заплянаванай атакі). Яго падрыхтавалі і зрабілі тыя, для каго ён паслужыў сігналам у эскаляцыі рэпрэсіяў і акупацыйнай палітыкі ў рэчышчы выбарчай кампаніі і ўсяго маскоўскага пляну супраць Беларусі.

  Я ўжо пісаў раней, што выбух быў падрыхтаваны і выкананы высокімі прафэсіяналамі і не ў “малочным пакеце”. Удар меў накіраванае, нізавое, веернае дзеяньне, разьлічаны на паражэньне шрапнэльлю (шрубкі, болцікі) людзей у ніжнюю частку цела. На месцы выбуху добра відаць круглая выбуховая ямка. З аднаго боку ямкі -- кучка выкінутага грунту, з другога – відаць веерныя сьляды шрапнэлі, накіраванай у адзін бок. Ювелірнае выкананьне. Грунт перад лункай з аднаго боку кімсьці пасьля выбуху акуратна затаптаны.

  У гэты ж дзень месца выбуху ліквідавалі, старанна заклалі дзярном і прычасалі траву. Так замятаюць сьляды, а не наводзяць парадак.

  У схаванай агрэсіі Расеі вельмі небясьпечнымі ёсьць вайсковыя падрыхтаваньні. Рашэньне і намеры Масквы ўвесьці свае ракеты на Беларусь, спэцыяльныя вайсковыя падразьдзяленьні і стварыць тут мілітарную групоўку ёсьць адлюстраваньнем пляну завяршальнай стадыі акупацыі Беларусі. Калі б удалося выбарчымі маніпуляцыямі захапіць парлямант, забраць у свае рукі і пераўтварыць сталіцу Менск, захапіць прадпрыемствы і нацыянальную маёмасьць, ліквідаваць (ці хаця б ізаляваць) 1767 беларусаў жадобінскага сьпісу (пытаньне аб беларускім войску, міліцыі, КГБ, практычна, ужо не стаіць – усім камандуюць расейскія генэралы) – тады працэсы маглі б набыць незваротны кшталт, што абазначала б нацыянальную катастрофу.

Гебельсаўшчына

  Пра сур’ёзнасьць і сьмяртэльную небясьпеку маскоўскіх агрэсіўна-авантурных плянаў, якія выконваюцца ў нас на вачах, сьведчаць ня толькі факты, падзеі, становішча і аналіз гэтага становішча, але таксама сімптаматычныя паводзіны Масквы дзеля забесьпячэньня інфармацыйнага прыкрыцьця сваёй агрэсіўнай і захопніцкай палітыкі ў Беларусі.

  Дзесьці ў сакавіку гэтага года (новы акупацыйны плян ужо быў у дзеяньні і ў стадыі падрыхтоўкі) зьявілася ў друку такое жаўтаватае, на першы погляд, паведамленьне, што нейкі лёрд Бэл, спэцыяліст па рэклямна-інфармацыйных тэхналёгіях, будзе запрошаны ў Беларусь, каб палепшыць “імідж” Лукашэнкі. Экзатычнае паведамленьне ажывіла запалоханае з усіх бакоў журналісцкае асяроддзе, пахіхікалі крыху і супакоіліся. Тым часам падзея ня простая, і палітыкі, якія разумеюцца на працэсах, гэта адзначылі.

  26 сакавіка ў Сеціве (радыё “Свабода”) зьявіўся надзвычай грунтоўны, інфармацыйна насычаны і дакладны па палітычных акцэнтах артыкул Пётры Садоўскага “У павуціне дарагога піяру”, дзе ўсебакова, на фактах паказана дзейнасьць гэтага сьпечанага брытанскай сыстэмай лёрда з плебейскімі замашкамі. “Павук” (такая яго мянушка ў Вялікабрытаніі) зьяўляецца там, дзе пахне смаленым і круцяцца вялікія грошы. За грошы ён здольны на шмат што, відаць, узяўся б адбельваць нават д’ябла (ва ўсялякім разе Піначэта спрабаваў адбельваць, не задарма, вядома). “Доктар-Павук. Ён рухаецца туды, дзе крыза, дзе скандал, дзе цёмныя справы, -- піша Пётра Садоўскі, -- але заўсёды туды, дзе пахне вялікімі грашыма”.

  Выснова аўтара вельмі дакладная. (У дужках скажу, мяне заўсёды радуе, калі нашы фронтаўцы, дэпутаты Апазыцыі БНФ легендарнага ВС 12-га скліканьня, выдаюць, як палякі кажуць, “клясу” – гэта значыць узровень). “Думаю, -- піша П. Садоўскі, -- што візіт сп. Бэла ў Беларусь рыхтаваўся ня проста праз амбасаду. Папрацавалі тут больш высокія пасярэднікі… Галоўная бяда – у дызарыентацыі беларускай грамадзкай супольнасьці. Гэтая дызарыентацыя ўжо праглядаецца і ва ўрадавых колах, і ў шэрагах тых, хто лічыць сябе апазыцыянерам”.

