Падзеі і факты

26-31 студзеня 2009

ВЫХАД З КРЫЗІСУ

  Фінансава-эканамічны крызіс абняў палову сьвету, асабліва захапіў Эўропу і Амэрыку.

  У розных краінах ён адбываецца па-рознаму. Усюды церпяць бізнэс, вытворчасьць, гандаль і банкі. Але, трэба сказаць, простага чалавека ў Заходнім сьвеце крызіс закрануў найменш даткліва. Тым часам у нас, на Беларусі, ён стукнуў найбольш па простых людзях, па ўсім народзе. Чаму так адбылося, што робіцца і што рабіць у гэтым становішчы?

  Крызіс высьпяваў даўно і зьвязаны ён з несувымерным павелічэньнем цаны за нафту, якая зьяўляецца адным з базавых чыньнікаў фармаваньня цэнаў на тавары і адыгрывае ў сучасным сьвеце ролю каталізатара сусьветных грошай (даляра). Актыўна спрыяла гэтаму працэсу (палітычнымі мэтадамі) гэбоўская Расея, эканамічнае існаваньне якой залежыць ад цаны на нафту.

  Адначасна з ростам цэнаў на нафту адбывалася штучнае зьніжэньне курсу амэрыканскага даляра з боку Амэрыкі і інтэнсіўнае падвышэньне кошту нерухомасьці. Наступны этап – падвышэньне курсу даляра і зьніжэньне цаны нерухомасьці.

  На гэтых кіруемых працэсах нажываюцца краіны-экспарцёры нафты (найбольш Расея) і асабліва (на манiпуляцыях зь нерухомасьцю і курсах) -- групы, якія ўплываюць на фармаваньне курсу сусьветнай валюты і цэнаў на нерухомасьць. Летам мінулага году сістэма дала збой – банкі пераацанілі свае магчымасьці: ня вытрымаў амэрыканскі народ, ня змог плаціць па крэдытах (лопнула іпатэка). Пачаўся фінансавы крызіс, дакладную прычыну якога “ня ведаюць” самы стратэгі і аўтары працэсаў. Паказальнае выступленьне (былога ўжо) старшыні Фэдэральнай Рэзэрвавай Сістэмы ЗША, прызнанага аўтарытэта ў фінансавым сьвеце Алана Грынспэна ў Кангрэсе ЗША ў кастрычніку мінулага году. Ён сказаў, што “памыліўся”, што сорак гадоў усё атрымлівалася, а тут “памыліўся”, і ўсё перакулілася.

  Расея, дзе няма нармальнай капіталістычнай эканомікі і нармальнай, адпаведнай банкаўскай сістэмы, дзе гэбоўская група ўлады пампавала свае нафта-даляры і думала, што так будзе вечна, гэтая Расея адчула крызіс адразу і адразу ён набыў там пачварныя формы. Усё гэта было цалкам прадказальным, варта было толькі падумаць.

  Вялікай небясьпекай і злачынствам перад будучыняй было б зьвязаць большую палову нацыянальнага гандлю краіны і адзіны імпарт рэсурсаў з такой дзяржавай, як Расея. Але рэжым Лукашэнкі менавіта гэтакае злачынства сьведама і зрабіў. Крызіс у Беларусь прыйшоў найперш з Расеі. Рэжым не рабіў нічога, каб яму запабегчы. Наадварот, гаворачы людзям пра ўяўную стабільнасьць, рыхтуючы вялікую дэвальвацыю, рэжым штучна трымаў заніжаную цану ў беларускіх рублях за даляр у той час як даляр зь лета мінулага году йшоў у гару. Гэта, як можна меркаваць, дало магчымасьць атрымаць выгаду тым, хто ведаў пра дэвальвацыю.

  Дзейнасьць рэжымнага кіраўніцтва Беларусі ва ўмовах крызісу, які яно наклікала, прадыктаваная выключна і толькі клопатам пра захаваньне сваёй улады, гэтак жа як і рэакцыя на новыя дачыненьні Эўразьвязу да палітыкі антыбеларускага рэжыму. Нічога ў прынцыпе не зьмянілася і ня будзе зьмяняцца ва ўнутранай палітыцы на Беларусі (акрамя маленькіх і паказушных саступак, якія не зьяўляюцца нават тэндэнцыяй). Зьнішчэньне ўнутранага рынку гэтак жа, як і зьнішчэньне нацыянальнай беларускай культуры, працягваецца.

