Падзеі і факты
13-19 кастрычніка 2008
№ 1
“Hарод заўсёды здольны абараніць сябе сам, калі адчуе сябе народам.”
(Ліст да сяброў Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і беларускіх адраджэнцаў)
Скончыліся чарговыя фальшывыя выбары ў Беларусі. Галоўны вынік: непрызнаньне выбараў. Народны байкот адбыўся. Бальшыня беларусаў не прышлі галасаваць. Выбары сфальсіфікавалі. 28-га верасьня на Беларусі прагаласавала ня болш за 30 адсоткаў выбаршчыкаў (а ў Менску яшчэ менш). Беларусы не прызнаюць гэтыя выбары за сапраўдныя. Непрызнаныя яны таксама за дэмакратычныя і справядлівыя назіральнікамі АБСЭ.
Такім чынам, дзякуючы працы нашай Партыі Фронту над байкотам галасаваньня, дзякуючы правільнай ацэнцы настрояў людзей (якія не жадалі больш галасаваць) і арыентацыі на гэтыя настроі, а таксама, дзякуючы агульным фіксацыям парушэньняў заканадаўства, якое занатавалі ўсе змагары з вабарчым фарсам, дасягнута галоўная задача нашага змаганьня ў гэтых выбарах: непрызнаньне іх за дэмакратычныя і нелегітымізацыя фальшывай палаты-парляманту. Гэта вельмі важны вынік, які дазваляе беларусам захаваць пазыцыі ў змаганьні з расейскай акупацыйнай палітыкай і эканамічнай агрэсіяй.
Масква хацела мець прарасейскі легітымны паплямант ў Беларусі, каб праз яго (абмінаючы і ціснучы на нелегітымнага Лукашэнку) замацоўваць тут, нібыта ў “прававым” полі, вынікі сваёй палітыкі (захоп беларускай маёмасьці, увядзеньне ракетаў, войска і г. д.). Прарасейскі парлямант яны сумесна з рэжымам прызначылі. Але зь “легітымнасьцю” – ня вышла, не ўдалося.
Ня будзем удавацца ў пытаньне, чаму рэжым павёў сябе такім чынам і не прыслухаўся да шулерскіх падказак з Эўропы (не уключыў “апазыцыянераў” у парлямант). Прычыны такіх паводзінаў рэжыму -- вядомыя і лягічныя. Тут ён спрацаваў на сябе.Нам жа галоўнае -- які вынік. А вынік такі, што рэжым застаўся пры сваім, а Масква не атрымала жаданага. Гэты варыянт захаваньня пазыцыяў найменш дрэнны з тых, якія маглі быць.
Вядома, вынікі былі б лепшыя, калі б у нас дзейнічалі нармальныя беларускія партыі, а не псэўдаапазыцыя па-за нацыянальнага кшталту. У сытуацыі, якая ўзьнікла, рэжым можна было паслаць у накаўт (калі б у час фальшаваньня “папярэдніх выбараў” псэўдаапазыцыя падтрымала байкот і зьнялася б з выбараў). Аднак, народжаны поўзаць, лятаць ня можа. Вырашылі, што лепш атрымаць мокрай анучай па твары ад Лукашэнкі, чам парушыць крэдытна-падмацаваны і некампетэнтны загад Брусэля ісьці да канца (толькі круглыя брусэльскія “разумнікі”, маглі сур’ёзна паверыць, што Лукашэнка выканае іхнюю прапанову пра 22-х “апазыцыянераў” ў парляманце). Зрэшты, хто, як і для чаго гэтую квазіапазыцыю стварыў, мы добра ведаем. За восем гадоў існаваньня яна нічога не дала Беларусі, акрамя шкоды, паразы, заблытваньня думак у галовах людзей і адводу іх ад нацыянальнага бачаньня рэчаіснасьці. Ніякіх, нават мінімальных, дасягненьняў яна ня мела і ніякіх пэрспэктываў ператварыцца ў нацыянальную беларускую сілу ня мае. З гэтай публікай трэба разьвітвацца без шкадаваньня. Чым хутчэй яна зьнікне і разьбяжыцца, тым лепей для Беларусі. Гэтыя выбары (у якіх псэўдаапазыцыя ўдзельнічала “да канца”) якраз паказалі яе поўную залежнасьць ад чужой палітыкі і ад чужых інтарэсаў, яе незацікаўленасьць лёсам нацыі і, фактычна, нежаданьне яго разумець.