  Дакладна. У “імідж” і “піяр” для Лукашэнкі адразу ж ня верылася. Засьвяціўшыся, лёрд Бэл зьнік. Пагуляўшы ў хованкі з паўгода, ён, як і трэба было чакаць, аб’явіўся пасьля выбуху і пасьля пэўных расейскіх заяваў, пра якія я тут узгадаў. У пачатку жніўня сродкі масавай інфармацыі паведамілі: “Брытанскі піяр-мэнэджэр Цімаці Бэл падпісаў кантракт зь беларускім урадам. Ён бярэцца за паляпшэньне іміджу краіны ў сьвеце”. Вось гэта тое, што было ад пачатку. Чакалі толькі сігналу. Сігнал прагрукатаў, і роўна праз месяц зьявіўся “лёрд” у сапраўднай іпастасі.

  А цяпер гнюсная проза. “Лёрда наняла Масква-Лубянка праз “беларускі ўрад” (г. зн. праз Лукашэнку) дзеля інфармацыйнага прыкрыцьця ў міжнародным маштабе ўсяго таго, што вытварае (і зьбіраецца вытвараць у бліжэйшы час) Масква на Беларусі. Пачакайма, мы яшчэ пачуем лёрдаўска-лубянскія пэрлы і пра сябе, і пра Маскву, і пра “язык издревле нам родной”. У інтэрв’ю замежным СМІ Цімаці Бэл пахваліўся, што плянуе зарабіць на кантракце мільёны. Не сумняваюся, Масква “мільёнаў” лічыць ня будзе, калі справа йдзе пра цэлую краіну.

  Успамінаецца Ганс Вік, які ўсяго за паўтары мільёны даляраў (брусэльскіх) у супрацоўніцтве з КГБ нарабіў столькі бяды на Беларусі. Гэтаму Масква заплоціць, відаць, болей. І шкоды ад яго можа стацца таксама зашмат.

Заключэньне

  Мне прыходзілася чытаць лекцыю на гэтую тэму беларусам Нью-Ёрку (можна набраць <Зянон Пазьняк 2008.08.03> па пошукавай сістэме “Google” і ўбачыць відэа). Не перастаю зьдзіўляцца нашай псіхалёгіі. Аналіз фактаў, прыведзеных у лекцыі, выклікаў здранцьвеньне і нешта накшталт упадка духу. Відаць, трэба ведаць асаблівасьці нацыянальнай псіхалёгіі і не распавядаць страшныя казкі. “Пусть лучше сказка станет былью.”

  Таму адразу адзначаю, што маскоўскія пляны складаюцца, як па нотах, але часта выконваюцца “по-русски” (гэта значыць, “как всегда”). Ужо ў гэтым ёсьць пэўны паратунак для тых, хто нічога ня будзе рабіць.

  Але дзейнічаць трэба. Трэба змагацца, супраціўляцца агрэсіі ўсімі спосабамі і сіламі. Ня думаю, што ўсё расейцам удасца, але шкоды нам яны наробяць.

  Гледзячы генэральна, агулам на ўсю сытуацыю, разам і паасобку, -- разумеем, што нідзе, ні ў чым мы сур’ёзна нічога не паправім (хіба пратрываем на час), не ўратуем, не адновім, не абаронім і ня сцьвердзім, пакуль Беларусяй будзе кіраваць агрэсіўная цемра, Лукашэнка і прамаскоўскі акупацыйны рэжым. Мы ўвесь час сьціскаемся, малеем і са стратай сучаснай беларускай школы, мовы, адукацыі і інтэлекту станем падаць у геаметрычнай прагрэсіі. Узурпатар абавязкова павінен адыйсьці ад улады, на якую ўжо даўно ня мае ніякага легальнага права. Адыйсьці хутка.

  Адзінай рэальнай перашкодай ягонаму хуткаму адыходу, якая павінна стрымліваць усіх, -- гэта негатовасьць забесьпячэньня перамогі нацыянальнай беларускай альтэрнатыве. Перамена ўлады без станоўчай нацыянальнай альтэрнатывы можа прывесьці да нечаканых і дрэнных вынікаў. Бо Масква прыдумвае сваю альтэрнатыву (што і было, напрыклад, на ўсіх прэзыдэнцках выбарах). Алетрэба ствараць гатовасьць для беларускай перамогі, рыхтавацца да яе, інакш змаганьне ня мае сэнсу. Барацьба супраць рэжыму ня можа спыняцца, але дзеля перамогі і дзеля Беларусі яна мусіць быць беларускай. Ня могуць на нашым палітычным Беларускім полі швэндацца дзеячы пад чужымі сьцягамі і клікаць людзей то ў хваробу, то ў Эўропу. Нам перад сабой перш за ўсё нельга выглядаць грамадзтвам балваноў (як нас ўжо назвалі псьля ганебнай “парцянкі”).

