Найважнейшыя палітычныя каштоўнасьці нацыі і дзяржавы

Як выразна засьведчыла гісторыя ўтварэньня нацыянальных дзяржаваў краінаў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы, якія доўгі час знаходзіліся пад прыгнётам трох імпэрыяў, найважнейшай, першаснай і абсалютнай каштоўнасьцю нацыі і дзяржавы зьяўляецца нацыянальная мова. Без абароны мовы, без яе культурнага і дзяржаўнага сцьвярджэньня, нацыя ня можа скансалідавацца. Адпаведна не ствараецца грунт для арганізацыі нацыянальнай дзяржавы і разьвіцьця нацыянальнай культуры; дзяржава ня ў стане ўмацавацца.

Нацыянальная мова – гэта першаснае пытаньне, пасьля вырашэньня якога пачынаюць нармальна “працаваць” усе аспэкты дзяржаўнага жыцьця, ад культуры да эканомікі.

Імпэрыя, асабліва тая, што практыкавала асімілятарскую палітыку, этнацыд і генацыд, найперш старалася ліквідаваць нацыянальную мову. Ідэалёгія і палітыка імпэрыі прыдумвала кавазі-ідэалягічнае абгрунтаваньне для забароны і зьнішчэньня чужой мовы, імкнулася масава стварыць перакананых носьбітаў імпэрскай мовы.

Калі імпэрыі ўдавалася ліквідаваць мову народа, тады ягоны этнас гінуў, асобная нацыя не ўзьнікала. Калі народ захоўваў сваю мову – ён разьвіваўся далей, здольны быў стварыць нацыянальную дзяржаву.
Гэтыя простыя ісьціны трэба нагадаць якраз цяпер, прымаючы пад увагу палітыку этнацыду і лінгвацыду, якую праводзіць вось ужо адзінаццаць гадоў прамаскоўскі акупацыйны рэжым на Беларусі.

Побач з абаронай незалежнасьці, для беларусаў цяпер няма больш важнага жыцьцёвага пытаньня, больш галоўнай задачы нацыянальнага і дзяржаўнага існаваньня, чым пытаньне абароны, зьберажэньня, распаўсюджаньня і дзяржаўнага сцьвярджэньня сваёй беларускай мовы. Гэта клопат нумар адзін, без заспакаеньня якога ня будуць вырашаныя ніякія іншыя пытаньні беларускага нацыянальнага дзяржаўнага жыцьця (у тым ліку і абароны незалежнасьці).

Становішча з мовай вымагае абавязковай нацыянальнай асьветы. Цяпер пра гэта мусяць рупіцца нацыянальныя арганізацыі, асьветнікі, энтузіясты, усе адказныя і адукаваныя беларусы. Потым (пасьля ліквідацыі антыбеларускага рэжыму) для нармалізацыі становішча вымагаецца асьветніцкая дзяржаўная палітыка.

Другой найважнейшай каштоўнасьцю беларускай нацыі зьяўляецца незалежная беларуская дзяржава. У разьвіцьці і ўмацаваньні беларускай дзяржавы ў цяперашнім часе я прапанаваў бы прытрымлівацца чатырох галоўных прыярытэтаў.

Першы – гэта абсалютны прыярытэт нацыянальнай адукацыі і навучаньня маладога пакаленьня. У сістэму навучаньня мусяць быць выдаткаваныя найбольшыя і прыярытэтныя сродкі. Мы мусім стварыць і забясьпечыць умовы для атрыманьня нацыянальнай адукацыі на вышэйшым узроўні сучасных дасягненьняў цывілізацыі. У высокаадукаваных беларусах – магутная будучыня беларускай дзяржавы.

Другім беларускім прыярытэтам павінна стаць зямля. Неабходна вырашыць пытаньне з уласнасьцю так, каб вярнуць беларускага земляроба на зямлю, зрабіць яго зацікаўленым уласьнікам, прадугледзець узровень рынку і збыту ягонай прадукцыі ў Беларусі, даць стымул да адраджэньня беларускай вёскі.
Трэцьці прыярытэт – сістэма нацыянальнай эканомікі, абапертая на рынкавыя дачыненьні. Арыентацыя на ўкараненьне і разьвіцьцё перадавых тэхналёгіяў.