Становішча пасьля выбараў можна ацаніць для беларусаў як захаваньне ранейшых пазыцыяў усіх бакоў. Але гэта часова. Сытуацыя будзе мяняцца ў сувязі з насіленьнем агрэсіі расейскага гэбізму, якую мы ўжо даўно назіраем у нашай частцы Эўропы. Новае тут толькі тое, што пасьля расейскага нападу на Грузію гэтая разбойная палітыка, нарэшце, напалохала сонную Эўропу, занятую сваімі лібэральнымі псэўда-праблемкамі. Расейская агрэсія ў Чачэніі, варварскае забіваньне чачэнскіх людзей і вынішчэньне Чачэніі на вачах усяго чалавецтва ім аказалася замала, каб праймацца (відаць, інтэрас быў недастатковы.) Цяпер, пасьля расейска-грузінскай вайны, эўрапалітыка стала рухацца ў геапалітычным кантэксьце. А гэта азначае, што так званыя “каштоўнасьці дэмакратыі”, “правы чалавека” і іншая папулярная лева-дэмагогія адыходзіць на другі плян. На першы плян становіцца інтэрас бясьпекі дзяржаўнага, эканамічнага і культурнага існаваньня, пытаньне тэрыторыяў і разьмеркаваньне сілы.
У гэтай сытуацыі псэўдаапазыцыя, створаная Гансам Вікам і КГБ, пад дэмагагічны тэзіс “правоў чалавека”, ёсьць абсалютна не прыдатная да такой “экзыстэнцыяльнай” палітыкі, і нават для выкарыстаньня з прычыны сваёй пазыцыйнай дурноты, адсутнасьці нацыянальнай ідэалёгіі і адсутнасьці разуменьня сэнсу палітычнае барацьбы ў Беларусі. Вікаўская падстаўная апазыцыя – гэта тыповая маргінальная зьява, якую стварылі па-за межамі беларускіх нацыянальных інтарэсаў і выцягнулі на паверхню ў інтарэсах Эўразьвязу, Масквы і нават рэжыму (пра што ня раз сьведчыў Лукашэнка). Цяпер, у абставінах, пра якія мы ўсяму Захаду цярпліва даводзім з 1994-га года, Эўропа расплюшчыла вочы, занепакоілася і, не разважаючы, ідзе на кантакт з прамаскоўскім рэжымам Лукашэнкі, дэманструе тым самым поўнае фіяска ўсёй сваёй ранейшай павярхоўнай, прарасейскай і прымітыўнай палітыкі ў дачыненьні да Беларусі. (Самае істотнае, што ў гэтай эўрапалітыцы і “дэмакратыі” няма месца для беларускага народа.)
У сярэдзіне 90-х гадоў існавала моцная нацыянальная беларуская альтэрнатыва прамаскоўскаму рэжыму. Гэта Беларускі Народны Фронт, які яднаў увесь антырэжымны рух. У той сытуацыі актуальным быў сэнс зьмены ўлады, бо ў гэтым выпадку (у выпадку пераходу ўлады да БНФ) Масква мусіла б згарнуць сваю акупацыйную палітыку на Беларусі. Менавіта праз Ганса Віка і менскую Місію АБСЭ нямецкая Эўропа, штурхаючы свае асобныя пляны, спрычынілася да разбурэньня БНФ – нацыянальнай альтэрнатывы прамаскоўскаму рэжыму і дыктатуры ў Беларусі. На гэта былі адпушчаныя вялікія сродкі. Эўрапалітыкі-разьведчыкі дзеля разбурэньня БНФ не спыніліся нават перад супрацоўніцтвам з КГБ (Ганс Вік) і з рэжымам Лукашэнкі. Урэшце вынік быў дасягнуты, Фронт распалавінілі і побач стварылі ненацыянальную, неадраджэнскую “дэмакратычную апазыцыю” з агентуры, саўковай інтэлігенцыі, з былой намэнклятуры і былых хаўрусьнікаў Лукашэнкі, з падкантрольных малых партыяў, з нацыянальна аморфных, наіўныхі проста з нацыянальна нявызначаных і, больш таго, -- варожых да беларушчыны людзей, куды ўпіхнулі нават Гайдукевіча і камуністаў ды грантавых шабашнікаў, заўсёды гатовых падзарабіць “на палітыцы” і на чым трапіцца. Восем гадоў пры дапамозе гэтай псэўдаапазыцыі левая Эўропа і Масква нішчылі беларускую нацыянальную палітыку на Беларусі, імітуючы барацьбу з рэжымам за “дэмакратыю” і правы бесталковага чалавека. І вось фініш. Саляна тэлефануе Лукашэнку, Сікорскі спатыкаецца з Мартынавым, п’е зь ім самагонку, закусвае зубрацінай.