  Генэральнай задачай для грамадзтва зьяўляецца арганізацыя стрымліваючых чыньнікаў і правалу новага маскоўскага пляну. Падкрэсьліваю, гэта агульнанацыянальная задача, і яе ня так проста ажыцьцявіць без удзелу (хаця б частковага) розных групаў насельніцтва, у тым ліку чыноўнікаў і ўпраўленцаў. Небясьпека пагражае ўсім. Канкрэтная задача нумар 1. Нельга дапусьціць, каб рэжым і Масква, пры дапамозе апартуністаў з Захаду, пракруцілі свой сцэнар з недэмакратычнымі выбарамі і легітымізавалі б фальшывы парлямант, да таго ж (што вельмі верагодна) яшчэ й акрэсьлена прарасейскі. Адзіны мэтад супраціўленьня, які застаўся цяпер у людзей і які можа паўплываць на рэжым, -- гэта байкот галасаваньня, адмаўленьне галасаваць.

  Тым часам людзей, задзейнічаных у сістэме выбарчай фальсіфікацыі, зрушыць, здаецца, нічым немагчыма (нават сьмерцю і канцом сьвету). Трэба ведаць іх асобую прыроду адданасьці любой уладзе і асаблівы комплекс службізму.

  Тым ня менш, і тут патрэбная інфармацыйная праца. Бо бываюць і выключэньні.

  Вопыт і практыка паказалі таксама, што, фактычна, цалкам безнадзейна тлумачыць сытуацыю пра байкот і спадзявацца на здаровы сэнс сярод так званай “аб’яднанай” ці падстаўной “апазыцыі” – рэдкаснае спалучэньне поўнай палітычнай бяздарнасьці і маральнай безадказнасьці. Але пры пэўных умовах і тут магчымыя павароты.

  Сіла беларускага супраціўленьня можа быць рэалізавана ў людзях, якія глыбока зразумелі сутнасьць і непахіснасьць выбарчага ашуканства, зададзенасьць фальсіфікацыйнай машыны. Такіх людзей, што не жадаюць больш ісьці галасаваць, вельмі шмат, і гэта цяпер галоўны вызвольны рэсурс. Байкот – гэта цяжэй, чым галасаваньне, гэта – адкрытая барацьба з рэжымам. Трэба шмат зрабіць, каб настроі ператварыліся ў дзеяньне, і народ рашыўся б на змаганьне са злом (як некалі было ў 90 – х).

  Сярод канкрэтных задачаў, якія б трэба было адразу зрабіць, -- гэта вытурыць лёрда Бэла зь Беларусі. Справа, на якую яго наняла Масква, шкодная, амаральная і антыбеларуская. Мэтады ўзьдзеяньня на гэтага цёмнага чалавека могуць быць розныя. Важна, каб яго адсюль добра папрасілі і каб ён выкаціўся зь Беларусі як найхутчэй.

  Ваенны напад расейцаў на Грузію, рускія правакацыі ў Асеціі і Абхазіі ізноў, у каторы тысячны раз паказалі ўсяму сьвету, што гэта за краіна і якая там улада. Расейская вайна на Каўказе сьведчыць: тое, што гэбісцкая Масква вытварала ў Чачэніі, Прыднястроўі, раней у Прыбалтыцы, Аўганістане, Сярэдняй Азіі, цяпер у Грузіі – усё гэта яна здольная зрабіць і ў нас на Беларусі, і нават, як бачым, рыхтуецца да гэтага. Аднак ведайма: мы моцна пацярпелі ў гісторыі за нашу веліч, але ні адзін акупант зламаў тут сабе шыю. Скруціць і гэбісцкая Маскоўшчына.

8 жніўня 2008 г.   Зянон ПАЗЬНЯК

19 жніўня 2008

Раздрукаваць?Раздрукаваць?

20 лістапада 2008

Падзеі і факты

3-9 лістапада 2008

ДЗЯДЫ, ДЗЯДЫ,
БУДЗЬЦЕ З НАМІ!


