Падзеі і факты
Вольным беларусам трэба браць лёс бацькаўшчыны ў свае рукі
Дарагія землякі, дарагія беларусы! Толькі што скончыліся фальшывыя выбары Лукашэнкі, які прысвоіў сабе па папярэдніх падліках каля 90 адсоткаў галасоў. Цяпер вы пераканаліся, што замест выбараў адбылося бессаромнае арганізаванае ашуканства народу. Лукашэнка па закону ня меў права ўдзельнічаць у гэтых выбарах. Тое, што, ня маючы права выбірацца, ён ужываў сілу, прымусовыя мэтады, арышты, зьбіцьцё і перасьлед апанэнтаў у час выбарчай кампаніі і сфальсіфікаваў вынікі галасаваньня, -- гэта сьведчыць аб дзяржаўным замаху і гвалтоўным захопе ўлады ў Беларусі.
З. Пазьняк: “Гэта ашуканства. Трэба ствараць нацыянальны часовы ўрад”
Сяргей Навумчык, Прага. Папярэднія вынікі выбараў з Варшавы камэнтуе старшыня Кансэрватыўна- Хрысьціянскай партыі БНФ Зянон Пазьняк.
(Навумчык: ) Спадар Зянон, як Вы ацэньваеце папярэднія вынікі сёньняшніх выбараў?
(Пазьняк: ) “Тое, што павінна было адбыцца --тое і адбылося. Пра гэта казалася мной яшчэ перад Новым годам. Гэта ніякія не выбары. Гэта ашуканства беларускага народа, нахабнае і цынічнае. Лукашэнка прысвоіў сабе больш як 80 адсоткаў, ён ня меў права ўдзельнічаць у гэтых выбарах, таму выбары незаконныя. Лукашэнка ня ёсьць прэзыдэнтам, і гэтыя выбары нельга лічыць легітымнымі. Гэта відавочна і адназначна”.
20-26 лютага
НАРОДНАЕ ГАЛАСАВАНЬНЕ – ШАНЦ ПЕРАМОГІ
(рэліз для замежжа)
Аўтарытарным прамаскоўскім рэжымам у Беларусі створана дзяржаўная фальсіфікацыйная сістэма галасаваньня і правядзеньня выбараў. Сутнасьць яе палягае на поўным кантролі над дзейнасьцю ўсіх выбарчых камісіяў і на цалкавітай залежнасьці ўсіх чальцоў гэтых камісіяў ад адміністрацыі ўлады (склад камісіяў фармуе рэжым). Апазыцыйна настроеных да рэжыму асобаў ў камісіі не дапускаюць. У 2004 годзе ў час выбараў і незаконнага рэфэрэндуму фальсіфікацыйная машына галасаваньня прадэманстравала сваю таталітарнасьць: галасы нават не падлічвалі; чальцы камісіі падпісвалі заранёў складзеныя адміністрацыяй улады пратаколы галасаваньня з патрэбнымі для рэжыму вынікамі.
2 студзеня-8 студзеня
Прыватны дзёньнік: Зянон Пазьняк.
Зянон Пазьняк, Варшава.Новая перадача сэрыі “Прыватны дзёньнік”. Асабістымі думкамі пра пражытае і перажытае ў апошні тыдзень 2005 году са слухачамі “Свабоды” дзеліцца лідэр Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ “Адраджэньне”, кандыдат на пасаду прэзыдэнта Рэспублікі Беларусі Зянон Пазьняк.
26 сьнежня-1 студзеня
ГОДНАСЬЦЬ І СПРАВЯДЛІВАСЬЦЬ
Паважаныя землякі! Дарагія беларусы!
Віншую ўсіх з Новым Годам! Няхай гэты год стане шчасьлівым для нашай дарагой Бацькаўшчыны! Няхай прынясе нам волю і росквіт нашай культуры, умацуе дабрабыт нашага народа.
Зычу нам добрых пераменаў, што забясьпечылі б усім павагу і моцнасьць асобы, справядлівы парадак у нашай краіне, каб кожны беларус пачуўся і стаў гаспадаром сваёй Бацькаўшчыны, каб мелі свой дом, каб паважалася годнасьць, слова і думкі чалавека і каб жыцьцё нам прыносіла радасьць, каб гучэла наша беларуская песьня і мова і, як некалі, вярнулася б наша магутнасьць,шанаваньньне й павага ў сьвеце!
Будзьма ж добрымі адзін да аднаго, будзьма салідарнымі ў супольных справах на росквіт і гонар дарагой Беларусі!
Зянон Пазьняк
31 сьнежня 2005 года
ЦВК ПАЧЫНАЕ ПАЛІТЫЧНУЮ БАРАДЗЬБУ
22 сьнежня вечарам кіраўніку маёй Ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў сп.Папкову патэлефанаваў з ЦВК спадар Лазавік і бадзёра паведаміў, што мая група будзе зарэгістраваная, толькі трэба электронныя адрасы ўдзельнікаў групы.
Нараніцы 23 сьнежня ў кватэры старшыні ЦВК спадарыні Ярмошынай трывожна зазваніў тэлефон. Ноччу “адказныя па выбарах” прачыталі ў Сеціве маё паведамленьне пра “Народнае галасаваньне” і строга са спадарыняй Ярмошынай пагаварылі.
Дацкі авангард
25 сьнежня 2005 г. Дацкая газэта “Information” піша пра ўчорашнія мэмарыяльныя мерапрыемствы. У Міндэлюндэне непадалёк ад Капенгагена 24 сьнежня сабралася некалькі сотняў людзей на традыцыйную штогадовую сустрэчу моладзі і вэтэранаў дацкага Руху Супраціву. Мерапрыемствы пачаліся з выкананьня песьні “Сьцішыўся лес” у памяць герояў, што загінулі ў барацьбе супраць нямецка-фашыстоўскіх акупантаў. Потым перад моладзю выступіў Пэтэр Ільсёэ, вэтэран Супраціву. Ён сказаў: “Цяпер тым, хто змагаўся тады, усім больш за восемдзесят гадоў. Мы заўсёды будзем памятаць нашых сяброў, якія не дажылі да перамогі. Загінулі самыя лепшыя. Чытайце іхныя, выдадзеныя нядаўна лісты, што былі напісаны з турмы да іхных жонак і каханых. Вучыцеся ў іх мужнасьці і любові”.