  Сустрэча зь прэзыдэнтам Юшчанкам, якая нядаўна адбылася ў Чарнігаве, і чарговая ўяўная зацікаўленасьць Лукашэнкі праектам Балта-Чарнаморскага калектара (БЧНК), за ажыцьцяўленьне якога ўвесь час змагаўся Народны Фронт, -- гэта зноў чарговае гульбішча рэжыму, каб выцыганіць малую цану за газ ад пуцінскай Расеі. Атрымалі цану, і на гэтым цікавасьць да БЧНК скончыцца. БЧНК ніколі ня стане зьместам эканамічнай палітыкі лукашысцкага рэжыму, як ніколі ня стане марыянэтка распараджацца сабой. Асобным эканамічным і палітычным накірункам дзеяньня БЧНК быў толькі ў Народным Фронце. Ажыцьцяўляючы гэтую ідэю, мы добра ўсьведамлялі, каму яна будзе непадабацца. За БНФ і ўкраінскім Рухам стаяць ужо міжнародныя дачыненьні і пагадненьні, распрацоўка праектнай дакумэнтацыі па БЧНК і нават ахвяры (зьнікненьне адказнага па Калектару ад Народнага Руху Ўкраіны Міхайлы Байчышына ў 1993 годзе разам з дакумантамі БЧНК). БЧНК не для антыбеларускага рэжыму і не для Лукашэнкі.

  Жыцьцё беларусаў за гэтай уладай будзе няўхільна пагаршацца. Рэжым ня здольны выйсьці з крызісу не разбурыўшы грамадзтва і эканоміку, не абрабаваўшы народ і не загнаўшы яго ў галечу (хаця крызіс сам па сабе павінен прыносіць аздараўленьне). Аздараўленчае выйсьце з крызісу можа адбыцца толькі пры адхіленьні гэтага рэжыму ад улады. Аналіз паказвае, што наперадзе – грамадзка-эканамічны стрэс і вельмі цяжкі час, калі толькі ня ўдасца хутка адвязацца ад вялікадзяржаўнага ціску Расеі і пазбавіцца ад кіруючага рэжыму на Беларусі. У крызіснай сытуацыі беларускі народ у прынцыпе мог бы выжыць сам, калі б у яго была элемэнтарная свабода дзеяньняў і доступ да саёй нацыянальнай уласнасьці. Але, зразумела, што яму не дадуць дыхнуць, а будуць толькі душыць (дачыненьні з дробнымі прадпрыймальнікамі – характэрная ілюстрацыя).

  Трэба было б у гэтым становішчы даць людзям волю, каб яны маглі ўнутры краіны рабіць (вырабляць), што хочуць і прадаваць, што хочуць, дзе хочуць і каму хочуць. Патрэбныя на гэтую дзейнасьць і на гэты час спрошчаныя невысокія падаткі. Доступ грамадзянаў Беларусі да зямлі. Заахвочваць прыватныя фермы і хутары. Трэба спрасьціць і аблегчыць грамадзянам выезд на працу (на заробкі) за мяжу. Трэба панізіць мінімум ў дзесяць разоў арэндную плату за памяшканьні, за рабочыя месцы на рынках, у варштатах і г. д. Трэба ўвогуле скасаваць мафійную манаполію на нерухамасьць, якой незаконна распараджаецца адзін чалавек. Спыніць беспэрспэктыўнае будаўніцтва “аграгарадкоў” і г. д. па ўсёй шкале, з чаго адразу відаць, што пры гэтым рэжыме зрабіць нічога немагчыма. Крэдыты ад МВФ (можаце лічыць гэта за жарт) патрацяць на пабудову лядовых палацаў у “Казючыках” (адпрацаваная форма “адмыўкі” грошай і крадзяжу).

  Ашчадны выхад з крызісу, паўтаруся, вымагае толькі палітычнага рашэньня – ліквідацыі рэжыму, які гэты крызіс падрыхтаваў. Дзеля гэтага трэба, мінімум, наяўнасьць пратэстных настрояў у грамадзтве і наступная іх кансалідацыя на ідэі зьмены кіраўніцтва і вяртаньня законнай Канстытуцыі 1994 года, якая дасьць магчымасьць хутка ўпарадкаваць нармальную сістэму ўлады ў краіне. Адпадаюць усе пытаньні пра “палаткі”, “сэнат”, “вертыкаль”, выбарчае заканадаўства і пра аўтарытарнага прэзыдэнта. У Беларускай дэмакратычнай Канстытуцыі, якую незаконна адмяніў Лукашэнка, усё напісана як рабіць.

  У падрыхтоўцы людзей да патрабаваньня зьмены збанкрутаванай улады ўзурпатараў і фальсіфікатараў ёсьць першыя крокі да палітычнага выхаду з крызісу і задача грамадзянаў краіны. Найперш бачу ў гэтым галоўную задачу тых патрыётаў, якія стаяць на пазыцыях Адраджэньня, змаганьня, незалежнасьці і беларускай дэмакратыі і не пабеглі, як так званая вікаўская “апазыцыя”, прасіцца на службу да рэжыма, каб дапамагчы ацалець прамаскоўскай ўладзе. Крызіс ужо расстаўляе шмат што на сваё месца. Небясьпеку для незалежнасьці Беларусі уяўляе ня крызіс, а існуючы антыбеларускі рэжым. Каб ратаваць краіну трэба не падтрымліваць рэжым, а зьнішчыць яго.Трэба скарыстаць крызіс, каб ліквідаваць уладу цемры. Беларусам даецца шанц. Пасьля крызісу павінна стаць выздараўленьне. Але патрабуецца толькі адно – хваробу перамагчы.