(Выступ на Дзядах ў Курапатах)

  Дарагія землякі, дарагія фронтаўцы. Сёньня Сьвятыя Дзяды, і мы, як заўсёды, як вось ужо 20 гадоў, зноў тут, у Курапатах, разам з Дзядамі. Мы зноў, як і кожны год, прынесьлі сюды на плячах крыжы на безыменныя, брацкія магілы народа. Гэтак стварыўся і ствараецца далей Народны Мэмарыял Курапаты.

  Курапаты абверглі камуністычную хлусьню, быццам бы сталінскі тэрор і рэпрэсіі датычыліся ў асноўным толькі кампартыі і яе кіраўнікоў. Адкрыцьцём Курапатаў засьведчана, што быў плянавы генацыд Беларускага народа. Тут адкрытая ўлікі масавага забойства – прастрэленыя рэшткі людзей. Нас вынішчалі мэтадычна і па графіку. На Беларусі была створана цэлая сістэма масавых расстрэлаў, якая працавала, як машына. За часы савецкай акупацыі (улічваючы 20-я гады) камуністы забілі ў нас больш двух мільёнаў беларусаў. Прытым за пэрыяд нямецкай акупацыі каля паўмільёна беларусаў забілі так званыя “савецкія партызаны”, кіруемыя з Масквы і маскоўскім НКВД. ›››

13-19 кастрычніка 2008

№ 1

“Hарод заўсёды здольны абараніць сябе сам, калі адчуе сябе народам.”

(Ліст да сяброў Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і беларускіх адраджэнцаў)

  Скончыліся чарговыя фальшывыя выбары ў Беларусі. Галоўны вынік: непрызнаньне выбараў. Народны байкот адбыўся. Бальшыня беларусаў не прышлі галасаваць. Выбары сфальсіфікавалі. 28-га верасьня на Беларусі прагаласавала ня болш за 30 адсоткаў выбаршчыкаў (а ў Менску яшчэ менш). Беларусы не прызнаюць гэтыя выбары за сапраўдныя. Непрызнаныя яны таксама за дэмакратычныя і справядлівыя назіральнікамі АБСЭ. ›››

18-24 жніўня 2008

ЗАХОП. АБ НОВЫМ РАСЕЙСКІМ ПЛЯНЕ АКУПАЦЫІ БЕЛАРУСІ

Уступ

  Уся гісторыя беларускага дзяржаўнага (а потым этнічнага і культурнага) існаваньня ёсьць вечная і пэрманэнтная барацьба з Усходам за выжываньне і разьвіцьцё. Больш высокая цывілізацыйная арганізацыя Вялікага Княства Літоўскага давала магчымасьць пасьпяхова супрацьстаяць прымітыўнаму сілавому націску. Аднак у XVII стагоддзі становішча перамянілася. Сувязі з Візантыяй, дынастычныя шлюбы, умацаваньне азіяцкага абсалютызму прывялі да канчатковага сфармаваньня Маскоўшчыны як ваеннай дзяржавы і стварэньня агрэсіўнай ідэалёгіі гэтай дзяржавы, дзе ірацыянальнае імкненьне да экспансіі было спалучана з асэнсаваньнем яе як місіі ўсходняга (праваслаўнага) сьвету (Масква – трэці Рым… і г.д.).

  На шляху “трэцяга Рыму” стаяла галоўная перашкода – Вялікае Княства Літоўскае. ›››

ЗАХОП. АБ НОВЫМ РАСЕЙСКІМ ПЛЯНЕ АКУПАЦЫІ БЕЛАРУСІ

Высновы

  Цяпер глянем яшчэ раз на выбух у Менску. З гледзішча ўсёй сытуацыі, як ўжо адзначана, – гэта была сігнальная ракета да пачатку пэўных дзеяньняў (да заплянаванай атакі). Яго падрыхтавалі і зрабілі тыя, для каго ён паслужыў сігналам у эскаляцыі рэпрэсіяў і акупацыйнай палітыкі ў рэчышчы выбарчай кампаніі і ўсяго маскоўскага пляну супраць Беларусі. ›››

11-17 жніўня 2008

НОВЫ ПЛЯН АКУПАЦЫІ БЕЛАРУСІ

КАРОТКАЯ ІНФАРМАЦЫЯ

(Выступ на жнівеньскмм Сойме Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”)

  Аналіз падзеяў за гэты год, і асабліва за апошні месяц, паказвае на існаваньне новага шматступеннага расейскага пляну акупацыі Беларусі. Пра існаваньне гэтага пляну ведае Лукашэнка. Расейцы шмат што ўзгаднялі зь ім. Выбух у Менску 4-га ліпеня, падрыхтаваны расейцамі, паслужыў сыгналам да канкрэтных дзеяньняў, дастасаваных да выбарчай кампаніі. ›››