“Нас кінулі!” – па-крымінальнаму лемантуюць гэтыя няшчасныя “апазыцыянеры” пасьля выбарчай камэдыі, не разумеючы, што адбываецца. Тым часам фарс пашыраецца. Я ўжо пісаў у папярэднім лісьце (“Яшчэ раз аб так званым “геапалітычным” выбары рэжыму” --
Аднак трэба разумець, што на этапе геапалітыкі любая апазыцыя рэжыму (акрамя нацыянальнай) патрэбная і Маскве, і Эўразьвязу. Завязка толькі на рэжымную ўладу (а фактычна, на Лукашэнку) пазбавіла б усходніх і заходніх палітыкаў манэўру, уплыву на “прадмет палітыкі” і на разьвіцьцё пэрспэктывы. Таму ні Эўразьвяз, ні Масква падстаўную “апазыцыю” ня “кінуць”. Яна ім патрэбная для маніпуляцыяў, падціскаць узурпатара і нішчыць, прафанаваць беларускае Адраджэньне.
Акрамя ўжо існуючай лініі паралельных кантактаў, арыентаванай на Эўразьвяз (А. Мілінкевіч), Масква пачала выбудоўваць таксама другую лінію, нацэленую праз Эўразьвяз -- на ЗША. Дзеля гэтага, відаць, быў выпушчаны з турмы А. Казулін. Сумніўна, што ў Лубянкі з гэтага нешта пуцёвае будзе (улічваючы асабістыя якасьці Казуліна), але спробы такой стандартнай гульні назіраюцца.
Тым часам ва ўмовах, дзе геапалітычны крытэрай ёсьць галоўны, цалкам не зацікаўлены ўіснаваньні любой апазыцыі павінен быць А. Лукашэнка. Узурпатару лепш завязаць інтарэсы Захаду і Ўсходу на сябе аднаго і маніпуляваць адносінамі. Таму ягоная нядаўняя заява аб зьнікненьні “апазыцыі” у бліжэйшы час мае асэнсаваны зьмест. Ён бы ліквідаваў яе, аднак зрабіць гэта цалкам яму не дадуць Масква і Захад, якім патрэбны гэты канал. Але ў новых рэпрэсіях і арыштах можна не сумнявацца.
І ўсё ж дзеля цывілізаванага вобразу і камуфляжу ўзурпатару патрэбна мець нейкі фантом апазыцыі з нібыта “канструктыўным” абліччам (тады АМАП і спэцназ будуць біць і хапаць на вуліцах не “апазыцыю”, а “экстрэмістаў” і “тэрарыстаў”). Можна не зьдзіўляцца, калі такую “канструктыўную апазыцыю” раптам сфармуюць.
Трэба, аднак, разумець, што ўсялякія маніпуляцыі непрыяцеляў беларускага Адраджэньня з падстаўной апазыцыяй ды іншымі фантомамі, нягледзячы на шкоднасьць, ня будуць мець вырашальнага значэньня ў змаганьні на Беларусі. Зыход барацьбы залежыць толькі ад самых беларусаў. І цяпер, калі вымоўна агалілася агрэсіўная імпэрская палітыка расейскага гэбізму, калі шмат хто па-сапраўднаму зразумеў небясьпеку, паўстае пытаньне аб агульным дзеяньні, трэба задумацца пра сутнасьць паводзінаў, пра агульны беларускі шлях.
Гэты шлях заўсёды, і асабліва цяпер, ёсьць шлях да беларускай нацыянальнай ідэі. Усе іншыя шляхі, на якія штурхаюць людзей ворагі Бацькаўшчыны, ёсьць шляхі ў небыцьцё. Нацыянальная ідэя пачынаецца з нацыянальнай мовы. Беларуская мова ёсьць нацыянальная каштоўнасьць нумар адзін. Гэта ёсьць душа, сродак перадачы і тэрыторыя нашай культуры.
Усялякая нацыянальная ідэя грунтуецца на нацыянальнай сьведамасьці, якая ў сваю чаргу грунтуецца на чалавеку, які усьведамляе сябе нацыяй. Усьведамленьне сябе нацыяй азначае, што кожная асоба нацыі ўспрымае сябе народам – часткай агульнай культурнай лучнасьці, якая стаіць на гісторыі.
Усялякая нацыя імкнецца рэалізаваць сваё жыцьцё, гісторыю і будучыню ў незалежнай нацыянальнай дзяржаве. Такім чынам, мова, сьвядомасьць, гісторыя, культура і незалежная нацыянальная дзяржава – вось галоўныя складнікі нацыянальнай ідэі, якія для кожнага нацыянальна культурнага чалавека зьяўляюцца прынцыпамі грамадзкага існаваньня. Палітыка, эканоміка, сацыяльнае ўладкаваньне і г.д. ёсьць вытворнае ад нацыянальнай ідэі.