24 студзеня 2009 г. Зянон ПАЗЬНЯК

30 студзеня 2009

Раздрукаваць?Раздрукаваць?

10 сакавіка 2010

Падзеі і факты

9-15 сакавіка 2009

      ЦЯЖКІ ЧАС

  Клясычнае нацыянальнае адраджэньне, дзе б яно ні было, зьвяртаецца да гісторыі, змагаецца за сцьвярджэньне нацыянальнай мовы, культуры і дзяржаўнай незалежнасьці. Гэтак сама разьвіваўся і беларускі нацыянальна-вызвольны рух. Але ёсьць выключная гістарычная асаблівасьць беларускага змаганьня, якую я назваў бы “беларускай (дакладней, літоўскай) трагедыяй”. Пачалася яна з таго, што ў XVIII ст. супраць вялікай літоўскай цывілізацыі (ВКЛ) і Польшчы аб’ядналася заходняя Эўропа (немцы) і ўсходняя тыранія (Масква). Наша вялікая дзяржава перастала існаваць. Аднак мэта маскоўскага забору была ня проста павелічэньне тэрыторыі, а вынішчэньне нас як народа, разбурэньне культуры, ліквідацыя літоўскай адукацыі, рэлігіі, вытворчасьці, землеўладаньня і сацыяльных вярхоў грамадзтва; наступны этап – русіфікацыя астатняга насельніцтва. Па іхняй задуме, нішто не павінна было нагадваць пра Вялікае Княства, і ніколі ўжо не павінна была паўстаць Літва. ›››

26-31 студзеня 2009

ВЫХАД З КРЫЗІСУ

  Фінансава-эканамічны крызіс абняў палову сьвету, асабліва захапіў Эўропу і Амэрыку.

  У розных краінах ён адбываецца па-рознаму. Усюды церпяць бізнэс, вытворчасьць, гандаль і банкі. Але, трэба сказаць, простага чалавека ў Заходнім сьвеце крызіс закрануў найменш даткліва. Тым часам у нас, на Беларусі, ён стукнуў найбольш па простых людзях, па ўсім народзе. Чаму так адбылося, што робіцца і што рабіць у гэтым становішчы? ›››

5-11 студзеня 2009

ЛУКАШЭНКА ПАВІНЕН ЗЫЙСЬЦІ!

(Ліст сябрам Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ. 9 студзеня 2009 г.)


  Гэты мой кароткі ліст будзе ацэначным, бо спадзяюся, што апошнія падзеі на Беларусі і ў сьвеце Вам добра вядомыя і пазнавальныя, не вымагаюць доўгага аналізу, бо зьяўляюцца працягам таго, што існавала і было вядома раней. Наша пазыцыя тут вызначана. Падкрэсьлю, аднак, істотныя нашыя ацэнкі па трох тэмах, якія клапоцяць грамадзтва, -- гэта фінансава-эканамічны крызіс, дэвальвацыя і нішчэньне прадпрыймальніцтва. ›››

1-7 снежня 2008

Сьветлая, вольная Беларусь
хай стане нашым сьцягам!


  Споўнілася 20 гадоў Народнаму Фронту – арганізацыі, дакладней, руху, які адчыніў новую старонку ў гісторыі Беларусі. Самае галоўнае: была дасягнута рэальная незалежнасьць Беларусі, закладзены структурныя і праўныя асновы незалежнай беларускай дзяржавы, падрыхтаваны палітычны і ідэалягічны крах каляніяльнай камуністычнай сістэмы і сьветапогляду. Была адчыненая магчымасьць (да 1994 г.) культурна-нацыянальнага адраджэньня і разьвіцьця Беларускага народа. ›››

3-9 лістапада 2008

ДЗЯДЫ, ДЗЯДЫ,
БУДЗЬЦЕ З НАМІ!


(Выступ на Дзядах ў Курапатах)

  Дарагія землякі, дарагія фронтаўцы. Сёньня Сьвятыя Дзяды, і мы, як заўсёды, як вось ужо 20 гадоў, зноў тут, у Курапатах, разам з Дзядамі. Мы зноў, як і кожны год, прынесьлі сюды на плячах крыжы на безыменныя, брацкія магілы народа. Гэтак стварыўся і ствараецца далей Народны Мэмарыял Курапаты.

  Курапаты абверглі камуністычную хлусьню, быццам бы сталінскі тэрор і рэпрэсіі датычыліся ў асноўным толькі кампартыі і яе кіраўнікоў. Адкрыцьцём Курапатаў засьведчана, што быў плянавы генацыд Беларускага народа. Тут адкрытая ўлікі масавага забойства – прастрэленыя рэшткі людзей. Нас вынішчалі мэтадычна і па графіку. На Беларусі была створана цэлая сістэма масавых расстрэлаў, якая працавала, як машына. За часы савецкай акупацыі (улічваючы 20-я гады) камуністы забілі ў нас больш двух мільёнаў беларусаў. Прытым за пэрыяд нямецкай акупацыі каля паўмільёна беларусаў забілі так званыя “савецкія партызаны”, кіруемыя з Масквы і маскоўскім НКВД. ›››