Чацьвёртым прыярытэтам павінны стаць фундамэнтальная навука і культура. Нацыя павінна дбаць пра сваю творчую і вытворчую будучыню і забясьпечыць сабе (сваім грамадзянам) якасна высокі ўзровень існаваньня.
Нарэшце, унівэрсальнай і абсалютнай каштоўнасьцю для беларусаў зьяўляюцца яны самыя, сам беларускі народ. Палітыка беларускай дзяржавы, дачыненьні працы, уласнасьці, адукацыя, ідэалёгія і асьвета павінны спрыяць таму, каб беларус навучыўся любіць сябе, любіць сваё, беларускае, лепшае і народнае. Дзяржаўныя інстытуты мусяць спрыяць таму, каб умацавалася самапавага і пачуцьцё чалавечай годнасьці беларуса, гонар за прыналежнасьць да сваёй здольнай, працавітай і разумнай нацыі.

Зянон ПАЗЬНЯК. 6 лютага 2005 г, Нью-Ёрк

7 верасьня 2005

Раздрукаваць?Раздрукаваць?

13 траўня 2008

Падзеі і факты

5-11 мая 2008

САКАВІК – 2008

11-га красавіка, адбылася дрэнная падзея, якая па значэньні для народа роўная публічнаму парваньню Сьцяга зграяй Ціцянкова і зьняцьцю Пагоні з Дому Ўраду. Рэжым дэмантаваў помнік Багдановічу ў Менску пад выглядам пераносу ў іншае месца. ›››

НАРОДНЫ МЭМАРЫЯЛ КУРАПАТЫ

Крок за крокам, дзень за днём, ня гледзячы на цяжкасьці і разбурэньні, сакралізуюцца Курапаты, вырастаюць крыжы побач з соснамі, разьлягаецца хвойная ціша… Там, дзе пра памяць забітых сьведчыць мноства людзей, -- там зьяўляецца і жыве шчыры народны дух. Гэта якраз адбываецца ў Курапатах. ›››

НЕЗАЛЕЖНАСЬЦЬ ЯК ПРАЦЭС АДРАДЖЭНЬНЯ

Пад тэрмінам “незалежнасьць” мы разумеем стварэньне (альбо аднаўленьне) незалежнай дзяржавы. У абодвух выпадках гэта працэс, які вынікае з культурнай, эканамічнай і ўвогуле – з нацыянальнай і жыцьцёвай неабходнасьці. ›››

УЛАДА ЦЕМРЫ

У гэтым лісьце я пазначу некалькі тэмаў, істотных для нашай пазыцыі і палітычнае барацьбы.
Мы бачым, што антыбеларуская палітыка і перасьлед усяго беларускага ўзмацняюцца. Краінай ужо амаль 14 гадоў кіруе чужая агрэсіўная цемра. Мы бачым таксама паэтапны плян вынішчэньня асноваў культурнага існаваньня Беларускай нацыі. Гэты плян выконваецца мэтанакіравана і пасьлядоўна. Парадак, сэнс і зьмест яго выкананьня вышэйшы за інтэлектуальныя магчымасьці чалавека, у руках якога апынулася ўся ўлада ў Беларусі. Тым часам якраз ён зьяўляецца пасьлядоўным і адэкватным яго выканаўцам. Антыбеларуская фобія знайшла адпаведную парадыгму палітыкі, распрацаваную ў лубянскай Маскве. ›››

21-27 студзеня 2008

Ліст аб агульнай беларускай справе

  Цяпер назіраецца ўзмацненьне рэпрэсіяў антыбеларускага рэжыму супраць беларусаў. Але адначасна мацнее і нашае супраціўленьне. Каб вынікова змагацца, мы, усе грамадзяне і патрыёты Беларусі, мусім дакладна ведаць дзьве рэальнасьці: першая – хто наш непрыяцель, чаго ён хоча і што робіць; другая рэальнасьць – чаму мы змагаемся, супраць каго, чаго хочам дасягнуць змаганьнем.

  Выніковасьць нашай беларускай барацьбы будзе залежыць ад разуменьня гэтых рэальнасьцяў. ›››