Ня стаўшы на нацыянальны шлях, грамадзтва не дасягае свабоды, -- каштоўнасьці, якую можна рэалізаваць толькі ў незалежнай нацыянальнай дзяржаве.
Беларусам трэба станавіцца салідарнымі на нацыянальных каштоўнасьцях і яднацца ў нацыянальнай ідэі. Найперш гэта павінна зрабіцца агульным станам, зь якога можа вылучыцца салідарны рух за вольную будучыню і разьвіцьцё Беларусі. На нацыянальнай ідэі павінны узьнікаць асяродкі, арганізацыі, суполкі, ініцыятывы, калектывы і рухі – крыніцы і ручаінкі, што імкнуцца да вялікай вады. Інакш ня ўзьнікне рака, ня стане магутная плынь.
* * *
Цяпер, у міжчасьсі, трэба нагадаць грамадзтву, што дамова, заключаная Лукашэнкам і Ельцыным у сьнежні 1999 года аб нейкай “саюзнай дзяржаве”, ёсьць ня толькі незаконная, неканстытуцыйная, нелегальная, але зьяўляецца сьведчаньнем злачынства, учыненага супраць Канстытуцыі і народу Беларусі. Усё, што робіцца пад прыкрыцьцём псэўдаструктураў гэтай абалонкі “саюзнай дзяржавы” ёсьць нелегальным, антызаконным дзеяньнем, ня мае ніякага праўнага значэньня і будзе асуджана новай беларускай дэмакратычнай уладай.
Расейскія намеры ўвесьці на Беларусь свае ракеты і войска пад выглядам небясьпекі і абароны ад лякатараў амэрыканскага супрацьпаветранага шчыта ў Чэхіі і Польшчы груба супярэчаць Канстытуцыі Беларусі, якая забараняе такія дзеяньні. Расея гэтым самым плянуе прыхаваную форму акупацыі Беларусі. Але беларускае грамадзтва не дапусьціць чужога войска і ракетаў на сваю тэрыторыю. Ужо цяпер мы павінны аднавіць дзеяньні (створаных у 2002 г.) “камітэтаў абароны” ў Менску і па Беларусі, даваць інфармацыю людзям пра антыбеларускія пляны расейскіх імпэрыялістаў, каб спыніць замашкі Масквы. Адной з формаў пратэсту можа стаць збор подпісаў у Канстытуцыйны суд аб недапушчэньні злачынных перамоваў на тэму ўвядзеньня ракет.
Мы мусім таксама аднавіць дзеяньне акцыі “Асіміляцыя – злачынства супраць чалавецтва” і пачаць зноў рассылку гэтага дакуманта па вызначаных адрасатах у Беларусі, ад якіх залежыць прыняцьце рашэньняў.
Новым нашым дзеяньнем павінна стаць усеагульная грамадзкая акцыя “Абаронім Менск ад разбурэньня”. Трэба моцна супроцьстаяць намерам маскоўска-лужкоўскай мафіі разбурыць з дазволу Менскага Гарвыканкама цэнтар Менска і пабудаваць там вышынны асяродак для маскоўскага крымінальнага і азартнага бізнэсу з мноствам хмарачосаў. Калі гэты шматмільярдны маскоўскі плян быдзе выкананы, Менск ператварыцца ў чужы крымінальны горад, у якім беларусам-менчукам стане немагчыма жыць. Гэта таксама адна са старонак агульнага расейска-гэбоўскага пляну акупацыі Беларусі, шляхам стварэньня архітэктурна-будаўнічых дэсантаў, перасяленьня і пабудовы крымінальна-бізнэсовых расейскіх паселішчаў на нашай тэрыторыі. Сваю акупацыйную палітыку рускі гэбізм навучыўся прыкрываць нібыта інтарэсамі вольнага бізнэсу. Але ў Расеі цяпер няма вольнага (некантралюемага КГБ) бізнэсу, гэтак жа, як і ў Беларусі, дарэчы, таксама.
Формы пратэсту могуць быць розныя: ад збору подпісаў у Менгарвыканкам да стварэньня грамадзкіх ворганаў мясцовага самакіраваньня.
У нашай грамадзкай адраджэнскай працы мы павінны памятаць, што любая ініцыятыва набывае сэнс, калі пранікае ў гушчу людзей і пачынае самаразьвівацца. У гэтым уменьні павінна быць цяпер нашая тактычная мэтода і палітычнае пакліканьне. Бо памятайма: народ заўсёды здольны абараніць сябе сам, калі адчуе сябе народам.
4 верасьня 2008 г. Зянон ПАЗЬНЯК
14 кастрычніка 2008